2 мая – Вялікдзень (праваслаўная Пасха)

Лента новостей Тема недели

Дарагія браты і сёстры!

У гэты выдатны і святы дзень, напоўнены пасхальный радасцю і дзіўным святлом, сардэчна вітаем усіх Вас са святам Святога Уваскрасення!

ХРАСТОС УВАСКРЭС!

Пасха Гасподняя – яскравае сведчанне прамудрасці Божай і невымернай любові Творцы да чалавечага роду. Любоў выказвае  сябе ў здзяйсненні дабра бліжняму і ў гатоўнасці добраахвотна цярпець за яго цяжкасці, цеснату і нават пакуты.

Уваскрасенне Збавіцеля адчыніла чалавецтву дзверы ў Царства Нябеснае і напоўніла наша зямное быццё вечным сэнсам. Гасподзь дараваў Сябе ўсім веруючым у Яго як узор дабрадзейнасці і здабыў нятленне, каб услед за Ім ішлі ўсе, хто выратоўваецца. А для гэтага мы павінны ўжо тут, на зямлі, навучыцца дыхаць паветрам вечнасці, здымаючы з сябе старога чалавека з учынкамі яго (Кал. 3, 9), будуючы сваё жыццё згодна з Евангеллем і ўдзельнічаючы ў Таінствах Святой Царквы – наследніцы вялікіх абяцанняў Божых.

Вера ва Уваскрасенне Зба­віцеля гасіць полымя жыццёвых трывог і дазваляе ўзвысіцца над марнасцю свету, дапамагае адкідваць спакусы граху і пера­адольваць розныя страхі. У адказ на Бажэственную любоў мы пакліканы праяўляць “любоў ад чыстага сэрца, добрага сумлення і некрывадушнай веры” (1 Цім. 1, 5). У адказ на яго міласэрнасць – аказваць міласць людзям, якія вакол нас, і клапаціцца аб уладкаванні грамадскага жыцця ў адпаведнасці з высокімі евангельскімі ідэаламі.

У цяперашні няпросты час асабліва важна выкарыстоўваць любую магчымасць дзеля таго, каб удзельнічаць у сумеснай малітве, у набажэнствах і святых Таінствах, а найбольш – у Бажэственнай Еўхарыстыі, Якая злучае нас з Хрыстом і аднаго з адным. Важна падтрымаць тых, хто хворы і нямоглы, хто пазбавіўся сродкаў да існавання, хто не можа прыйсці ў храм. Акажам пасільную дапамогу тым, хто пакутуе, не пройдзем абыякава міма тых, кто патрабуе чалавечай спагады, увагі і клопату.

Дарагія, сардэчна віншуем Вас з вялікім святам Пасхі і жадаем Вам моцнага здароўя і шчодрасцяў ад Жыццядаўца Іісуса. Няхай міласэрны Гасподзь спадобіць усіх нас цясней злучацца з Ім у невячэрнім дні Царства Яго і радасна сведчыць:

ХРАСТОС УВАСКРЭС!

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС

ХРЫСТОС!

     Святары  Бераставіцкага благачыння



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *