У РСУП “Алекшыцы” адсвяткавалі “Зажынкі”

Сельское хозяйство

У чацвер, 27 ліпеня”, у РСУП “Алекшыцы” ўрачыста распачалі ўборачную кампанію – у гэты дзень у гаспадарцы адсвяткавалі “Зажынкі”.
Ля поля, дзе каласілася спелае зерне, сабраліся кіраўніцтва і работнікі сельгаспрадпрыемства, удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон, а таксама мясцовыя святары – айцец Сергій Гмір і ксёндз Андрэй Казлоўскі.
Па народнай традыцыі, старэйшыя жанчыны ў нацыянальных касцюмах зажалі першы сноп – сімвал багатага жніва, упрыгожылі яго і ўрачыста ўручылі гаспадару – старшыні РСУП “Алекшыцы” Валерыю Паўлюкевічу. У сваю чаргу Валерый Эдуардавіч даў наказ усім шчыра працаваць на жніве, каб без страт сабраць вырашчаны ўраджай.
Не толькі для ўдзельнікаў жніва, але і для ўсіх работнікаў гаспадаркі былі падрыхтаваны святочныя караваі.
Святары памаліліся за добры ўраджай, асвяцілі поле, тэхніку і благаславілі ўдзельнікаў жніва, а таксама аб’ехалі склады, зернесушылкі, фермы, каб ахінуць малітвай і Божым бласлаўленнем ўсіх працаўнікоў гаспадаркі.
Святочнае мерапрыемства, падрыхтаванае адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства з удзелам работнікаў філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Алекшыцы падарыла ўсім цудоўны настрой і заахвоціла да шчырай працы, тым больш, што ў гэты дзень у гаспадарцы закончылі ўборку рапсу, які парадаваў добрай ураджайнасцю, і пачалі малаціць ячмень.
Ірына МІКЛАШ, фота Валерыя Казімірчыка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *