У Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы прайшло пазнавальна-музычнае мерапрыемства “Выцінанка: мастацтва філігранных узораў з паперы”

Лента новостей

IMG_0590Набліжаюцца калядныя і навагоднія святы, многія з гэтай нагоды ўпрыгожваюць працоўныя месцы, кватэры і хаты. Самай простай, распаўсюджанай, але ў той жа час шыкоўнай аздобай з’яўляецца выцінанка. 17 снежня Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы прапанаваў наведвальнікам пазнавальна-музычнае мерапрыемства “Выцінанка: мастацтва філігранных узораў з паперы”. Яго ўдзельнікі даведаліся, што традыцыя выразання з паперы пайшла з Кітая, убачылі прыклад сучаснай кітайскай выцінанкі “цынь-нань”, якая знаходзіцца ў фондах музея.
Асаблівую ўвагу арганізатары звярнулі на адметнасці беларускай выцінанкі. Так, для многіх было адкрыццём, што першыя выцінанкі былі зробленыя чыноўнікамі ў перапынках паміж працай яшчэ ў XVI ст., а актыўнае развіццё яна атрымала ў ХІХ ст. Адраджэнне гэтага віда мастацтва ў Беларусі прыпадае на 1980-я гады, калі яно стала шырока ўводзіцца ў жыццё прафесійнымі мастакамі і народнымі майстрамі.
Супрацоўнікі музея прадставілі і самабытныя формы, вобразы і сімвалы ў выцінанцы, распавялі аб унікальнай тэхніцы выцінанкі-выбіванкі, распрацаванай на Навагрудчыне. Наведвальнікі зацікавіліся сучасным станам IMG_0615 IMG_0631 IMG_0641выцінанкі і былі здзіўленыя, што цяпер яе можна ўбачыць не толькі ў якасці дэкаратыўнага элемента інтэр’ера, але і на завушніцах, адзенні, магнітах і нават можна пагартаць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ў выцінанцы, якую стварыла Вольга Бабурына. У пазнавальна-інфармацыйны блок мерапрыемства ўвайшлі і мультфільмы, створаныя з выцінанак. Пасля тэарэтычнай часткі кожны мог выразаць сваю выцінанку з дапамогай мастачкі музея.
Музычная частка мерапрыемства складалася з выступу эксперыментальнага фолькавага праекта “Балцкі Субстрат”, які ўпершыню завітаў у музей. У іх выкананні прагучалі беларускія народныя песні і аўтарскія кампазіцыі, прысвечаныя Калядам, блюзавыя мелодыі, а таксама песня, запісаная ад маці Максіма Гарэцкага “Дубравушка”. Меладычнасць, душэўнасць, цеплыня, непаўторнаць, шчырасць спеваў зачаравілі публіку, а самі музыкі адчулі святочную, цёплую атмасферу вечара. Мінчукі прывезлі з сабой невялікія падарункі, якія былі разыграныя падчас віктарыны паміж удзельнікамі свята.

Анастасія Весялуха-Волкава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *