У Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы дзейнічае творчая майстэрня «Вавёрчына камора»

Культура Лента новостей

Творчая майстэрня «Вавёрчына камора» адкрылася ў Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. Цяпер ў наведвальнікаў музея з’явілася магчымасць прыняць удзел у майстар-класе па вырабу сувеніра на памяць. Першымі  гэту магчымасць выкарысталі пачаткоўцы сярэдняй школы № 2 г.п. Рось, якія прыехалі ў Музей Вавёркі на экскурсію.

– Усё часцей музейныя ўстановы выкарыстоўваюць у сваёй практыцы інтэрактыўныя формы работы, якія прадугледжваюць не толькі аднабаковае атрыманне ведаў па прынцыпу «экскурсавод — наведвальнік», але і іх актыўнае ўзаемадзеянне, – расказвае дырэктар Музея Вавёркі Наталля Таргонская. – Майстар-клас  – адна з такіх форм і ўнікальная магчымасць паспрабаваць сябе ў творчасці. Зразумела, гэта больш датычыцца самых юных гасцей музея. Школьнікі падчас экскурсіі могуць не толькі слухаць і сузіраць, але і штосьці ствараць сваімі рукамі. Асабліва, калі вынік гэтай творчасці мае «сваю гісторыю» і служыць выдатным сувенірам на памяць.

У Музеі Вавёркі на першай сустрэчы ў творчай майстэрні юным экскурсантам было прапанавана намаляваць фарбамі выяву вавёркі на спіле дрэва. Майстар-клас па роспісу на дрэве правяла для пачаткоўцаў мастак Наталля Галавач. Яна пазнаёміла дзяцей з тэхнікай малявання, з інструментамі і фарбамі, падзялілася прыёмамі і сакрэтамі гэтага віда дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і вось праз нейкія паўгадзіны рудыя вавёрачкі ажылі на драўляных нарыхтоўках. Маленькія госці засталіся задаволеныя паездкай у Вялікую Бераставіцу: яны не толькі пазнаёміліся з цікавым музеем, дзе жывуць вавёркі, але і  ўласнаручна стварылі сувенір з выявай музейнага сімвала.

–Такую паслугу як майстар-клас у творчай майстэрні “Вавёрчына камора” можна заказаць як разам з экскурсіяй, так і асобна, – удакладняе Наталля Міхайлаўна. –  Запрашаем!

Святлана Ганчарова, фота аўтара

­



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *