“Бераставіцкія музыкі” на фестывалі сярэдневяковай культуры


Народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” раённага Дома культуры ў суботу 26 чэрвеня выступіў з канцэртам на V фестывалі сярэдневяковай культуры “Навагрудскі замак-2010”.
Нагадаем, што сёлета гэты адметны і ўжо дастаткова папулярны фестываль быў прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы—адной з найбольш масштабных, грандыёзных і эпахальных бітваў Сярэднявечча. Ідэю адзначыць юбілей Грунвальда ў старадаўняй сталіцы Вялікага княства Літоўскага Навагрудку выказаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Дарэчы, важнасць такой значнай гістарычнай падзеі, ён падкрэсліў і ў дзень урачыстага адкрыцця фестывалю. Дзякуючы гэтаму, традыцыйнае свята, якое раз у два гады праходзіць у Навагрудку пачынаючы з 2000 года, набыло новыя рысы і нацыянальнае значэнне.
Цікава, што выбар месца святкавання гадавіны апраўданы гістарычна. Менавіта тут у 1408 годзе тайна сустрэліся вялікі князь літоўскі Вітаўт і кароль Польшчы Ягайла, якія дамовіліся распачаць вайну супраць Тэўтонскага ордэну. Акрамя гэтага, сучасны Навагрудак ужо мае вопыт рэканструкцыі фрагментаў сярэдневяковай культуры—рыцарскіх паядынкаў, тагачаснага побыту, музыкі, танцаў і г.д.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел больш за 20 клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, а таксама калектывы сярэдневяковай музыкі і танцу з Польшчы, Чэхіі, Расіі, Літвы, Украіны. Сярод асноўных мерапрыемстваў свята—інсцэніроўка вядомай бітвы, беларускі этап адкрытага Кубка Еўропы па гістарычным фехтаванні, паказальныя выступленні рыцарскіх клубаў, кірмаш вырабаў старадаўніх рамёстваў, а таксама выступленне Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і г.д.
“Бераставіцкія музыкі” прадстаўлялі наш раён амаль дваццацімінутным выступленнем на галоўнай сцэне фестывалю ў рамках канцэртнай праграмы творчых калектываў Гродзенскай вобласці. Народныя песні ў выкананні бераставіцкіх артыстаў прагучалі шчыра, пранікнёна, задорна, закранулі слухачоў, як кажуць, “за жывое”.
Гісторыя, тагачасная і сучасная беларуская культура цесна перапляліся на фестывалі, які ў чарговы раз даказаў, што мы можам смела ганарыцца сваёй спадчынай.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *