90-гадовы юбілей адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лявонцій Гулько

Лента новостей

“Мае гады – маё багацце”– кажа жыхар вескі Айцова, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лявонцій Паўлавіч Гулько. – Шкада, вядома,што яны “ляцяць” гэтак ужо хутка: не паспееш азірнуцца, а глядзіш – пастарэў яшчэ на “пяток”. Толькі ўсё, што пражыў, – тваё: час і вопыт, нястачы і нягоды, шчасце і радасць. І, самае галоўнае, унукі-праўнукі. У Лявонція Паўлавіча і яго жонкі Валянціны Рыгораўны тры ўнучкі, усе ўжо дарослыя, вывучыліся, падарылі бабулі з дзядулем праўнука з праўнучкай.
Пажаніўшыся ў 1954 годзе, Лявонцій Паўлавіч і Валянціна Рыгораўна пражылі доўгае і прыгожае сумеснае жыццё. Адзначылі залатое вяселле, а ў наступным годзе іх чакае брыльянтавы юбілей.
– Мы заўсёды клапаціліся адзін пра аднаго, – кажа мой субяседнік. – Так атрымалася, што ўсё жыццё і працавалі разам, сталы нават у кабінеце стаялі побач – я на Айцоўскім спіртзаводзе быў намеснікам бухгалтара, затым бухгалтарам, а мая Валянціна Рыгораўна – спачатку эканамістам, потым бухгалтарам. Тут, дарэчы, і пазнаёміліся, калі яна, малады спецыяліст, прыехала сюды на працу па накіраванні.
Даведваюся ад Лявонція Паўлавіча, што родам ён са Шчучынскага раёна. Яшчэ да вайны, у 1940-м годзе, пачаў працаваць на недалёкім ад яго роднай вёскі Пратасаўшчынскім спіртзаводзе. Толькі мірную працу хутка перарвала вайна. Салдатам яе стаў і Лявонцій. Яго мабілізавалі пасля вызвалення Шчучыншчыны, ужо ў пачатку 45-га. Прайшоў абучэнне ў Печах: там з іх, маладых хлопцаў, рыхтавалі кавалерыстаў. Праўда, паваяваць на перадавой не давялося, у складзе 32-га кавалерыйскага палка юнак трапіў на Украіну, дзе на Львоўшчыне ўдзельнічаў у ліквідацыі бандэраўскіх фарміраванняў.
– Там таксама была сапраўдная вайна, – успамінае былы салдат. – Прачэсвалі лясы, і кулю можна было “злавіць” у любы момант. Узброеныя бандэраўцы навязвалі жорсткія баі. Помню, як у час аднаго з іх загінулі адразу трое маіх сяброў… Вайну Лявонцій Паўлавіч закончыў байцом 422 стралковага палка ў маі 45-га. Яго святочны пінжак упрыгожваюць медаль “За перамогу над Германіяй” і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.
Ну, а дамоў былы салдат вярнуўся аж у жніўні 46-га: служыў тэрміновую ваенную службу. І вярнуўся зноў да свае мірнай даваеннай справы. Закончыў курсы ў Мінску і зноў прадоўжыў працаваць на Пратасаўшчынскім спіртзаводзе, а ў 50-я гады быў пераведзены ў наш раён, на Айцоўскі спіртзавод. Завочна закончыў у Мінску тэхнікум.
– У Айцове адпрацаваў 34 гады, а ўвесь стаж раўняецца 43,5 гадам, – падсумоўвае мой субяседнік. І дадае: – А ў маёй Валянціны Рыгораўны стаж яшчэ большы. Любілі мы сваю справу, адносіліся да яе акуратна, добрасумленна. У сям’і таксама жылі душа ў душу, не канфліктавалі, бераглі і шанавалі адзін аднаго. Былі маладзейшыя, дык і гаспадарку трымалі, ра­зам упраўляліся з усёй хатняй работай. Але ўжо сёмы год ідзе, як я адзін па хаце тэпаю: пасля інсульта злягла мая Рыгораўна. Сам даглядаю яе. Дзякаваць Богу, што на гэта ёсць яшчэ сілы.
У чацвер, 25 ліпеня, Лявонцію Паўлавічу споўнілася роўна 90 год. І да віншаванняў родных і блізкіх далучыліся старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Янкевіч. Яны прыехалі, каб пажадаць ветэрану моцнага здароўя і ўсяго самага добрага, уручылі падарунак і кветкі. Не застаўся ў баку і калектыў, у якім працаваў юбіляр.
З юбілеем Вас, паважаны Лявонцій Паўлавіч!
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *