У СВК імя Варанецкага ўбіраюць кукурузу

Лента новостей

img_7691Мы не ўяўляем свайго жыцця без плёну рук нашых аграрыяў. І хаця ранейшыя прылады працы даўно саступілі месца магутным жалезным “прыгажунам” і эфектыўнай “разумнай хіміі”, руплівасці працаўнікам сельскай гаспадаркі не займаць. А восень – своеасаблівы экзамен на “спеласць” не толькі запатрабаваным сельгаскультурам, якія праявілі свой патэнцыял, але і спецыялістам, і механізатарам, і вадзіцелям… Кожны з іх на сваім месцы клапоціцца, каб убраць вырашчанае своечасова і без страт. На гэтым тыдні надвор’е нарэшце “злітавалася” над намі, дажджы спыніліся, і ў сельгаскааператывах аднавіліся палявыя работы.
Адна з самых галоўных задач зараз для аграрыяў – уборка кукурузы. Гэтая культура самая запатрабаваная ў свеце пасля пшаніцы і рысу і нездарма. Ужо старажытныя індзейцы вобразна называлі яе “падарункам багоў” за залацісты колер пацерак зерня і энергію, якую яна дае. А сучасныя харчавікі вельмі шануюць кукурузу за тое, што яна багатая на антыаксіданты, каратын, бялок, алей, вітаміны і мінералы. Кукурузная мука, крупа, шматкі, палачкі, поп-корн знайшлі сваіх шчырых прыхільнікаў у самых розных краінах свету і нездарма. Вырабы з кукурузы смачныя і карысныя. Дыетолагі сцвярджаюць, што ўсяго 150 грамаў варанай кукурузы задавольваюць сутачную патрэбу арганізма ў вітаміне В1. А як прыемна ўспомніць любому з нас такі яскравы эпізод з дзяцінства: адвараны апетытны кукурузны пачатак, пасыпаны соллю, быў смачнейшы за цукерку!
У СВК імя Варанецкага пабываць заўсёды прыемна. Гэта сапраўдны флагман сельскагаспадарчай вытворчасці. Немалы клін тут пасеяны кукурузы на зерне – 400 гектараў, а ўсяго ў раёне пад умацаванне збожжавай скарбонкі “каралевай палёў” адведзена 2493 гектары.
Кожны год камбайнер сельгаскааператыва Антон Іядкоўскі (на здымку ўверсе) паказвае сябе сапраўдным майстрам сваёй справы ў час уборкі. Хутка, якасна і без страт убірае ён збожжавыя, а зараз кукурузу на зерне. Сваім камбайнам “Лексіён” з адмысловай жняяркай ён вельмі задаволены. А ўборка, як кажуць у гэтым сельгаскааператыве, гэта “яго стыхія”. Дарэчы, сваё жыццё працавіты чалавек уяўляе толькі ў сельскай мясцовасці, дзе нарадзіўся і вырас. У маладосці, пасля службы ў арміі, юнак спрабаваў працаваць у Гродне на заводзе, але тлумны цэх і аднастайная механічная работа яго “далёка не ўразілі”. Зусім іншае – родныя маляўнічыя прасторы, свежае паветра, сіняе неба і залатое поле, якое пераліваецца сапраўднымі хвалямі пад гарэзлівым ветрыкам. А кукурузныя палеткі маюць сваю адметную прыгажосць – экзатычны лес стаіць стройнымі радамі, радуе вока. І людзям, і жывёле аддасць магутная расліна сваю карысць і назапашаную “сонечную” энергію.
img_7704У нашай краіне “каралева палёў” незаменная ў жывёлагадоўлі. А за мяжой з рэшткаў сцябла нават вырабляюць паперу.
Намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка пазнаёміла мяне яшчэ з адным прадстаўніком “моцнага звяна”, які таксама паказвае сябе з самага лепшага боку ў восеньскіх клопатах. Дзмітрый Грышчанка (на здымку ўнізе) – прыезджы, з далёкага Казахстана, але ў нашых мясцінах ужо добра адаптаваўся. На адвозцы кукурузнага сіласу, за штурвалам свайго трактара МТЗ-1523, а таксама ПІМа ён адчувае сябе ўпэўнена, стараецца. І якія б ні былі зараз самыя розныя меркаванні пра калектыўную ўласнасць, у моцных гаспадарак ёсць будучае. Сюды прыязджае моладзь, аграрыі жадаюць тут жыць і працаваць, гадаваць дзяцей, каб і потым зямля была ў парадку, дагледжаная і выпеставаная чулымі рукамі нераўнадушных людзей…

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *