Якая рэчка цячэ праз Вялікую Бераставіцу?

Из истории земли Берестовицкой Культура

Map IMG_4078 IMG_4090Большасці жыхароў Вялікай Бераставіцы амаль штодня даводзіцца мінаць возера, якое ляжыць амаль у цэнтры пасёлка, пераходзячы па мосце рэчку, альбо проста шпацыраваць у вольны час уздоўж берагоў вадаёма. На самой справе возера – гэта частка рэчкі, якая цячэ праз пасёлак, падзяляючы яго на дзве часткі. Некалі нашыя продкі штучна пашырылі ў гэтым месцы яе рэчышча, стварыўшы такім чынам адмысловы вадаём з дамбай. Былыя ўладальнікі мястэчка гадавалі там рыбу, а побач з вадаёмам круцілі свае колы вадзяны і паравы млыны.
Бераставічанка – такую наз­ву носіць сёння рэчка. Прынята лічыць, што гэта назва напрамую звязана з назвай мястэчка, якая, у сваю чаргу, паходзіць ад слова “бераст” (польск. brzost) – віда дрэва, часта сустракаемага ў нашай мясцовасці.
Вось тут і ўзнікае пытанне. А справа ў наступным. Падчас працы ў архівах я часта сустракаў дакументы 19 ст., дзе чорным па беламу напісана, што мястэчка ляжыць на рацэ Вішнеўцы, а не Бераставічанцы. Вёскі Старынцы, Леснявічы, Шаляпкі і Плюскалаўцы, згодна з архіўнымі дакументамі, таксама ляжаць пры Вішнеўцы. У той жа час фальваркі Паляжыно, Людвінова і вёска Эймінаўцы – каля ручая Кулікоўка, а вёска Бераставічаны разам з аднайменным графскім фальваркам, як сведчаць архівы, знаходзіцца на рацэ Бераставічанцы.
Адкуль жа ўзялася назва ”Вішнеўка”? Кропкі над літарай ”i” дапаможа паставіць звычайны тапаграфічны план. Безумоўна, лепш за ўсё падыходзяць для гэтага выданні з даваенных часоў, таму, як многія ручаі, асобныя пабудовы і іншыя тапаграфічныя арыенціры з цягам часу бясследна зніклі з мясцовасці. Аднак пры неабходнасці можна скарыстацца і сучаснай геаграфічнай картай. Разгледзеўшы яе, можна заўважыць, што рэчка, якая працякае ў выніку праз Вялікую Бераставіцу, бярэ свой пачатак ва ўрочышчы бліз вёскі Старынцы. Далей яна працякае ўздоўж лесу, у бок Белага Дворка і Бераставіцы. Некалі мясцовыя жыхары называлі гэты лес Вішневам. Так ён пазначаны і на даваенных планах. Менавіта ад гэтага ляснога масіву рэчка атрымала сваю назву. Гэты маляўнічы куток бераставіцкай зямлі ляжыць паміж вёскамі Старынцы, Леснявічы і Белы Дворак. Некалі лес быў уласнасцю графаў Касакоўскіх, якія выстаўлялі тут сваю варту. Магчыма, яго назва звязана з вішнямі, якія маглі расці на ўскрайку лесу.
Яшчэ ў 70-80-я гг. мінулага стагоддзя рака Вішнеўка была больш паўнаводнай і непараўнальна шырэйшай, а сёння хутчэй нагадвае ручай, які ў некаторых месцах можна нават пераступіць. Перад пасёлкам да ракі далучаецца некалькі дробных рачулак (ручаёў), у тым ліку і Бераставічанка. Месца, дзе яны збягаюцца ў адно рэчышча, жыхары пасёлка празвалі “Цёплым ключом”. Некалі вада тут была крысталічна чыстай і вабіла мясцовую дзетвару і рыбакоў.
За Бераставіцай рака з прыгожай назвай Вішнеўка (Бераставічанка) набірае моцы. Далейшы яе маршрут ляжыць праз Шаляпкі, Плюскалаўцы, Ёдзічы і Паплаўцы. На поўначы ад Галынкі яна ўпадае ў Свіслач.
Сяргей Лушчык,
г. Гродна

Фота Сяргея Хілюты



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *