У Бераставіцкім раёне прайшоў агляд гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года

Актуально Образование

13 жніўня прайшоў агляд гатоўнасці ўстаноў аду­кацыі да новага навучальнага года.

Камісія на чале з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аленай Буткевіч праверыла, наколькі гатовы школы прыняць сваіх выхаванцаў першага верасня і зрабіць іх знаходжанне ў навучальнай установе максімальна камфортным і бяспечным. У склад камісіі ўвайшлі не толькі супрацоўнікі аддзела і яго гаспадарчай групы, але і прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і санітарна-гігіенічнай службы раёна.
Камісія звяртала ўвагу на падрых­тоўку кожнай установы адукацыі ў плане рамонту і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкавання прышкольнай тэрыторыі, ацаніла санітарна-гігіенічны стан вучэбных кабінетаў, спортзалаў, харчблокаў, праверыла наяўнасць інструктыўна-метадычнай дакументацыі.
У гэтым годзе з аб’езду пакуль што былі выключаны Вялі­кабераставіцкая сярэдняя і Пархімаўская базавая школы, у гэтых навучальных установах яшчэ актыўна працягваюцца будаўнічыя работы, прыёмка іх адбудзецца напярэдадні першага верасня.
Калектывы ўсіх астатніх школ зрабілі ўсё магчымае, каб на належным узроўні падрыхтавацца да новага навучальнага года. Дзякуючы таму, што большасць школ нашага раёна трапіла пад капітальны рамонт па праграме будаўніцтва аграгарадкоў, цяпер ім яшчэ не патрабуюцца значныя матэрыяльныя ўкладанні, каб правесці падрыхтоўку да новага навучальнага года: хапіла толькі невялікага касметычнага рамонту, бо і педагогі, і школьнікі беражліва адносяцца да таго, што маюць. Цяжэй у гэтым плане прыйшлося Паплаўскаму і Масалянскаму яслям-садам-базавым школам, якія яшчэ толькі чакаюць сваёй чаргі, каб набыць сучасны выгляд. Калектывам гэтых навучальных устаноў давялося нямала папрацаваць у летні перыяд па падрыхтоўцы да новага навучальнага года і ўкласці значныя сродкі. Напрыклад, як расказала камісіі дырэктар Паплаўскага ясляў-сада-базавай школы Алена Каламеец, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы да новага навучальнага года было затрачана больш за 17 мільёнаў рублёў. Гэта і ўласныя пазабюджэтныя сродкі, і спонсарская дапамога бацькоў і СВК “Малабераставіцкі элітгас”.
Усе школы сустракалі камісію чысцінёй, зіхаценнем свежа пафарбаванай падлогі і сапраўдным буйствам кветак як на прышкольнай тэрыторыі, так і ў кабінетах і калідорах.
Прыемнае ўражанне на членаў камісіі зрабіла і тое, што значна змянілася ў плане добраўпарадкавання прышкольная тэрыторыя многіх устаноў адукацыі. У прыватнасці, новыя арыгінальныя ідэі ўнеслі ў афармленне сваіх прышкольных участкаў калектывы Кватарскага ясляў-сада-базавай школы, гімназіі аг.Пагранічны, Малабераставіцкай і Вяліка­эйсмантаўскай сярэдніх школ.
Цікавай ідэяй у плане метадычнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года падзяліўся дырэктар Канюхоўскага ясляў-сада-базавай школы Андрэй Шчука: ён прадставіў электронны варыянт метадычнай “капілкі”, новыя перасоўныя выстаўкі метадычнай літаратуры дэманстравалі ў Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе, Малабераставіцкай і Вяліка­эйсмантаўскай сярэдніх школах, Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе.
Падводзячы вынікі аб’езду школ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Буткевіч падзякавала кіраўнікам устаноў адукацыі за добрую арганізацыю работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Аб’езд паказаў, што ўсе навучальныя ўстановы гатовы ўжо хоць заўтра прыняць у свае сцены школьнікаў, сур’ёзных заўваг ніхто не атрымаў, а тыя невялікія недахопы, якія сустракаліся ў некаторых школах, будуць выпраўлены на працягу бліжэйшых дзён.
Агляд гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, як падкрэсліла Алена Рыгораўна, – гэта своеасаблівы старт для ўсёй работы на новы навучальны год, і ў гэтым годзе ён быў дадзены паспяхова.
Ірына Міклаш,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *