У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Вялікай Бераставіцы выбар гурткоў разнастайны

Лента новостей

50 гурткоў самай рознай накіраванасці пачалі сваю працу ў гэтым навучальным годзе пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.п.В.Бераставіца. Як паведаміла дырэктар Цэнтра Людміла Носка, 10 з іх працуюць непасрэдна на базе самой установы дадатковай адукацыі, 39 – на базе школ раёна і 1 – у ДЮСШ.
Сёлета ў іх займаюцца 557 гурткоўцаў, што складае амаль 30% ад усіх вучняў 1 – 11 класаў раёна.
Прычым, адзначае Людміла Васільеўна, сорак працэнтаў гурткоў працуюць у выхадныя дні, што дазваляе забяспечваць занятасць дзяцей і падлеткаў у вольны ад вучобы час.
Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца гурткі мастацкай накіраванасці, выяўленчага і дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва, тэхнічнай творчасці і інтэлектуальнага развіцця.
Калі гаварыць непасрэдна пра Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, то на яго базе ўжо не адзін год дзейнічае вакальна-інструментальны ансамбль (кіраўнік У.М.Цыбулька), студыя выяўленчага мастацтва (кіраўнік Н.Р.Галавач), якія карыстаюцца ня-зменным поспехам і маюць сваіх пастаянных наведвальнікаў. Дарэчы, студыя выяўленчага мастацтва працуе ў дзве змены (для малодшай і старэйшай груп), што дае магчымасць весці дыферэнцыраванае навучанне. А з гэтага года пад кіраўніцтвам Н.Р.Галавач пачала працу і “Дызайн — студыя”, у якой гурткоўцы будуць спасцігаць новыя тэхнікі дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва. Яшчэ адзін новы гурток – “Мазаіка творчасці” (кіраўнік Ю.В.Каравай) – будзе вучыць сваіх наведвальнікаў пляценню з саломы, бісеру і паперы.
У тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць жаданне развіваць свае творчыя здольнасці, яшчэ ёсць магчымасць запісацца ў той ці іншы гурток Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, каб займацца цікавай дзейнасцю і праводзіць свой вольны час з карысцю.
Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *