У Год кнігі — і вандроўкі, і дэбаты…

Лента новостей

Як выклікаць цікавасць да чытання? Адказ на гэтае пытанне бібліятэкар Малабераставіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя перапрацоўчай прамысловасці Таццяна ШАСТАК (на здымку) ведае не па чутках, а непасрэдна з уласнага вопыту. Ужо другі год па яе ініцыятыве і пад непасрэдным кіраўніцтвам ліцэісты маюць магчымасць ажыццяўляць вандроўкі па краінах свету. Праўда, завочныя, але ад гэтага яны ніколькі не становяцца менш цікавымі і пазнавальнымі. Сэнс іх заключаецца ў тым, што на працягу месяца актыўная група рыхтуе цікавыя матэрыялы па вызначанай краіне, а потым падчас “вандроўкі” прадстаўляе іх у адвольнай форме для ўсеагульнага азнаямлення. Традыцыі краіны і іх паходжанне, гісторыя і сучасны лад жыцця, геапалітычнае становішча — вось далёка не поўны пералік тых пытанняў, якія закранаюць рабяты падчас сустрэчы. Да таго ж, ліцэісты стараюцца не адставаць ад плыні часу і быць у курсе ўсіх актуальных падзей як глабальнага, так і нацыянальнага маштабу. Так, напрыклад, калі ў мінулым годзе ў Японіі здарыліся трагічныя падзеі, выкліканыя землятрусам, чарговая “вандроўка” была прысвечана менавіта гэтай краіне, а ў знак смутку аб ахвярах катастрофы ліцэісты распачалі сустрэчу з мінуты маўчання.
Таццяна Нікадзімаўна сведчыць, што падобная практыка выклікае зацікаўленасць у падлеткаў і стымулюе да актыўнага пазнавання навакольнага свету. Акрамя таго, яна са шчырым жалем адзначае:
— Вельмі крыўдна ўсведамляць гэта, але зараз сучасныя падлеткі праводзяць больш часу ў інтэрнэце, чым за чытаннем кніг. Да таго ж, яны аддаюць перавагу не карысным і змястоўным сайтам накшталт Вікіпедыі, а бавяць час у сацыяльных сетках. Дарэчы, менавіта гэтая думка стала адным з лейтматываў канферэнцыі “7-ыя міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні”, якая праходзіла 10-11 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.
Невыпадкова і чарговае пасяджэннне дыспут-клуба “Круга-гляд”, якім таксама кіруе Таццяна Нікадзімаўна, адбудзецца на тэму “Кніга або камп’ютар: “за” і “супраць”. Акрамя таго, у рамках Года кнігі тут запланаваны шэраг іншых цікавых мерапрыемстваў. Так, у лютым адбудзецца літаратурна-музычная вечарына “Усё пачынаецца з кахання”, у маі будзе ладзіцца літаратурная гасцёўня “Вялікая Айчынная вайна ў творах Васіля Быкава і Івана Навуменкі”, адбудуцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзя Максіма Танка.
Ужо цяпер у бібліятэцы створаны шэраг пастаянна дзейнічаючых экспазіцый — “Гэты цуд завецца кнігай!”, “Кніга-юбіляр”, “Закон — аб табе, табе — аб законе”, “Новае ў беларускай арфаграфіі”, “Дрэнным звычкам — не!”, “Жыву і дыхаю, мой родны край, табою!”, “Гродна — сталіца беларускага Панямоння”. Дарэчы, апошнія дзве кніжныя выставы карыстаюцца асаблівым попытам менавіта ў іншагародніх навучэнцаў, якія нярэдка прыязджаюць на вучобу з суседніх абласцей і мала што ведаюць пра Гродзеншчыну.
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы ў бібліятэцы створаны інфармацыйны стэнд-каляндар.
Пошук новых формаў работы і ініцыятыва Таццяны Шастак заўсёды знаходзяць станоўчы водгук у навучэнцаў ліцэя. І гэта ёсць лепшае пацверджанне плённай працы бібліятэкара!

Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *