“У будучыню – без СНІДу!”

Лента новостей

Установы адукацыі Бераста­віччыны актыўна ўключыліся ў мерапрыемствы Сусветнай кампаніі супраць СНІДу.
Як паведаміла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Лапінская, на працягу лістапада і снежня ў школах раёна праводзіцца шэраг інфармацыйна-адукацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку ВІЧ-інфекцыі і фарміраванне талерантных адносін да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Гэта і тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, і тэматычныя выставы ў бібліятэках, і выпуск інфармацыйных матэрыялаў па праблеме ВІЧ/СНІД (лістовак, буклетаў, плакатаў). Для школьнікаў арганізуецца таксама прагляд відэаролікаў адпаведнай тэматыкі, выкарыстоўваюцца актыўныя формы работы валан­цёраў, праводзяцца разнастайныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы з уключэннем тэматыкі па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі.
У прыватнасці, у Малабера­ставіцкай СШ прайшоў Тыдзень прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі “У будучыню без СНІДу!”, у гімназіі аг.Пагранічны арганізавана акцыя “Мы супраць СНІДу!”, у Макараўскім яслях-садзе-СШ правялі акцыю “Чырвоная стужка”, у час якой школьнікі раздавалі чырвоныя стужкі як сімвал Дня барацьбы са СНІДам, якія потым размясцілі на Дрэве Жыцця. У Пархімаўскай БШ вучні ўдзельнічалі ў дыспуце “СНІД: развеем міфы”, старадварэцкія школьнікі на вуліцах аграгарадка раздавалі памяткі “ВІЧ-станоўчым людзям – наша разуменне і падтрымка”, у Кватарскім яслях-садзе-БШ навучэнцы на адзінай інфармацыйнай гадзіне “СНІД у лічбах” пазнаёміліся са статыстыкай ВІЧ-інфіцыраваных у Рэспубліцы Беларусь, абмяняліся думкамі аб неабходнасці ведаў аб ВІЧ-інфекцыі і СНІД.
***
IMG_47491 снежня ў Бераставіцкім дзяр­жаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі прайшла адзіная куратарская гадзіна для навучэнцаў “Усё аб ВІЧ-інфекцыі”. Падрыхтавала і правяла мерапрыемства выкладчык беларускай мовы і літаратуры Галіна Акудовіч. На пачатку Галіна Міхайлаўна пазнаёміла прысутных з эпідэміялагічнай сітуацыяй па ВІЧ/СНІД, якая склалася ў нашай рэспубліцы, і канкрэтна спынілася на колькасці ВІЧ-інфіцыраваных у кожным раёне Гродзенскай вобласці.
Затым навучэнцы праглядзелі відэафільм “ВІЧ/СНІД”, які расказаў аб тэорыях паходжання гэтага захворвання, аб шляхах перадачы ВІЧ-інфекцыі і міфах, якія часта суправаджаюць ВІЧ/СНІД.
Больш паглыбіць тэму прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі дапа­маглі і навучэнцы 236 групы Мікіта Сушко і Аляксандр Іссар, якія ў рамках руху “Роўны навучае роўнага” расказалі аб спецыфіцы гэтага захворвання і падрыхтавалі пытанні для сваіх равеснікаў.
Дарэчы, напярэдадні мерапрыемства навучэнцы ліцэя прымалі ўдзел у анкетаванні “Шкала жыццёвых каштоўнасцей”, дзе вызначалі пяць галоўных прыярытэтаў у сваім жыцці. І, як адзначыла Галіна Анкудовіч, абсалютная большасць анкетаваных назвала галоўнай каштоўнасцю ў сваім жыцці здароўе. Менавіта таму Галіна Міхайлаўна на заканчэнне сустрэчы заклікала маладых людзей адказна адносіцца да свайго здароўя, каб не трапіць у палон ВІЧ-інфекцыі.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *