Быць мамай – сапраўднае шчасце

Актуально Лента новостей Общество

У гэтыя залатыя кастрычніцкія дзянькі мы будзем адзначаць свята, якое датычыць кожнага з нас – Дзень маці. Дзень, у які мы з падзякай і любоўю ўспамінаем тых, хто даў нам жыццё, хто дапамагаў адкрываць таямніцы гэтага дзівоснага свету, хто падтрымліваў і аберагаў ад усіх цяжкасцей і праблем. Гэта нашыя любыя мамы, мамачкі, матулі…

Здаецца, такое кароткае і простае слова – мама,  але якім вечным сэнсам і жыццёвай энергетыкай яно напоўнена! Колькі ў ім любові, цеплыні і пяшчоты!  І кожная жанчына, якая спазнала мацярынства, ведае, што за ім стаяць  яшчэ і клопаты, перажыванні, бяссонныя ночы ў трывозе за сваіх дзяцей. Тым не менш яна  з упэўненасцю  адкажа, што быць маці – гэта сапраўднае і ні з чым непараўнальнае шчасце.

Згодныя з гэтым і маладыя мамы Алеся Чучва і Кацярына Кухарчык з аграгарадка Пагранічны. Алесю Генрыхаўну і Кацярыну Георгіеўну шмат што аб’ядноўвае: яны – аднагодкі, разам працуюць у КСУП “Пагранічны – Агра” (адна – эканамістам, другая –бухгалтарам), у іх сем’ях падрастаюць любыя сыночкі. У Алесі Генрыхаўны і яе мужа Дзмітрыя Уладзіміравіча іх трое -10-гадовы Мацвей, 4-гадовы Марк і 2-гадовы Максім, а ў сям’і Кацярыны Георгіеўны і Максіма Аляксандравіча Кухарчыкаў выхоўваюцца двое сыноў – 6-гадовы Дзяніс і Багдан, якому няпоўных тры гады. Менавіта дзеці – гэта тое, што надае сэнс іх жыццю, падкрэсліваюць матулі.

-Вельмі цікава назіраць, як хлопчыкі растуць, пазнаюць свет, яны дораць столькі пазітыўных эмоцый! – гаворыць Кацярына Кухарчык. – Ты бачыш у іх сваё прадаўжэнне, адчуваеш адказнасць за іх, а калі дзіця  робіць поспехі, ганарышся і радуешся ад усяго сэрца. Вельмі хочацца, каб дзеці выраслі здаровымі, каб дасягнулі тых мэтаў, якія паставяць перад сабою,  а мы, бацькі, будзем абавязкова падтрымліваць  і дапамагаць ім.

— Дзеці – гэта наша найвялікшая радасць, тое, дзеля чаго мы жывём, -упэўнена і Алеся Чучва. — Гэта вельмі хвалюючае адчуванне – трымаць на руках чалавека, якому ты сама дала жыццё, і разумець, што яго будучыня залежыць ад цябе.  Толькі стаўшы мамай, я зразумела, што самае вялікае шчасце любой жанчыны – у яе дзецях.І вельмі хочацца, каб у кожнай маці дзеці былі здаровыя, шчаслівыя і паспяховыя.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *