У аграфірме “Стары Дворац” цэняць уклад кожнага працаўніка

Лента новостей

475854Нарошчванне вытворчасці малака вельмі важнае для эканомікі краіны, вобласці і раёна. На Бераставіччыне зроблена стаўка на тэхнічнае пераўзбраенне жывёлагадоўлі і новыя эфектыўныя тэхналогіі. Гэта дае свой трывалы эфект. Напрыклад, у аграфірме “Стары Дворац” за люты гэтага года ў параўнанні з такім жа месяцам мінулага года рост валавога надою склаў 106 працэнтаў. У мясцовых аграрыяў ёсць прыдатныя магчымасці для нарошчвання выпуску запатрабаванай сыравіны.
Тэрыторыя сучаснага малочнатаварнага комплексу агаро­джаная, каб не дапусціць сюды бадзяжных жывёл і папярэдзіць выпадкі небяспечнага захворвання — шаленства. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Святаслаў Кавальчук закончыў Ваўкавыскі аграрны каледж і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, павышае свой узровень, цікавіцца ўсім новым і перадавым, а зараз набывае яшчэ і другую вышэйшую адукацыю. Ён любіць жывёлу, выбраў прафесію па прызванні і са шчырай зацікаўленасцю і сапраўдным “агеньчыкам” у вачах гаворыць пра сваю работу. На комплексе ўтрымліваецца 745 дойных кароў, тут замкнуты цыкл вытворчасці. Малочныя карміцелькі дояцца на сучасным імпартным абсталяванні фірмы “Вестфалія” па 32 каровы адразу. Два аператара машыннага даення за змену — дзве дойкі ўсяго малочнага статка і дойку ў абе­дзенны час высокаўдойных кароў абслугоўваюць каля 1700 рагуль. Ёсць сярод іх і свае рэкардсменкі.
Дарэчы, я задала майму цікаваму субяседніку і дасведчанаму спецыялісту пытанне пра эфект “музыкі Шапена” ў даільнай зале. Магчыма, гэта сапраўды павышае надоі і спрыяльна ўплывае на працэс даення? Святаслаў Анатольевіч з усмешкай выказаў сваё меркаванне, што стаўку на гэта рабіць усё ж не варта, а лепш строга захоўваць сучасныя інтэнсіўныя тэхналогіі, добра карміць і даглядаць кароў. Кармленне тут збалансаванае, забяспечвае фізіялагічныя патрэбы жывёлы. Кармы ў аграфірме “Стары Дворац” якасныя. Сучасныя прасторныя вытворчыя памяшканні, добрае абсталяванне і выдатны “чалавечы фактар” дазваляюць аграрыям не стаяць на месцы і дынамічна нарошчваць выпуск запатрабаванай сыравіны. З цеплынёй выказаўся Святаслаў Анатольевіч пра людзей, якія сваёй сумленнай працай умацоўваюць дабрабыт гаспадаркі. Работа іх вельмі нялёгкая, але менавіта ад іх старання залежыць павышэнне культуры вытворчасці. Уклад кожнага працаўніка каштоўны. Трактарысты Валянцін Выкпіш, Іван Сайко, Сяргей Кунцэвіч, памочнік брыгадзіра Алена Затаўка, пры­гатавальнік кармоў Марына Гудач і жывёлаводы Святлана Сайко і Іван Філіпаў працуюць сумленна, у дружнай камандзе.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *