У раённым Доме культуры г.п. Вялікая Бераставіца асноўная ўвага надаецца арганізацыі вольнага часу моладзі

Лента новостей

Згодна з пратаколам даручэнняў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры пры раённым Доме культуры створаны аддзел па рабоце з моладдзю. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што ў нашай краіне значная ўвага надаецца пытанням развіцця маладзёжнай палітыкі, у тым ліку забеспячэння актыўнага адпачынку падлеткаў і моладзі, выяўлення і падтрымка іх творчых здольнасцей, фарміравання культуры вольнага часу. На рэалізацыю якіх задач, у сувязі са стварэннем аддзела, работнікам раённага Дома культуры давядзецца зрабіць асноўны ўпор, а таксама ў цэлым аб рабоце гэтай установы, расказвае яе дырэктар Юрый ЗАЯЦ:

— Якія новыя магчымасці стварэнне аддзела дае вам, работнікам РДК, у сваёй рабоце, і, з другога боку, як гэта паўплывае на вольны час мясцовай моладзі?
—Нельга сказаць, што работа з моладдзю ў нас раней не праводзілася. Падлеткам ці працуючай моладзі ў РДК заўсёды адчынены дзверы. І тыя з іх, хто любіць творчасць, не баіцца праяўляць ініцыятыву і актыўнасць, смела рэалізуе свае здольнасці, добра вядомыя мясцовым жыхарам як яркія ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Са стварэннем аддзела, які, дарэчы, узначальвае Ірына Салавей, у штат РДК дадаткова ўведзены пасады культарганізатара, кіраўніка гуртка і рэжысёра. А гэта дазволіла нам разнастаіць напрамкі гуртковай дзейнасці, пашырыць спектр паслуг. Пры аддзеле створаны гурток ігры на акустычнай гітары “Акорд”, аматарскае аб’яднанне гітарыстаў “Віртуоз”, а таксама ўзноўлены заняткі гурта “СХІЛ” у новым складзе. Наведаць іх, дарэчы, запрашаем усіх жадаючых.
Зразумела, што сваю работу спецыялісты аддзела ажыццяўляюць і ў далейшым больш актыўна будуць праводзіць у цесным узаемадзеянні з аддзеламі па справах моладзі, адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, унутраных спраў райвыканкама, маладзёжнымі і дзіцячымі аб’яднаннямі, словам, з усімі зацікаўленымі структурамі. Бо мэта сёння ва ўсіх, лічу, адна—практычная падтрымка маладзёжных ініцыятыў, садзейнічанне духоўнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, прафілактыка асацыяльных з’яў у маладзёжным асяродку.
— Дзейнасць створанага ад-дзела толькі пачынае наладжвацца. На што ў перспектыве будзе зроблены акцэнт?
—Сапраўды, мы пакуль толькі ў пачатку гэтага шляху.
Цяпер распрацоўваецца план мерапрыемстваў на будучы год, дзе мы павінны прадугледзець згодна з існуючым Палажэннем аб аддзеле па рабоце з моладдзю арганізацыю дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў, клубаў па інтарэсах, гурткоў, студый і іншых маладзёжных фарміраванняў, правядзенне аглядаў, фестываляў, конкурсаў, акцый, дыскатэк, мерапрыемстваў для моладзі з выкарыстаннем выязных форм работы, забеспячэнне ўдзелу творчых маладых людзей у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, аказанне дапамогі ў правядзенні семінараў, канферэнцый, злётаў, майстар-класаў і шэраг іншых праектаў.
—Юрый Яўгеньевіч, пагаворым у цэлым аб дзейнасці калектыву РДК у гэтым годзе. Якія напрамкі работы сёлета былі прыярытэтнымі?
—Наша работа бачна ўсім. За год мы правялі шмат мерапрыемстваў. Гэта канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні, гульнявыя праграмы і іншыя культурныя і забаўляльныя праекты. Немалаважны сёння паказчык— выкананне плана платных паслуг. Калектывам РДК за 11 месяцаў аказана платных паслуг на суму звыш 51 мільёна рублёў пры гадавым плане—47 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Такое перавыкананне плана дасягнута за кошт актывізацыі работы па правядзенні канцэртных праграм да прафесійных святаў арганізацый і прадпрыемстваў пасёлка, выязных канцэртаў за межы раёна, дзіцячых і рэтра-дыскатэк, вясельных абрадаў-сустрэч, гульнявых праграм для пачаткоўцаў і г.д.
—Ведаю, што цяпер вы актыўна рыхтуецеся да навагодніх ранішнікаў…
—Гэта так. Акрамя галоўнага раённага навагодняга свята для дзяцей—дабрачыннай Ёлкі і святочнага прадстаўлення на плошчы райцэнтра ў пераднавагодні вечар, нам неабходна будзе правесці 8 ранішнікаў на платнай аснове па заяўках устаноў адукацыі.
— Што сёння прапануе РДК жыхарам пасёлка?
—Перш за ўсё, запрашаем у нашы гурткі, аб’яднанні, самадзейныя аматарскія калектывы, дзе кожны жадаючы знойдзе для сябе занятак па душы і здольнасцях. Пры Доме культуры дзейнічаюць 19 разнастайных клубных фарміраванняў і калектываў, з іх 6—для дзяцей. Дарэчы, хто не ведае, у нас змяніўся графік работы. Цяпер РДК працуе з 11 да 20 гадзін у будні (акрамя панядзелка) і ў выхадныя дні.
—У гэтым годзе ці даводзілася ўдзельнічаць у абласных конкурсах, фестывалях, іншых цікавых праектах?
—Так. Наш кіраўнік гуртка аддзела па рабоце з моладдзю Сяргей Хілюта стаў трэцім на абласным адкрытым конкурсе аўтарскай песні “Новае пакаленне” ў Зэльве, а нядаўна ён жа ўдзельнічаў у кастынге маладых выканаўцаў эстраднай песні, наладжаным прадзюсарскім цэнтрам “Этна” АМЦ НТ. Народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” стаў лаўрэатам ІІІ ступені на абласным фестывалі “Зай-грайце, музыкі!” у Лідзе. Гэты ж калектыў сёлета двойчы пабываў з выступленнямі ў суседняй Польшчы, дзе “Бераставіцкіх музык” ужо добра ведаюць і часта запрашаюць на фестывалі і культурныя мерапрыемствы.
—Дзякуй за гутарку.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *