У аграфірме “Стары Дворац” пасевы добра даглядаюць

Лента новостей

IMG_3055Вырасціць новы добры ўраджай — такая задача стаіць перад раслінаводамі раёна. Для гэтага патрэбна сапраўднае майстэрства і строгае захоўванне тэхналогій. А нашы землякі ў такой важнай справе маюць немалы вопыт і кожны год паказваюць сябе з самага лепшага боку, падтрымліваючы гонар нашай роднай зямлі.
У аграфірме “Стары Дворац” пад азімыя з рапсам заняты 1020 гектараў, яравыя з кукурузай і цукровымі буракамі пасеяны на 1134 гектарах. Яравая сяўба прайшла ў аптымальны тэрмін. Яравыя два разы падкармілі азотнымі ўгнаеннямі, а рапс патрабуе трох і нават чатырох такіх падкормак, тады добра рэалізуецца вялікі патэнцыял гэтай запатрабаванай выгаднай культуры.
На пасевах азімых збожжавых у аграфірме закончана іх апрацоўка рэгулятарамі росту і фунгіцыдамі. Імпартныя прэпараты — рэгулятары росту ўмацоўваюць сцябло, абараняюць расліну ад палягання. Вобразна кажучы, сцябло быццам набывае своеасаблівы стрыжань, якому не страшны дождж і вецер. Прэпараты вельмі эфектыўныя і па цане даступныя. Прымяненне такіх прэпаратаў дапамагае аптымізаваць тэрміны ўборкі, не страчваць дарагі час. Мы ўсе памятаем, якія вялікія цяжкасці раней стварала моцнае паляганне. Зараз яно ўжо адышло ў нябыт, дзякуючы навуцы і эфектыўным своечасовым мерам.
Мне давялося пабачыць на полі ў аграфірме, як вопытны механізатар Васіль Леська (на здымку) працуе на трактары МТЗ-82 з апырсквальнікам АП-2000. Здалёк было бачна, як быццам лёгкі дожджык з агрэгата палівае пасевы.
Захоплівае апырсквальнік адразу 12 метраў. Механізатар апрацоўваў гербіцыдам ячмень ад пустазелля. Цікавы механізм яго ўздзеяння: прэпарат не чапае ячмень, а праз лісце знішчае непатрэбныя шкодныя расліны. Гэта сучасны эфектыўны сродак. Ячменю для добрага ўраджаю неабходная ўсяго адна апрацоўка. А вось на цукровых бураках прыходзіцца праводзіць іх аж тры – культура гэтая далікатная, паміж радамі больш зямлі, на якой адпаведна больш прастору для пустазелля. Механізатар расказаў, што работа гэтая нялёгкая. Трэба быць вельмі ўважлівым, каб апрацоўка была праведзена якасна, расліны былі надзейна абароненыя.
Пасля апрацоўкі пасеваў гербіцыдамі – на чарзе фунгіцыдная апрацоўка яравых супраць захворванняў. А рапс апрацоўваецца яшчэ супраць шкоднікаў, напрыклад, кветаеда. Калі своечасова не прыняць меры, такі шкоднік можа знішчыць увесь ураджай.
Агранамічная служба гаспадаркі ў дружнай камандзе з іншымі працаўнікамі прыкладвае ўсе намаганні, каб раслінаводства давала добрую аддачу.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *