У дыспетчара СВК імя Варанецкага Соф’і Красоўскай лёс сапраўды цікавы

Лента новостей

0000Вясковым жанчынам жыць, безумоўна, цяжэй, чым гарадскім. І працоўны дзень у іх не восем гадзін, а “колькі атрымаецца”, і выхадных у гарачую пару не бывае, але ёсць у характарах нашых сяльчанак моцны стрыжань, які дапамагае паспяваць на працы і дома, пераадольваць цяжкасці і ўмець ад душы радавацца жыццю. Вось і ў дыспетчара СВК імя Варанецкага Соф’і Красоўскай можна многаму павучыцца, таму што лёс яе сапраўды цікавы.
Родам яна з вёскі Вялікія Ёдкавічы Бераставіцкага раёна. Пасля заканчэння школы вучылася ў Гродне ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе і затым вярнулася ў родныя мясціны. Уладкавалася спачатку ў калгасе імя Варанецкага лабарантам па прыёме малака ад насельніцтва.
— А колькі тады ў Вялікіх Эйсмантах было кароў? – цікава мне.
— О, кароў тады ў людзей было шмат, не так, як зараз! У Вялікіх Эйсмантах было больш за дзвесце, а магчыма, і каля трохсот. Людзі па дзве каровы трымалі, і мы таксама.
Ад такога ўспаміну голас маёй субяседніцы цяплее. Разумею яе, памятаю, як і самой на летніх канікулах у бабулі часта разам з кімсьці з дарослых даводзілася пасвіць вясковы статак. Асабліва прыемна было, калі выпадала займацца гэтым разам з сяброўкай і яе бацькам. З падворкаў павольна і важна выходзілі пярэстыя “карміцелькі”, а чырвонае сонца яшчэ толькі ўздымалася на ўсходзе. Сакавітая зялёная трава была ўсыпана бліскучымі кропелькамі расы, і спачатку нам вельмі хацелася спаць, але потым мы і каровам не давалі “лезці ў шкоду”, і самі паспявалі нагуляцца, і прыгожых яркіх кветак назбіраць, а бывала, што і грыбоў на смачны суп у блізкім ельніку… Як прыемна было, калі вечарам бабуля з дзедам хвалілі нас: “Добра напасвілі, цэлае вядро карова малака дала!” Вясковыя карані вельмі шмат значаць для чалавека, гэта як моцны падмурак для самастойнага жыцця.
… Прарабіўшы каля трох гадоў лабарантам, Соф’я пайшла ў дыспетчары. З той пары працоўны стаж яе пачаў свой адлік у гэтай нялёгкай, але такой патрэбнай прафесіі. Без такой важнай работы ў сельгаскааператыве не абысціся, і нездарма кажуць пра Соф’ю Іосіфаўну, што яна – “вочы і вушы гаспадаркі”. У дыспетчара шмат абавязкаў. Соф’я Іосіфаўна складае зводкі па малаку, па сельскагаспадарчых работах, перадае інфармацыю па электроннай пошце.
А ад сябе асабіста скажу, што з ёю добра супрацоўнічаць, яна заўсёды дакладна ведае, хто чым заняты кожны дзень.
— Цяпер ужо мне прасцей, не так цяжка, як было, пакуль дзеці выраслі, — гаворыць дыспетчар.
— А колькі ў Вас дзяцей? Двое? – цікаўлюся.
— Чацвёра.
Чуць гэта вельмі прыемна. Некаторыя сучасныя жанчыны лічаць, на жаль, што і аднаго дзіцяці дастаткова. Дзеці хварэюць, іх цяжка даглядаць, а многім дарослым хочацца пажыць і “для сябе”.
А як жа добра было брацікам і сястрычкам у ранейшай традыцыйнай вясковай сям’і! Раней многага не хапала, але якая была радасць, калі ўсе вырасталі, вывучваліся, сустракаліся затым у бацькоў у роднай хаце! Яе ачаг саграваў сэрцы.
— А як Вы, Соф’я Іосіфаўна, пазнаёміліся са сваім мужам?
– Дык ён мясцовы! Мы з ім разам выраслі, праз 5 дамоў на вуліцы ў вёсцы жылі! Як я вучылася ў Гродне і прыязджала дадому на выхадныя, сталі сябраваць. Пайшоў ён у армію. А затым і пажаніліся, — расказвае субяседніца.
— Быць шматдзетнай мамай – гэта і вялікае шчасце, і напружаная штодзённая праца, і часам бяссонныя ночы. Муж Вам дапамагаў?
— Муж мой працуе ў нашым сельгаскааператыве майстрам — наладчыкам. Ён ва ўсім мне дапамагаў! Без гэтага нічога б не было. Я ніколі на яго не крыўдзілася.
Сапраўды шчаслівая жанчына! Такі адказ пачуеш не вельмі часта. Здаралася чуць мне і зусім іншае: бывае, што муж у сям’і, як дзіця, хоча, каб і яго даглядалі, як малога, і ні ў чым не хоча дапамагаць жонцы. Ды яшчэ эмацыянальна выказвае сваё незадавальненне, калі тая што — небудзь не паспявае. Наўрад ці будзе ў такой сям’і многа дзяцей…
Сельгаскааператыў даў гэтай сям’і чатырохпакаёвую кватэру, зараз яна прыватызаваная. Дзве дачкі і два сыны Красоўскіх ужо самастойныя. У старэйшай Ані ў Гродне таксама вялікая дружная сям’я, добры прыклад бацькоў і шчырая ўзаемападтрымка адыгралі сваю ролю. У яе трое дзяцей. Пяць унукаў для бабулі з дзедам – гэта вялікая радасць. Памяць беражліва захоўвае дарагія ўспаміны. Першы раз пабачыць нованароджанага, потым радавацца яго першым няўпэўненым крокам… Дзіцячы смех асвятляе будні, дае добры настрой. Гэта як светлы маяк у вірлівым жыцці.
Работа, дом, дзеці і ўнукі – такі стракаты “калаўрот жыцця” зараз у Соф’і Іосіфаўны. Яе паважаюць і цэняць у гаспадарцы, яны з мужам добра выхавалі і паставілі на ногі чацвёра дзяцей. Яны самі зарабляюць сабе на хлеб, выбралі годныя прафесіі.
Нямала ў жыцці гэтай сяльчанкі было і турбот, клопатаў, трывог. Але адчуваецца, што гэта па — сапраўднаму шчаслівы чалавек. У чым сакрэт шчасця Соф’і Красоўскай?
— Старанне да ўсяго прывяло, — усміхаецца мая субяседніца.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *