Шчодры жнівень

Лента новостей

Паспяхова завершана жніво. Аграрыям раёна ёсць чым ганарыцца – валавы збор збожжа ў гэтым годзе склаў 80141 тону, у мінулым быў 74309. У бясспрэчных лідарах РУСП “Масаляны”. У іх у мінулым годзе было 3362 тоны, сёлета – 5066. У СВК “Алекшыцы” з 6908 тон валавы збор узрос да 8116 тон. Камбайнеры нашых гаспадарак у гэтым годзе не дапамагалі іншым раёнам. Усе справіліся сваімі сіламі.
А адразу пасля ўборкі пачынаецца клопат пра будучы ўраджай. Адпачываць і “расхалоджвацца” няма калі, сялянская праца патрабуе напружання.
Шмат залежыць ад якасці ворыва, захавання тэрмінаў сяўбы азімых.
На ўчастку “Паплаўцы” СВК “Малабераставіцкі элітгас” падчас нашага наведвання работа ішла зладжаным канвеерам. Механізатар Іван Якаўчук працаваў на ворыве, а Васіль Леська сеяў азімы рапс. Абодва працаўнікі карыстаюцца заслужанай павагай у гаспадарцы. Людзі мясцовыя, адгэтуль іх карані, нарадзіліся і выраслі яны на гэтай зямлі. Тут і працуюць, выхоўваюць дзяцей.
Іван працуе на трактары «МТЗ». Сваім “жалезным канём” механізатар задаволены, у добрых руках ён яго не падводзіць. А таму і норму трактарыст перавыконвае, ды і на якасць заўсёды звяртае ўвагу, каб глыбіня не менш за 22 сантыметры была. Поле роўнае, люба глянуць.
У Васіля ў гэты сонечны дзень адыходзячага лета настрой таксама быў добры і бадзёры. І нездарма – сеяў азімы рапс ён трактарам “Джон Дзір”. Тэхніка энерганасычаная, камфортная. Такую абы каму не давераць. Працаваць на такім трактары механізатару ў радасць. У дзень ён засейваў 50 і больш гектараў.
Старшыня гаспадаркі Анатоль Коханаў і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Таццяна Жэнгелевіч з павагай гавораць пра працу механізатараў. Ад іх якаснай і своечасовай работы ў многім залежыць чарговы ўраджай, а значыць, дабрабыт гаспадаркі.
На здымках: Іван Якаўчук, Васіль Леська.

Ніна НАДДЭ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *