У Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе прайшоў адзіны дзень інфармавання “ШАГ”

Лента новостей Общество

Чарговая цікавая сустрэча прайшла ў Пархімаўскім яслях-садзе — базавай школе ў рамках адзінага дня інфармавання “ШАГ” для навучэнцаў 8—9 класаў на тэму “Ганаруся сваімі землякамі”. Дзеці мелі магчымасць сустрэцца са сваім земляком, ганаровым грамадзянінам Бераставіцкага раёна, лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”, аўтарам кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, навуковым супрацоўнікам музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалаем Пацэнкам.

На мерапрыемстве гаворка ішла пра герояў Беларусі. Навучэнцам быў прапанаваны відэаролік, які коратка асвятляў біяграфію ўсіх 11 герояў нашай краіны.

Школьнікі даведаліся, што па выніках 2019 года прысуджана пяць прэмій “За духоўнае адраджэнне”. Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.  З пачуццём гонару спыніліся на тым, што і наш зямляк Мікалай Пацэнка – лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”.

Таксама абмеркавалі беларускую навуку, паразважалі, што можна зрабіць для паляпшэння яе паказчыкаў, і ўспомнілі, чаго мы дасягнулі на дадзеным этапе нашага развіцця.

У час сустрэчы Мікалай Іванавіч расказаў дзецям пра свае школьныя гады, пра навучанне на філалагічным факультэце БДУ імя Леніна. Уразіла, што куратарам яго групы быў беларускі паэт Ніл Гілевіч. Узгадаў Мікалай Іванавіч  і само ўручэнне прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Дзеці мелі магчымасць убачыць фотаздымак, на якім ён атрымоўвае ўзнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка.

Падчас сустрэчы са знакамітым земляком навучэнцы актыўна задавалі пытанні, на кожнае з якіх хлопцы і дзяўчаты атрымлівалі вычарпальныя адказы, парады і рэкамендацыі. Акрамя таго, Мікалай Іванавіч пажадаў школьнікам стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Падкрэсліў, што ад іх актыўнай жыццёвай пазіцыі  залежыць не толькі асабісты дабрабыт, але і росквіт роднай Беларусі.

Святлана ВОЙШЭЛЬ, класны кіраўнік 8 класа Пархімаўскага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *