У Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы паказваюць кіно

Лента новостей

афішаУ Музеі Вавёркі паказваюць кіно … і не проста кіно, а лепшыя беларускія фільмы разнастайных праграм  фестывалю Cinema Perpetuum Mobile — 2016.

– Паказы адбываліся ўжо двойчы, па пятніцах, – расказвае галоўны захавальнік фондаў Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Яўген Волкаў. – Мерапрыемства гэта бясплатнае, пачынаецца ў восем гадзін вечара, кінапаказ доўжыцца дзесьці гадзіну, і пасля прагляду адводзіцца час на дыскусіі. Ідэя дэманстрацыі фільмаў у музеі не новая. Напрыклад, фільмы фестывалю Cinema Perpetuum Mobile ужо другое лета запар «круцяць» у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея і, трэба адзначыць, такія прагляды карыстаюцца папулярнасцю ў мінчан. У нас таксама ўжо склалася сваё невялічкае кола гледачоў. Але ж, магчыма, яшчэ не ўсе ведаюць, што такія паказы праводзяцца. Сачыце за анонсамі музея на сайце аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама ці на старонках музея ў сацыяльных сетках.
Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile – унікальны культурны праект, заснаваны беларускімі валанцёрамі ў 2011 годзе. Праводзіцца ён штогод. Мерапрыемства некамерцыйнае, накіраванае на падтрымку незалежнага аўтарскага кінематографа, пошук новых форм і рашэнняў у кінамастацтве, садзейнічанне культурнай разнастайнасці ў кіно, развіццё і ўмацаванне сувязяў паміж кінематаграфістамі і кінематаграфічнымі супольнасцямі ва ўсім свеце.
Фестываль папулярны перш за ўсё тым, што аказвае падтрымку пачынаючым фільммэйкерам. Праводзіцца ён у розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, спрыяючы тым самым развіццю міжкультурнага дыялогу.
– У першы наш паказ у Музеі Вавёркі дэманстраваліся такія дакументальныя стужкі маладых беларускіх аўтараў як «Кансьерж» Роберта Сенэкі; «Яно» Генадзя Буто; «Двулапы сябра» Максіма Сарычава; «Я жыву ў гэтым горадзе» Мікалая Жалудовіча, Дзмітрыя Нікіфарава, Ягора Сурскага, Руслана Фядотава; «Пасха Хрыстова» Дар’і Юркевіч; «Выхад» Вольгі Лабоўкінай; «Бывай, галава» Вольгі Фло, Дзяніса Кудраўцава, Ганны Мех, Антона Меха; «Паўстанне/Цішыня» Bazinato, – расказвае Яўген Аляксандравіч. – Сярод гэтых фільмаў – пераможцы і ўладальнікі прызавых месцаў розных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. У другую нашу сустрэчу глядзелі і абмяркоўвалі таксама фільмы-ўладальнікі прэмій і прызоў кінафестываляў. Гэта стужка Максіма Шведа і Андрэя Ломава «Толькі Гродна!». Песню «Толькі Гродна» ведаюць і любяць не толькі гродзенцы. Многія лічаць яе народнай, але стваральнікі фільма змаглі знайсці аўтара. Цікава было даведацца, як нараджаўся хіт, якому больш за 30 гадоў, як змяніўся город Гродна за гэты час. Другі фільм кінапаказу «Аскепкі лёсу» Ягора Ганарацкага прысвячаўся 25-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістану. А трэці фільм «Заходнікі» Ягора Сурскага распавядаў аб працы актывістаў руху вуснай гісторыі ў Беларусі. У гэты раз аб’ектам цікавасці маладых гісторыкаў стала тэма 1939 года ў вуснай памяці беларусаў – сведкаў тых падзей.
Усіх, каму цікава паглядзець сучасныя беларускія дакументальныя фільмы, прыходзьце ў Музей Вавёркі! Дарэчы, сімвал фестывалю, які можна бачыць на афішы, – таксама вавёрка – адзін з любімых звяркоў беларусаў і сімвал Вялікай Бераставіцы.

Святлана Ганчарова

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *