Інтэнсіфікацыя вытворчасці – залог развіцця

Лента новостей

У нашай краіне нездарма робіцца стаўка на сельскую гаспадарку. Значныя крокі наперад, у прыватнасці, за апошнія дзясяткі гадоў IMG_0005 IMG_0013 IMG_0014зрабіла жывёлагадоўля.

Зараз у гаспадарках утрым­ліваецца пародзістая жывёла з выдатным генетычным патэнцыялам. Пры дастойным доглядзе і кармленні такія каровы здатныя на сапраўдныя цуды. У рэспубліцы ёсць некалькі сучасных малочнатаварных комплексаў, дзе надоі набліжаюцца да ізраільскіх, а тыя лічацца лепшымі ў свеце. Вучоныя-селекцыянеры зрабілі свой выдатны ўклад, далі вытворцам у рукі “вуду”, справа зараз за самімі гаспадарамі, каб яны маглі здабываць багаты “ўлоў”.
На старых фермах, вядома, трымаць такіх добрых каровак немэтазгодна, хаця там былі свае шматлікія перавагі. Напрыклад, мацыён і зялёная паша, а гэта вельмі важна для жывой істоты. Але каб малако давала добры прыбытак, неабходна інтэнсіфікацыя вытворчасці. На новых малочнатаварных комплексах значна скарацілася доля ручной працы і, адпаведна, менш патрабуецца аператараў. Ды і не сакрэт, што ў нялёгкую прафесію ідзе не так шмат жадаючых, таму з будаўніцтвам “палацаў для кароў” вырашылася і такая вострая праблема. Але тыя, хто працуе зараз, задаволены новымі ўмовамі. У СВК “Цецяроўка” адна з працаўніц малочнатаварнага комплексу “Рудаўляны” вельмі эмацыянальна расказала мне пра сваю маму, якая калісьці працавала даяркай на старой ферме. Сталая жанчына адразу нават уявіць не магла, што такое даільная зала, што не трэба схіляцца перад каровамі ў час дойкі, калі яны стаяць «на пастаменце», а праца аператара звялася ўжо толькі … да захавання гігіены вымя і аўтаматычнага даення. Былая даярка і ўявіць не магла, што такое магчыма. Таму сучасным вытворцам і карты ў рукі, пры старанні можна жыць, з пункту гледжання ветэранаў жывёлагадоўлі, прыпяваючы.
Што на Бераставіччыне зроблены значныя крокі наперад, пацвердзілі прадстаўнікі УП “ЛЕНОР” і прадстаўніцтва ў Беларусі французскай фірмы “Seva Sante Animale”. Яна ўваходзіць у дзясятку буйнейшых ветэрынарных кар­парацый свету. Галоўны ветурач УП “ЛЕНОР” Яўген Дарошчанка, з якім мы сустрэліся нядаўна ў СВК “Цецяроўка”, расказаў, што ў працэсе супрацоўніцтва з аграрыямі краіны ім даводзіцца бываць у розных раёнах, і наш вельмі выйграе пры параўнанні. Напрыклад, на комплексе “Рудаў­ляны” дояць зараз ад каровы ў сярэднім за суткі па 14,8 кілаграма малака, што на паўкілаграма больш, чым у такі ж час летась. Пры гэтым сярэднясутачны надой на карову па Гродзеншчыне – 13,6 кілаграма. Не гаворачы ўжо пра параўнанне з многімі гаспадаркамі рэспублікі. Дагэтуль ёсць яшчэ занядбаныя фермы, дзе дояць ад каровы і па некалькі кілаграмаў… А рэ­зервы для ўдас­ка­на­лення ва ўсіх ёсць, у бераставічан таксама.
Прыемна, што людзі на МТК “Рудаўляны” задаволены месцам сваёй працы, у іх ба­дзё­ры настрой. Прыгожую но­вую ферму відаць здалёк, тут ахайная агароджа, дагле­джа­ная тэрыторыя. Тэхнік па племянной справе Іна Кардаш (на здымку) зацікаўлена ў да­лейшых поспехах жывёлаводаў сельгаскааператыва. Тэхнік па штучным асемяненні жывёлы Аляксандр Якута (на здымку) таксама лічыць, што на комплексе ёсць добрыя магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу жывёлы. Аператар машыннага даення, шматдзетная мама Алена Будніцкая і яе родная сястра, таксама аператар Людміла Будніцкая, і аператар Алена Валько (на здымку) расказалі, што работа ім падабаецца.
Варта дадаць, што валавы надой у СВК “Цецяроўка” за 9 месяцаў гэтага года ў параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам павялічыўся на 521 тону і да­сягнуў 5896 тон. Так што да свай­го прафесійнага свята людзі падыходзяць з добрымі здабыткамі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *