У гаспадарках Бераставіцкага раёна пачалі ўбіраць кукурузу на зерне

Лента новостей

Кукуруза – вельмі каштоўная культура. Чалавецтва “пазнаёмілася” з ёю многія тысячагоддзі таму. Радзімай кукурузы лічыцца Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка, а адтуль яна пачала сваё трыумфальнае шэсце па ўсяму свету. З гэтай злакавай культуры атрымліваюць больш за 150 харчовых і тэхнічных прадуктаў. У адным пачатку можа быць ад 300 да 1000 “вочкаў”. З кукурузы вырабляюцца крупа, мука, алей, крухмал, спірт і многае іншае. Нават адпрацаваныя пачаткі без зерня можна выкарыстоўваць для вытворчасці паперы. А з зялёнай масы атрымліваецца добры сілас. Па колькасці пасяўных плошчаў у свеце “каралева палёў” займае другое месца пасля пшаніцы, а па ўраджайнасці значна перасягае яе. Рэкардсменам па кукурузе з’яўляюцца ЗША. На прасторах былога Савецкага Саюза найбольш яе было ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краі. Кукуруза – адзін з найлепшых злакаў па энергетычнай каштоўнасці. Яна таксама багатая на каратын, яе ахвотна есць жывёла і птушка. Недахоп кукурузы – нізкае ўтрыманне пратэіну, незаменных амінакіслот, мінеральных рэчываў, асабліва кальцыя, таму ў жывёлагадоўлі яе трэба дапаўняць іншымі кармамі. Але ў апошнія гады з’явіліся новыя ўдасканаленыя гатункі.
У гаспадарках раёна пачалі ўбіраць кукурузу на зерне. У СВК “Цецяроўка” пад гэтую запатрабаваную культуру адведзена 500 гектараў на сілас і 700 на зерне.
Год аказаўся спрыяльным для гэтай расліны, яна добра паспела. Гатункі ў СВК “Цецяроўка” выбралі імпартныя. Ураджайнасць кукурузы радуе – 110 цэнтнераў з гектара. Яе добра падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі. На камбайне “Лексіён – 580” гэтую расліну-прыгажуню ўбірае Пётр Журавенка (на здымку). Для уборкі кукурузы на камбайн ставіцца спецыяльны пачаткааддзяляльнік. Работа вядзецца якасна. Спрыяе гэтаму сухое і цёплае надвор’е.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *