Тыдзень турызму і краязнаўства праходзіў на Бераставіччыне з 19 па 24 верасня. Мерапрыемствы ў яго рамках праводзіліся аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна з супрацоўнікамі ДУК “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” і па традыцыі былі прымеркаваны да Сусветнага дня турызму, які адзначаецца 27 верасня.
– Кожны дзень Тыдня турызму і краязнаўства быў напоўнены цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі, – гаворыць дырэктар музея Вавёркі Аляксандр Галавач. – Непасрэдна ў музеі мы ладзілі для школьнікаў тэматычныя экскурсіі, музейныя заняткі, гульні-падарожжы па “станцыях”. Напрыклад, малодшым школьнікам пасля вывучэння інтэрактыўнай карты асабліва цікава было ўдзельнічаць у віктарыне па веданню арэала пражывання відаў вавёркі. Падлеткам і дарослым быў прапанаваны кінапрагляд кароткаметражных беларускіх фільмаў. Спецыяльна да Тыдня турызму і краязнаўства была сабрана выстава дэкаратыўна-прыкладных вырабаў пад назвай “Творы дзіцячых рук”, дзе кожная работа прасякнута нацыянальным каларытам.
Музейныя супрацоўнікі правялі шэраг выязных лекцый ва ўстановах адукацыі. Тэма іх – гісторыя Бераставіччыны ў экспазіцыі музея Вавёркі.
У музеях і музейных пакоях школ раёна таксама праводзіліся мерапрыемствы краязнаўчай накіраванасці. Гэта выставы, выпуск інфармацыйных лістоў, сустрэчы з вядомымі людзьмі раёна. Удзел у іх прымалі не толькі вучні, але і іх бацькі, настаўнікі. Галоўнае, што ставілася на мэце, – выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця любові да сваёй малой радзімы, гонару за яе знакамітых людзей праз вывучэнне гісторыі роднага краю, а таксама знаёмства з цікавымі з турыстычнага пункту погляду аб’ектамі свайго рэгіёну.
Святлана Ганчарова,
фота з архіва
музея Вавёркі