У Старым Дворцы сябруюць з песняй

Лента новостей

У страдаўняй паркавай сядзібе “Стары Дворац”, якая лічыцца помнікам прыроды мясцовага значэння, тоненькім ручайком бяжыць Верацейка. Старыя людзі кажуць, што менавіта тут гэты прыток Свіслачы бярэ свой пачатак. Назва рэчкі і дала назву ансамблю Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці “Верацейцы”, удзельнікі якога ўжо трэці год радуюць прыхільнікаў сваёй творчасцю.
Несці культуру ў масы – сямейная справа Аляксандра і Алены Бутрылаў. Аляксандр – дырэктар Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці, Алена – мастацкі кіраўнік гэтай жа ўстановы. Разам яны імкнуцца разнастаіць вольны час аднавяскоўцаў, падтрымаць творча адораных дзяцей і дарослых, зрабіць так, каб культурнае жыццё ў аграгарадку біла ключом. І старадварэцкую аматарскую творчасць, у прыватнасці яе таленавітых прадстаўнікоў, у раёне добра ведаюць. Выступленні самадзейных артыстаў са Старога Дворца Наталлі Пучок, Аляксандра Пашко, Алены Іскрынаў, Віктара Уласава, Алега Булай, Вольгі Шымавалос і Марыі Носавай карыстаюцца папулярнасцю ў бераставічан. Яны – пастаянныя ўдзельнікі раённых мерапрыемстваў, выязных канцэртаў у суседнія раёны Гродзеншчыны. А сярод мясцовых дзяцей найбольш актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці – Надзея Лазарчык, Аляксандр Прэдка, Яна Пучок, Марыя Карвацкая, Ілля Пашко, Ілля і Ульяна Бутрылы, Крысціна і Алена Альховік. Сярод іх – наведвальнікі клуба аматараў гульні “Старадварэцкія пацехі”, гуртка мастацкага чытання, тэатральна-драматычнага гуртка “Эльфы” і інш.
Традыцыйнымі ў аграгарадку сталі тэатралізаваныя народныя святы – Масленіца, Каляды, Дажынкі, а таксама мерапрыемствы да дзяржаўных і прафесійных святаў, сумесныя ўрачыстасці з аграфірмай “Стары Дворац”, Старадварэцкім яслі-садам-базавай школай і Бераставіцкім сельвыканкамам.
Калектыў Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці з’яўляецца пераможцам раённых аглядаў-конкурсаў: дзіцячай песеннай творчасці, сямейнай творчасці, фальклорных калектываў, гульнявых праграм. Юныя ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Старадварэцкія пацехі” прадстаўлялі наш раён на абласным экалагічным фестывалі “Гамоняць пушчы беларускія” і занальным туры абласнога фестывалю “Панямоння жыватворныя крыніцы”. На базе старадварэцкай установы культуры неаднаразова праводзіліся раённыя семінары і школы вучобы клубных работнікаў. У мінулым годзе аграгарадок прымаў удзельнікаў раённага свята фальклору, гаспадарамі якога была мясцовая вакальная фальклорная група “Вечарына”.
Безумоўна, ініцыятарамі і непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх праводзімых культурна-масавых мерапрыемстваў, розных творчых праектаў з’яўляюцца Аляксандр і Алена. Іх прыгожыя, адметныя галасы адразу запамінаюцца тым, хто слухае выканаўцаў упершыню. А сярод аднавяскоўцаў і жыхароў Бераставіччыны ў Бутрылаў ужо ёсць нямала прыхільнікаў. Іх выступленні заўсёды адрозніваюцца задорам, энергетыкай, шармам. Яны ўмеюць наладзіць кантакт з публікай, завалодаць увагай слухачоў і не адпускаць, пакуль гучыць музыка. Нездарма канцэрты артыстаў са Старога Дворца на летняй пляцоўцы амфітэатра не раз прызнаваліся лепшымі. Усімі гэтымі якасцямі валодае і Наталля Пучок. Яе меладычны глыбокі голас таксама пакарае слухачоў. Аляксандр, Алена і Наталля – удзельнікі ансамбля народнай песні “Верацейцы”. Яны спяваюць народныя песні ў сучаснай апрацоўцы на чатырох мовах – беларускай, рускай, украінскай і польскай. З аранжыроўкай твораў і запісам фанаграм дапамагае яшчэ адзін удзельнік ансамбля, музыкант Дзмітрый Мацейка, які працуе ў Гродне, але родам са Старога Дворца. Аграфірма “Стары Дворац” і аддзел культуры райвыканкама набылі для творчага калектыву прыгожыя касцюмы. А самі артысты запісалі свой першы дыск, візітнай карткай якога з’яўляецца песня гродзенскіх аўтараў Валерыя Кручкова і Янкі Насуты “Верацейцы”. За час свайго існавання ансамбль пабываў з канцэртамі не толькі на сцэнічных пляцоўках нашага раёна, але і Ваўкавыскага, Свіслачскага і Лідскага раёнаў. Па апытаннях слухачоў ён быў прызнаны лепшым сярод удзельнікаў першага радыёфествалю “Песні плывуць над Бераставіччынай”, які праходзіў на працягу мінулага года па ініцыятыве рэдакцыі раённага радыё, раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры райвыканкама і райкама прафсаюзаў работнікаў культуры. Наперадзе ў артыстаў – новыя творчыя здзяйсненні і планы. Ну а пакуль, “Верацейцы” запрашаюць усіх прыхільнікаў сваёй творчасці ў нядзелю на справаздачны канцэрт, які адбудзецца на сцэне амфітэатра ў гарпасёлку. Прыходзьце – не пашкадуеце!
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *