Тры сустрэчы з вайной Аляксандра Хомкі

Лента новостей

IMG_0353Гарэзніцы Арынцы яшчэ чатыры гадкі, а дзядулю Сашы ў лістападзе будзе ўжо сто. Ён старажыл не толькі сваёй вёскі Валотынь, але і ўсяго Эйсмантаўскага сельсавета. З праўнучкай яны сябрукі адмысловыя! Сёння Арыша не была ў садзіку, бо ў мамы выхадны, і дзяўчынка хадзіла з ёю да доктара лячыць зубкі. З дзядулем ёй і яе сястрычцы, другакласніцы Сашы, заўсёды цікава і весела: разам мульцяшкі глядзяць, гуляюць, жартуюць. Ды і на дзедавых каленях гэтак добра, гэтак утульна!
– Любяць Аляксандра Рыгоравіча дзеці, – кажа іх мама, Таня, – ён сам выгадаваў чатыры дачкі і ведае, як трэба забаўляцца з малымі.
Цяпер з чатырох дзедавых дачок жыве, на жаль, адна толькі Надзя. А жонка, Надзея Васільеўна, дваццаць адзін год ужо, як памерла. Але сумаваць у адзіноце дзядулі ніхто не дазваляе. І гэта не толькі сям’я ўнука Сяргея, дзе ён цяпер жыве – у дзядулі восем праўнукаў, шасцёра унукаў. У Валотынь, дзе пражыў усё доўгае жыццё, ён выбіраецца толькі добрым цяплом – падыхаць родным паветрам. Ну, а па прасторнай хаце, якую некалі з такімі цяжкасцямі ставілі з жонкай пасля вайны, не сумуе, бо ва ўнукавай кватэры з усімі выгодамі ў Вялікіх Эйсмантах і зручна, і камфортна. А выйдзе на балкон трэцяга паверха – то і да роднай Валотыні, здаецца, рукой падаць.
Твар у твар з вайною Аляксандр Рыгоравіч сустракаўся не адзін раз. Першы – у 1939-м у Польшчы, калі палякі мабілізавалі яго ў войска, і неўзабаве пачалася вайна.
– Служыў кавалерыстам, – расказвае. – Што наша конніца значыла для нямецкіх танкаў? Ды і заняў Польшчу немец хіба ўсяго за два тыдні. Не ведалі мы, куды па­дзецца са сваёй конніцай. Афіцэр прыняў рашэнне здаць коней і зброю літоўцам, а нам параіў самім дабірацца дахаты.
Аднак нядоўга пабыў юнак у роднай Валотыні, хоць і спадзяваўся, што ў Германію немцы яго не забяруць. Справа ў тым, што хлопец быў адзін у бацькоў, а такіх не забіралі – заваяваная зямля павінна апрацоўвацца. Аляксандр жа ў той час сябраваў з дачкой старасты вёскі. І той не раз намякаў яму, што стараставага зяця парабкаваць не возьмуць. Аднак дружба паміж маладымі разладзілася. Юнак пакахаў другую дзяўчыну – сваю будучую жонку Надзю, і, відаць па ўсім, стараста яму за гэта адпомсціў. Аляксандр неўзабаве апынуўся пад самай французскай мяжой, на цукровым заводзе.
Пра тую пару ўспамінае так:
– Парабкаў было многа, асабліва французскіх ваеннапалонных. Са мной ехалі яшчэ два хлопцы з нашай вёскі і тры з Каенеўцаў. Кожны быў прыстаўлены да канкрэтнай аперацыі: мы сачылі, як варацца буракі. Працавалі па дванаццаць гадзін. Гэта і маладых вымотвала, што ўжо казаць пра старэйшых. Нас не кармілі, а выдавалі пфенінгі: думай пра сябе сам.
На заводзе хлопец працаваў два гады. Дахаты вярнуўся, калі родны край яшчэ быў акупіраваны.
– Бо татка не даваў рады адзін абрабляць зямлю, –тлумачыць.– І ў рэшце рэшт ён выпатрабаваў у немцаў, каб мяне вярнулі з Германіі.
На фронт ва Усходняй Прусіі хлопец трапіў у 44-м. Ваяваў у 1138-м стралковым палку.
– У разліку станкавага кулямёта быў нумарам адзін, гэта значыць, стралком, – успамінае ветэран. – Яшчэ адзін баец падносіў стужку з патронамі, а трэці заражаў. Весці агонь па немцах мы вучыліся на хаду, проста на фронце. Бралі гарады Гольтаб і Вільнюс. Баі былі цяжкія, многія байцы гінулі. Нас выручалі “кацюшы”. Немцы іх страшна баяліся: збяруцца ў наступленне, а як згледзяць машыну з “кацюшамі” – пачынаецца паніка. Карціна і сапраўды была жудаснай, здавалася, што гараць зямля і неба. Калі нашы “лупілі” па немцах днём, усё вакол завалакала чорным дымам, а калі ноччу – ва ўсё неба палала зарава. Адстраляўшыся, “Кацюшы” на хаду разварочваліся і знікалі. Мы, байцы, на іх проста маліліся.
Паваяваць больш салдату не давялося: за Вільнюсам яго дастала снайперская куля. Нагу доўга лячылі ў ваенным шпіталі.
***
У мірны час Аляксандр Рыгоравіч працаваў у паляводстве, на пілараме. У тым, што заўсёды рупіўся, бачыць сакрэт свайго даўгалецця.
– У такім узросце пра мяне клапоцяцца і шануюць не толькі родныя, – зазначае. –Да прыкладу, прыязджае цэлая камісія ўрачоў з Бераставіцы: аглядваюць, абстукваюць мяне. І мясцовыя дактары не забываюцца, прыхварэю – па першаму выкліку спяшаюцца. Хоць ужо сто гадоў маю, а сілы яшчэ ёсць, толькі слых і зрок моцна падводзяць.
Мой субяседнік паказвае новенькі юбілейны медаль – яго, як і грашовую падтрымку ад дзяржавы, Аляксандру Рыгоравічу ўручылі з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі. Ветэран рады, што пра яго, салдата вайны, у краіне помняць і яго шануюць.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *