У працоўнай кніжцы – адзін запіс

Лента новостей

IMG_1905Слесар вытворчага цэха “Бера­ставіца” ААТ “Малочны Мір” Вадзім Гардзейка (на здымку) – наш зямляк, нарадзіўся ў вёсцы Клепачы на Бераставіччыне. У сялянскай сям’і было трое дзяцей, маці працавала свінаркай, бацька вадзіцелем. Як і ўсе ў вёсцы, людзі трымалі хатнюю гаспадарку, а працавіты хлопчык змалку ва ўсім стараўся дапамагчы. Ён любіў майстраваць, цікавіўся тэхнікай. А калі закончыў 8 класаў, паехаў у Оршу вучыцца на слесара, бо гэты занятак яму быў па душы. Майстры вытворчага навучання стараліся зацікавіць вучняў, наглядна паказаць, якія адмысловыя і тонкія сакрэты ў гэтай прафесіі. Ні адно абсталяванне не будзе надзейна працаваць, калі не адносіцца да яго беражліва. Тут важная менавіта дакладнасць, часам да міліметра, каб і вялікі механізм працаваў так зладжана, як і маленькі гадзіннік, які ніколі не падводзіць свайго гаспадара. А на вытворчасці збоі недапушчальныя, бо гэта адбіваецца на працы многіх людзей і парушае зладжаны канвеер. Дапытлівы юнак разумеў, што гэта яго стыхія, а такая работа “з жалезам”, якое часам патрабуе да сябе амаль ювелірных адносін, сапраўдная справа яго жыцця. Выбар быў зроблены адзін раз і назаўсёды, і час пацвердзіў, што ён быў правільны.
Накіравалі на працу хлопца на тагачасны Бераставіцкі масласырзавод у 1979 годзе. Ехаў ён сюды з ахвотай, бо хацелася быць бліжэй да роднай хаты і бацькоў.
Вадзім Мікалаевіч успамінае, што выпускалі тады на прадпрыемстве сыр, масла і тварог “Дыета”. Той смачны “хатні” тварог памятаюць, думаецца, і многія жыхары гарадскога пасёлка. Далёка везці яго было не трэба, ён адразу паступаў у продаж. Свежы, з буйным белым зернем, апетытны тварог быў сапраўдным нашым бераставіцкім мясцовым прадуктам. Нават прыезджым ён падабаўся больш, чым прывазны гарадскі. А вось абсталяванне тады на масласырзаводзе было зношанае, састарэлае, часта псавалася. Самі слесары яго часта і рамантавалі, а маладога калегу па ходу дзеяння вучылі не толькі рамантаваць, але і пільна сачыць, дзе што можа “падвесці”. Добрым словам успамінае Вадзім Мікалаевіч свайго выдатнага настаўніка, былога работніка масласырзавода Івана Барысавіча Коніка, які яго многаму навучыў. Той разумеў, што старанны хлопец будзе добрай заменай вопытным работнікам, раскрываў яму сакрэты запатрабаванай прафесіі. Зразумела, што не адразу ўсё ўдавалася, бо патрэбны былі пэўныя навыкі, але тлумачэнні майстра “падалі на ўдзячную глебу”.
З таго часу прайшло нямала гадоў. Няма ўжо складаных выпадкаў, аўральных сітуацый, бо своечасовая мадэрнізацыя дазваляе працаваць бесперабойна. Цэх прыняў сучасны выгляд, абсталяванне каштуе вельмі дорага, але добра і служыць. Ды і сам інструмент слесара значна змяніўся з таго часу. Традыцыйныя прылады выкарыстоўваюцца ра­зам з адмысловымі, пры першым поглядзе на якія нават адразу і не здагадаешся, што для чаго прымяняецца, а галоўнай задачай такога спецыяліста стаў пастаянны нагляд за тым, як эксплуатуецца абсталяванне. У той дзень, напрыклад, калі мы гутарылі, Вадзім Мікалаевіч перабіраў змяшальнік для вады для мыйкі абсталявання, сачыў за фільтрамі, а таксама займаўся іншымі відамі работ, дзе была патрэбна яго тэрміновая дапамога.
Пры такіх “залатых руках” і ў сваёй кватэры чалавек усё заўсёды рамантуе сам.
— З камунгаса сантэхніка ні разу не выклікалі? – пажартавала я.
— Не! – усміхнуўся Вадзім Мікалаевіч. – Навошта мне гэта? Усё што спатрэбіцца, цэлае жыццё раблю сам.
Добра і ўсёй сям’і пры такім адмысловым майстры. Дзеці ў Вадзіма Мікалаевіча выраслі, пайшлі ўжо на свой хлеб. Дачка стала банкаўскім работнікам, сын-вадзіцель ездзіць у дальнія рэйсы.
На выхадныя любіць Вадзім Мікалаевіч з’ездзіць у родную маляўнічую вёсачку да мамы. Тая таксама задаволена, што сын так добра рэалізаваўся ў любімай прафесіі, бо праца яго для такой важнай вытворчасці па–сапраўднаму незаменная.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *