У СВК “Макараўцы” прайшоў раённы семінар па жывёлагадоўлі

Лента новостей

У СВК “Макараўцы” нядаўна адбыўся раённы семінар па жывёлагадоўлі. На малочнатаварным комплексе “Лішкі” дойны статак складае 500 кароў, а ўсяго тут утрымліваецца каля 1100 галоў буйной рагатай жывёлы. Усюды чысціня, парадак. Даенне вядзецца айчыннай устаноўкай “Александрыя”. Загадчыца Марыя Ганчар – вопытны спецыяліст, прыкладвае ўсе намаганні, каб калектыву па плячу былі важныя задачы. А яны няпростыя – у наступным годзе ў гаспадарцы плануюць атрымліваць малако “экстра”.
Малочнатаварны комплекс “Макараўцы” – таксама вялікі аб’ект. Жывёлы тут прыкладна столькі ж, як і ў “Лішках”. Удзельнікі семінара паглядзелі лабараторыю, дзе працуе лабарант Яніна Зайко. Тэрыторыя тут агароджана. На сучасную ферму не павінны заходзіць пабочныя асобы, і нельга, каб трапляла дзікая жывёла, напрыклад, лісы, якія могуць разносіць шаленства. Аб забяспечанасці лекамі паведаміў галоўны ветурач гаспадаркі Іван Сарока. Прымаюцца адпаведныя меры па прафілактыцы захворванняў.
А на ферме “Спецгас” вырошчваюцца цялушкі для ўзнаўлення статка. Параметры захоўваюцца. Нядаўна было ўведзена ў эксплуатацыю новае памяшканне на 340 галоў. Працуе тут добры калектыў. 6 чалавек дашлядаюць 1300 галоў.
У СВК “Макараўцы” нарыхтавалі дастаткова кармоў добрай якасці. У гэтым годзе тут плануюць надаіць 6600 кілаграмаў малака ад каровы, больш, чым ў мінулым.
Вядома, задачы перад гаспадаркамі раёна стаяць няпростыя. Год яшчэ не закончыўся, але ўжо можна меркаваць пра яго вынікі. За 10 месяцаў ні адна вобласць у рэспубліцы не выканала заданне па вытворчасці малака (па да-дзеных газеты “Белорусская нива”) . Пры запланаваным тэмпе росту 115,2% па рэспубліцы атрымалася толькі 100,3%. А вытворчасць такой сыравіны для нашай краіны – стратэгічная задача. Аднак па краіне ўзроўню 2010 года не дасягнулі 52 раёны. Сярэдні надой ад каровы за 10 месяцаў склаў 3642 кілаграмы. У нашым раёне для параўнання такі паказчык – 5440 кілаграмаў. Таму можна зрабіць выснову – дзе стараюцца, там і маюць. Будзем спадзявацца, што і СВК “Макараўцы”, і іншым гаспадаркам раёна ў жывёлагадоўлі пры старанні калектываў будзе спадарожнічаць дынамічнае развіццё. Дастаткова ўспомніць, што і малака “экстра” раней не было, пачало з’яўляцца яно на Бераставіччыне ў 2009 годзе. А зараз – гэта рэальная задача для паспяховых вытворцаў.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *