У аграгарадку Пагранічны прайшло свята «Прыгранічны звон»

Лента новостей

У нядзелю, 11 чэрвеня, урачысты і крыштальны перазвон у аграгарадку Пагранічны абвясціў аб пачатку свята “Прыгранічны звон” – мерапрыемства, якое праводзіцца тут ужо ў другі раз, заснаванага ў гонар духоўнай заступніцы і асветніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай і прысвечанага лю­дзям, якія жывуць у памежным мястэчку, іх добрым справам і традыцыям.

Імя беларускай святой носіць мясцовы храм і культурна-асветніцкі цэнтр, які дзейнічае на базе сельскай бібліятэкі.
У панядзелак, 5 чэрвеня, адзначалася прастольнае свята аграгарадка – дзень памяці Святой прападобнай Еўфрасінні. А ў нядзелю, перад іконай святой заступніцы, настаяцель храма протаіерэй Сергій Шэлест здзейсніў малебен за прыгранічны край, Бераставіччыну і ўвесь беларускі народ. Так распачалося свята “Прыгранічны звон”.
Масавае гулянне ў Пагра­нічным прымеркавалі сёлета да 130-годдзя чыгуначнай станцыі “Бераставіца”, пабудаванай у далёкім 1887 годзе па загадзе імператара Аляксандра ІІ. Юбілей, адпаведна, адзначае і населены пункт, які пачаў расці і шырыцца ўслед за развіццём чыгуначнай станцыі. Да 1978 года ён так і называўся – станцыя “Бераставіца”. Потым яму былі нададзены статус пасёлка і афіцыйная назва – пасёлак Бераставіца, праз тры гады – рабочы пасёлак Пагранічны. З 2007 года – аграгарадок Пагранічны. За сваю 130-гадовую гісторыю Пагранічны ператварыўся ў сучасны населены пункт са зручнай сацыяльнай інфраструктурай і камфортнымі ўмовамі для пражывання вяскоўцаў.
Вядучыя святочнай праграмы прапанавалі жыхарам і гасцям Пагранічнага ўспомніць асноўныя вехі развіцця чыгуначнай станцыі і аграгарадка, адправіўшыся на экспрэс-цягніку ў імправізаванае падарожжа, кожны прыпынак якога – жывая гісторыя, самаадданая праца адказных і добрасумленных людзей на карысць роднага краю.
Цікава, што ў пачатку ХХ стагоддзя праз станцыю “Бераставіца” праходзілі транзітам у Заходнюю Еўропу міжнародныя цягнікі “Парыж-Пецярбург” і “Масква-Варшава”. А ў далёкім 1905 годзе чыгуначнікі станцыі сумесна з працоўнымі Ваўкавыскага чыгуначнага вузла прымалі актыўны ўдзел ва Усерасійскай забастоўцы. Трагічныя дні перажывала станцыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ранкам 22 чэрвеня 1941 года на яе абрушыліся авіябомбы. А на другі дзень вайны былі разбіты некалькі цягнікоў, сярод якіх – састаў з эвакуіраванымі з Беластоку сем’ямі ваеннаслужачых.
Галоўныя ўдзельнікі гісторыі – гэта людзі і час. Людзі сваімі добрымі справамі праслаўляюць родны куточак, перадаюць у спадчыну нашчадкам духоўныя каштоўнасці і традыцыі. Цікава было паслухаць успаміны ветэранаў чыгункі – начальніка станцыі на працягу 35-ці гадоў Івана Канстанцінавіча Калошыца (на здымку), начальніка вытворчага ўчастка пагрузачна-разгрузачных работ Паўла Андрэевіча Шкулепы, аператара пры дзяжурным па станцыі, начальніка станцыі Валянціны Іванаўны Нікіцік і чыгуначніка ў трэцім пакаленні, сённяшняга начальніка станцыі “Бераставіца” Таццяны Антонаўны Малашкевіч. Дарэчы, Таццяна Антонаўна зачытала загад аб аказанні матэрыяльнай дапамогі з нагоды юбілею ветэранам чыгункі з вялікім працоўным стажам і ўручыла Падзяку былому медыцынскаму работніку станцыі Марыі Аляксандраўне Крукоўскай.
Словы ўдзячнасці ўсім пра­цаўнікам чыгункі, былым і сён­няшнім, за пачэсны ўклад, які яны ўнеслі і ўносяць у бесперабойную дзейнасць станцыі, гучалі на працягу ўсяго свята. Пералічыць прозвішчы ўсіх, на жаль, не дазваляе газетны фармат. Аднак той факт, што гэтыя людзі карыстаюцца заслужанай павагай у аднавяскоўцаў, не выклікае сумненняў. Цёплыя пранікнёныя словы ўдзячнасці ім за працу, музычныя і паэтычныя нумары ў падарунак, гарачыя апладысменты – яркае таму пацвярджэнне.
Як ганаровага жыхара аграгарадка, за ўклад у развіццё КСУП “Пагранічны-Агра”, ушанавалі Тадэвуша Паўлавіча Буро. За актыўную жыццёвую пазіцыю і нераўнадушныя адносіны да праблем роднага мястэчка былі адзначаны Ніна Іванаўна Хамко, Уладзімір Георгіевіч Данільчык і Валянціна Віктараўна Рабацяга. Падзячныя лісты і кветкі ім ўручыў старшыня Пагранічнага сельвыканкама Іван Іванавіч Козел. Ён павіншаваў землякоў са святам і выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто дапамог падрыхтаваць і правесці мерапрыемства.
З пажаданнямі “Прыгранічнаму звону” доўгага і насычанага жыцця выступіў ветэран педагагічнай працы, дэпутат раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў Аляксандр Мікалаевіч Галавач. А начальнік аддзела загс райвыканкама Святлана Сцепанчук уручыла юбілейныя сертыфікаты сямейным парам Пагранічнага, якія адсвяткавалі залатое вяселле. Гэта сем’і Уладзіміра і Таццяны Васілюкоў, Паўла і Ніны Марчукоў (на здымку), Станіслава і Антаніны Свёкла, Віталія і Рэгіны Луконіных.
Ва ўрачыстай абстаноўцы бацькам самага юнага жыхара аграгарадка Аляксею і Кацярыне Новікам было ўручана пасведчанне аб нараджэнні іх дачушкі Эльвіры (на здымку). Павіншавалі і самага старэйшага жыхара Надзею Дзянісаўну Дарашкевіч, якой споў­нілася 94 гады.
Канцэртная праграма вызначалася разнажанравасцю і спрыяла прыўзнятаму святочнаму настрою гледачоў. Сваёй творчасцю падзяліліся мясцовыя калектывы: царкоўны хор (на здымку), вакальная група “Сапрана”, народны інструментальны ансамбль «Вереск», рок-група “Кліп”. Прагучалі вакальныя нумары ў выкананні дарослых удзельнікаў аматарскай творчасці, а таксама навучэнцаў сярэдняй школы і школы мастацтваў. Замілаванне выклікаў танцавальны нумар выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Гучалі жар­тоўныя прыпеўкі і лірычныя вершы.
Цікавасць у мясцовых жыха­роў выклі­калі выставы рарытэтных рэчаў і старых фота­здымкаў з гісторыі чы­гу­начнай станцыі, мас­тацкіх твораў на­ву­чэнцаў школы мастацтваў, дэкаратыўна-пры­клад­ных вырабаў Бера­ставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дзейнічалі дзіцячыя атракцыёны. Можна было набыць салодкую вату, поп-корн, шашлык і іншыя прысмакі ў гандлёвых кропках Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства і індывідуальнага прадпрымальніка з гарпасёлка Андрэя Качаргіна.
***
Свята “Прыгранічны звон” набірае моц, абапіраючыся на лепшыя мясцовыя традыцыі, улічваючы павевы сённяшняга часу. Дык няхай плыве звон пагранічнага свята па ўсёй бераставіцкай зямлі!
На свяце пабывала
Святлана Ганчарова.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *