У СВК “Макараўцы” найбольш рэнтабельныя — рапс і малако

Лента новостей

es2132664У СВК “Макараўцы” падведзены вынікі работы за мінулы год, вызначаны задачы на перспектыву. У полі зроку тут павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, далейшае дынамічнае развіццё. Валавы збор збожжавых і зернебабовых разам з кукурузай у вазе пасля дапрацоўкі ў мінулым годзе тут дасягнуў 14076 тон, што на 10,6 працэнта больш, чым у 2013 годзе. Найбольшую ўраджайнасць далі азімая пшаніца – 61,1 цэнтнера з гектара, трыцікале – 46,6 цэнтнера з гектара, кукуруза – 75,4 цэнтнера з гектара, рапс – 37 цэнтнераў з гектара. Урадзілі таксама буракі – салодкія карані далі 558 цэнтнераў з гектара, іх сабралі 33529 тон, што на 6,5 працэнта больш, чым пазалетась.
Валавы надой дасягнуў 8807 тон, рост у параўнанні з 2013 годам склаў 107,9 працэнта. На 85 кілаграмаў у параўнанні з пазамінулым годам павялічыўся і надой на карову – за год тут атрымана 5475 кілаграмаў. Вышэйшым гатункам здадзены 91 працэнт малака.
Рост прадукцыі раслінаводства дасягнуў 107 працэнтаў, жывёлагадоўлі – 104,6. Вытворцы тут не стаяць на месцы. Яны імкнуцца пераўзысці сваю ранейшую планку.
Прыбытак у гаспадарцы дасягнуў 5 міль­ярдаў 102 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць ад рэалізацыі ўсёй прадукцыі склала 6,1 працэнта. Найбольш рэнтабельнымі сталі рапс – 41,1 працэнта і малако – 19,7 працэнта.
Вядома, гаспадарыць у сённяшніх эканамічных умовах вельмі няпроста. Зношваецца тэхніка, даражэюць запчасткі, растуць цэны. Гэта ўскладвае свой пэўны адбітак на аграрную вытворчасць.
Замацаваць кадры на вёсцы можна добрым жыллём. Каштуе яно на сённяшні дзень вельмі дорага. У 2014 годзе ў СВК “Макараўцы” былі здадзены два добраўпарадкаваныя дамы для працаўнікоў. Вядома, гэта выдатны стымул старанна працаваць.
Зараз у гэтай гаспадарцы, як і ў іншых на Бераставіччыне, рыхтуецца тэхніка да сяўбы.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *