У КСУП “Малабераставіцкі элітгас” убіраюць бульбу

Лента новостей

Рускае слова “картофель” узнікла ад нямецкага “Кartoffel”, якое, у сваю чаргу, паходзіць ад італьянскага “tartufolo – труфель”. Сувязь каштоўнага замежнага дэлікатэса з нашай айчыннай бульбай праследжваецца і зараз. Напрыклад, сёння ў свеце шырокавядомай з’яўляецца “сіняя французская труфельная бульба”, якую вельмі любіў Аляксандр Дзюма. Яшчэ ў сваёй кнізе ён пісаў, што «лепшы з усіх (гатункаў бульбы), несумненна, фіялетавы, вядомы ў Парыжы, як вітэлот». Эксперыментуюць у гэтай справе і беларускія аграрыі, бо падобныя каляровыя карняплоды даводзілася назіраць на палетках ужо гадоў 7-8 таму.
А вось бліз вёскі Кавалі на ўчастку нумар два, як яго ўмоўна называе аграном-бульбавод КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Валянціна Сяледчык, дзе поўным ходам ідзе ўборка другога хлеба, “вітэлота”, на жаль, я не пабачыла, аднак…
Сярэдняранні “маніфест”, сярэдняспелыя “янка” ды “волат” – усё гэта высокапрадукцыйныя гатункі беларускай бульбы сталовага прызначэння, якія з года ў год цешаць сельгаспрадпрыемства сваёй ўраджайнасцю. Аб гэтым сведчаць і сёлетнія паказчыкі: у “маніфеста” ўраджайнасць склала 457 цэнтнераў з гектара, у “волата” (вырошчваецца другі год) – 656 ц/га, у “янкі” – ажно 680 ц/га. І, па словах Валянціны Аркадзьеўны, гэта яшчэ не мяжа. Усе вышэйназваныя гатункі бульбы, сабраныя з дадзенага ўчастка, закладваюцца на насенне, таму адразу з палеткаў адпраўляюцца ў бульбасховішча. Іх у КСУП “Малабераставіцкі элітгас” чатыры, цяпер запаўняюцца два. Увогуле, са 100 гектараў плошчаў, адведзеных пад пасадку бульбы, на ўчарашні дзень было ўбрана 22 гектары, з якіх сабралі 960 тон клубняў. У планах сельгаспрадпрыемства атрымаць высокі ўраджай, гэта звыш 4000 тон. Цікава, што некаторыя клубні, напрыклад, у “маніфеста”, важаць звыш аднаго кілаграма.
— Да ўборкі бульбы мы прыступілі яшчэ 29 жніўня, — дзеліцца Валянціна Сяледчык. – І першай ударнай сілай стаў бульбаўборачны камбайн, які і зараз задзейнічаны на ўчастку нумар тры. З шостага верасня да збору новага ўраджаю далучыліся дзве спецыяльна нанятыя для гэтых мэт брыгады з Брэсцкай вобласці па 23 і 18 чалавек адпаведна. У дзень яны збіраюць клубні на двух-трох гектарах. У пераліку на аднаго чалавека гэта складае прыкладна 2200-2400 кг.
На ўборцы бульбы акрамя камбайна ў сельгаспрадпрыемстве задзейнічаны яшчэ 6 адзінак тэхнікі – дзве капалкі і чатыры аўтамашыны. Старанна працуюць на бульбяным палетку механізатары Дзмітрый Каравай і Дзяніс Тапчылка, а чатыры аўтамашыны своечасова ажыццяўляюць адвоз новага ўраджаю ў бульбасховішчы. Працэс уборкі на палетках наладжаны добра, з ахвотай працуе кожны яе ўдзельнік. Таму па заканчэнні працы на плантацыях тут спадзяюцца атрымаць і неблагі прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *