У Вялікай Бераставіцы адбылася сустрэча з гродзенскімі паэтамі

Лента новостей

2 3 4 5 6 8 9 10 11 12У Вялікай Бераставіцы адбылася сустрэча з гродзенскімі паэтамі ў рамках тура грамадзянскай лірыкі, ініцыіраванага абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.Кавалеўскага стала ўжо традыцыйным месцам сустрэчы гродзенскіх творцаў і мясцовых аматараў мастацкага слова. На гэты раз госці завіталі сюды, каб бліжэй пазнаёміць чытачоў з грамадзянскай паэзіяй, крыху прызабытай сёння і не такой папулярнай як, скажам, філасофская, любоўная ці пейзажная лірыка.
У творчай сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, яе намеснік Дзмітрый Радзівончык, паэт, празаік і драматуг Пётр Сямінскі, філолаг, літаратар, аматар паэзіі Аркадзь Гартунг і маладая таленавітая аўтарка, студэнтка трэцяга курса факультэта беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, пераможца некалькіх літаратурных конкурсаў Вікторыя Смолка.
Чаму акцэнт зроблены менавіта на грамадзянскую паэзію? Гэта патлумачыў паэт, аўтар трох зборнікаў Дзмітрый Радзівончык. Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў, што, як вядома, мінулы год і сёлетні багатыя на знакавыя для нашага грамадства падзеі: гэта і 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 30-годдзе чарнобыльскай трагедыі, і 75-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі гэтыя, блізкія і зразумелыя кожнаму беларусу, безумоўна, знаходзяць сваё ўвасабленне ў мастацтве. Паэты прапускаюць іх праз сваё сэрца і з дапамогай мастацкага слова даносяць да кожнага з нас. Гродзенскія аўтары – не выключэнне. Сваімі паэтычнымі радкамі аб Радзіме, вайне, Перамозе, іншых грамадскіх падзеях і адносінах да іх творцы з задавальненнем дзеляцца з чытачамі ў рамках тура па малых гарадах Гродзеншчыны пад назвай “Пад мірным небам Беларусі”. У мінулым годзе яго ўдзельнікі пабывалі ў Гродзенскім, Шчучынскім і Мастоўскім раёнах. Сёлета творчыя сустрэчы адбыліся ў Ваўкавыску і Зэльве. Дзмітрый Радзівончык пазнаёміў прысутных са сваім новым зборнікам вершаў пад назвай “Река безбрежная”, які ўбачыў свет дзякуючы перамозе аўтара ў абласным конкурсе рукапісаў імя Цёткі, а таксама прачытаў некалькі ўласных вершаў. Дарэчы, са сваімі творамі – такімі рознымі па стылю і паэтычнаму настрою, але вельмі падобнымі сваёй незвычайнай шчырасцю і пранікнёнасцю – выступіў кожны з гасцей.
На сустрэчы высветлілася, што Бераставіччына стала для аднаго з аўтараў зыходным пунктам і ў творчасці, і ў жыцці. Пётр Сямінскі прызнаўся, што яго першыя вершы былі надрукаваны ў нашай “раёнцы” – калі аўтар працаваў настаўнікам у Макараўскай сярэдняй школе.
Вельмі прыгожыя, мілагучныя, кранаючыя душу вершаваныя радкі чыталі Людміла Кебіч і Вікторыя Смолка. А сябра абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзь Гартунг пазнаёміў слухачоў з ваеннай лірыкай Канстанціна Сіманава.
У завяршэнні сустрэчы сваёй творчасцю падзяліліся і мясцовыя аматары паэтычнага слова Святлана Пракопік і Яўгенія Дзяжко. Яны прачыталі некалькі сваіх новых вершаў. А госці, у сваю чаргу, прапанавалі ўсім, хто сябруе з паэзіяй і спрабуе сябе ў напісанні вершаў, дасылаць свае творы на сайт Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *