У РСУП “Алекшыцы” падвялі вынікі работы ў жывёлагадоўлі

Лента новостей

Нядаўна ў РСУП “Алекшыцы” адбылося падвя­дзенне вынікаў работы ў жывёлагадоўлі за мінулы год і ўшанаванне працаўнікоў гаспадаркі. Тут традыцыйна займаюцца вырошчваннем збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, бульбы, цукровых буракоў, забяспечваюць патрэбу ў якасных кармах, а таксама робяць стаўку на вытворчасць малака і мяса.
Гаспадарка вызначаецца стабільнай работай. Валавы збор збожжавых і зернебабовых, кукурузы ў вазе пасля дапрацоўкі склаў летась 8149 тон. Парадавалі цукровыя буракі – іх сабралі 15068 тон, што на 6616 тон больш, чым у 2015 годзе. Насенне перспектыўных гатункаў, добры догляд і спрыяльнае для караняплодаў надвор’е дапамаглі атрымаць добры ўраджай. Для патрэб жывёлагадоўлі нарыхтавалі 13044 тоны сенажу, 1251 тону сена, 28683 тоны сіласу. Калектыў працуе зладжанай дружнай камандай, таму і трывалыя вынікі ёсць. Тут ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень.
Жывёлагадоўчая галіна вельмі важная для ўмацавання дабрабыту гаспадаркі. У 2016 годзе ў сельгаспрадпрыемстве атрымана 8819 тон малака, што на 321 тону больш, чым у 2015 годзе. Ад каровы ў сярэднім надаілі 8644 кілаграмы малака, важкі “плюс” склаў 156 кілаграмаў. Такім выдатным паказчыкам можна ганарыцца. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы дасягнула 1976 тон.
У полі зроку ў РСУП “Алекшыцы” – захаванне заканадаўства аб працы, ахова працы, пастаянны шчыры клопат аб людзях. Сярэдняя зарплата за мінулы год тут — каля 700 рублёў, выплачваецца яна ў вызначаны калектыўным дагаворам тэрмін. У сельгасарганізацыі імкнуцца рухацца наперад, планамерна павышаць эфектыўнасць працы.
У час падвядзення вынікаў у адрас працаўнікоў гаспадаркі прагучала шмат добрых і ўдзячных слоў, усе яны атрымалі прэміі. Пераможцы спаборніцтва сярод жывёлаводаў атрымалі прэміі і каштоўныя падарункі. Дастойна быў адзначаны таксама ўклад тэхніка-асеменатара Яна Эйсманта і жывёлавода Віктара Грабнёва.
Прыемны настрой працаўнікам стварылі “салодкі стол” і цудоўны вечар адпачынку з гульнямі і танцамі. Мерапрыемства пакінула самыя лепшыя ўражанні і запомніцца надоўга. Такая шчырая даніна павагі за сумленную працу з’яўляецца выдатным стымулам для далейшых здабыткаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *