3 сакавіка ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы прайшоў рэгіянальны музейны экалагічны конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучыня”, арганізатарамі якога выступілі Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы і грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Адкрыў мерапрыемства навуковы супрацоўнік музея Вавёркі Мікалай Пацэнка, які прывітаў гасцей на бераставіцкай зямлі, прадставіў журы і ўдзельнікаў конкурсу.
Як расказала дырэктар Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская, гэты конкурс праводзіцца ўжо ў 10 раз. Спачатку ён ствараўся як музейны конкурс для школ горада Масты, затым да яго сталі далучацца ўстановы адукацыі Мастоўскага раёна, а праз некалькі гадоў ён стаў рэгіянальным, удзел у якім ужо прынялі многія раёны Гродзенскай вобласці. У мінулым годзе вучні Малабераставіцкай сярэдняй школы ўдзельнічалі ў міжраённым экалагічным конкурсе, які праходзіў на базе Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”, а ў гэтым годзе конкурс прыняў музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы.
У конкурсе, які прывівае любоў да роднай прыроды і дапамагае шукаць шляхі вырашэння экалагічных праблем, актуальных для нашага рэгіёну, у гэты раз прынялі ўдзел пераможцы раённых этапаў — экалагічны атрад “Вясёлка” Мілявічскага ясляў-сада-сярэдняй школы Мастоўскага раёна і экалагічны атрад “100%” Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы.
Напачатку каманды прадставілі свае візіткі, расказалі аб экалагічных акцыях, у якіх яны ўдзельнічаюць. Затым яны дэманстравалі свае экалагічныя веды ў віктарыне, пазнавалі птушку па апісанні, адгадвалі расліны з гербарыю. Бадай, самымі захапляльнымі этапамі сталі конкурс экалагічнай моды “Чысты свет”, у якім каманды прадставілі мадэлі адзення з бытавых адыходаў, а таксама музычны конкурс, у якім яны прадэманстравалі свае творчыя здольнасці.
Паміж спаборніцтвамі юныя эколагі з цікавасцю паглядзелі відэафільм “Жаўрук-смяцюх. Птушка 2017 года”, а таксама прэзентацыі “Як назіралі за птушкамі ў мінулым” і “Як назіраюць за птушкамі цяпер”, якія прадэманстраваў арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі, рэдактар сайту “Птушкіштодня”.
Па выніках конкурсу каманды-ўдзельнікі набралі аднолькавую колькасць балаў і раздзялілі такім чынам перамогу. Яны атрымалі граматы і невялікія падарункі ад арганізатараў экалагічнага конкурсу, а старадварэцкіх школьнікаў запрасілі абавязкова наведаць музей “Лес і чалавек” у Мастах.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара