Ураган “Нікалас” пасваволіў і ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей

У аўторак на Беларусь наляцеў магутны ўраган, якому метэаролагі далі назву “Нікалас”. Нарадзіўшыся над Усходняй Атлантыкай, ранкам гэтага дня ён ужо насіўся над Швецыяй, Даніяй, Германіяй, Польшчай, Літвой, Латвіяй, “дастаў” да Украіны, “гуляў” па Калінінградскай вобласці Расіі. Вецер бушаваў і ў сераду, падчас зрываючы дахі з дамоў, валячы дрэвы і асвятляльныя слупы, рэкламныя шчыты.
У Беларусі без святла “Нікалас” пакінуў больш як 1300 населенных пунктаў. Першай прыняла ўдар стыхіі Гродзенская вобласць. Непагадзь нарабіла тут многа шкоды, асабліва ў Шчучынскім раёне, куды на выручку выязджалі і работнікі Бераставіцкага раёна электрычных сетак.
У нас на Бераставіччыне, на шчасце, пашкоджанняў ліній электраперадач было мала. Рамонтная брыгада РЭСа выязджала ў Кватары – на лінію ўпала дрэва, але пашкоджання было ліквідавана літаральна за гадзіну. Святло кароткачасова ад-ключалася ў Ярмолічах, Пачобутах, Меньках, Канчанах, Масалянах, дзе пад моцным ветрам галіны дрэў або тэлівізійныя антэны дакраналіся правадоў. Усё гэта аператыўна ўхілялася.
З аддзела па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што ўраган набедакурыў у РУСП “Масаляны”, а дакладней, у вёсцы Масаляны. Са збожжасклада тут было сарвана 20 лістоў шыферу, а на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу сарвала металічныя вароты.
Пацярпела паветка для тэхнікі Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя: з яе даху сарвана 35 лістоў шыферу.
Вядома, няпроста было ў гэтыя дні і метэазалежным людзям, гіпертонікам. Многія адчувалі боль галавы і болі ў касцях, падымаўся артэрыяльны ціск. Тым не менш, як паведамілі ў аддзяленні хуткай дапамогі ЦРБ, выклікаў у аўторак-сераду не пабольшала.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *