Умелыя рукі ў трактарыста-машыніста Бераставіцкай сельгастэхнікі Станіслава Прэдкі

Лента новостей

IMG_7100У камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве “Бераставіцкая сельгастэхніка” шмат непрыкметных і сціплых людзей, якія вызначаюцца высокім прафесіяналізмам. У наш час, калі ўзрастае значэнне арганізацый, якія ўмацоўваюць сваёй дзейнасцю і якаснымі паслугамі аграрны сектар краіны, уклад такіх працаўнікоў робіцца ўсё больш запатрабаваным. Пры беражлівых адносінах да тэхнікі любы ўмелец можа з карысцю прыкласці да яе свае рукі. Тым больш, што запчасткі зараз вельмі дарагія, таму, калі ёсць у чалавека своеасаблівы талент да рамонту, гэта вельмі добра.
Любая гаспадыня можа і жартам, і ўсур’ёз пацвердзіць, што ёй пашанцавала, калі ў мужа “рукі растуць” адтуль, адкуль трэба, каб мог удала адрамантаваць і прас, і мясарубку, і шмат чаго іншага, каб не купляць новага, пакуль старое і звыклае яшчэ можа не адзін год паслужыць. Здаецца, задаволена сваім лёсам і залатымі рукамі мужа і “другая палова” трактарыста-машыніста Бераставіцкай сельгастэхнікі Станіслава Прэдкі. Калі мне давялося з ім пагутарыць, ён якраз рамантаваў каробку перадач “немаладога” ужо трактара МТЗ-82. Другую маладосць яму яшчэ можна надаць вялікім клопатам і адмысловым майстэрствам.
У маладосці нашаму земляку давялося папрацаваць у Гродне на буйным прадпрыемстве, але ён у горадзе не прыжыўся. Карэнны вясковец вярнуўся на Бераставіччыну і не шкадуе. Гарадскі напружаны рытм, жыццё ў шматпавярхоўцы з вялікай колькасцю народу побач яго не спакушала, лепш жыць на ўлонні прыроды, дзе і агародам можна займацца, і хатнюю жывёлу пры жаданні трымаць.
Акрамя рамонту, на розных відах работ паказвае сябе з самага лепшага боку Станіслаў Часлававіч. На ўнясенні мінеральных угнаенняў, на пагрузцы цукровых буракоў у гаспадарках і на іншых відах работ стараецца ён, паказвае добры прыклад маладым.
Пашанцавала адмысловаму работніку і як мужу. Далёка не ў кожнага мужчыны жонка ўмее вельмі смачна гатаваць. А ў Станіслава жонка – повар-кандытар. І мясныя стравы, і кандытарскія вырабы такія гатуе – пальчыкі абліжаш!
– Як у рэстаране? – спыталася я.
– Лепш, чым у рэстаране! – ад душы пахваліў любую жонку муж…
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *