Таямніца Масалянскай капліцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

У аграгарадку Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці насупраць сённяшняга адміністрацыйнага будынка РУСП “Масаляны”, былога палаца ўладальнікаў Масалян Біспінгаў, у водах вялікага возера адлюстроўваецца белы фасад каталіцкай капліцы, ужо ў трэці час за ўсю сваю гісторыю вернутай з небыцця намаганнямі вернікаў. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што некалі на капліцы, ператворанай у зернясклад, красавалася мармуровая дошка з надпісам. Ці дзіва, што дошка страчана, а змест надпісу забыўся. Але аўтары энцыклапедыі “Страчаная спадчына” (Мн., Полымя, 1998 г.) сведчаць, што капліца была пабудавана прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. у гонар Наталлі Кіцкай, якая прыходзілася гаспадыням маёнтка, памешчыцам Вайчынскай і Светчын (з Біспінгаў), дваюраднай пляменніцай, а наступным яго ардынатам – Яну, Аляксандру, Юзафу Біспінг фон Гален — дваюраднай цёткай.

“…Найпрыгажэйшая жанчына ў Літве
і кароне”
А нарадзілася Анна-Наталля ў Вільні ў 1801 годзе як старэйшая дачка Пятра Біспінга, маршалка шляхты Ваўкавыскага павета і Юзэфы з Кіцкіх. Пачатковую адукацыю атрымала ў маёнтку бацькоў у Галоўчыцах (Ваўкавыскага павета, цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). Самым каштоўным вынікам хатняга выхавання было свабоднае валоданне французскай мовай. Да 14 гадоў Наталля жыла дома, у памесці Галоўчыцы. Пасля напалеонаўскіх завірух і ўстанаўлення Каралеўства Польскага 15-гадовая Біспіжанка пачала дзяліць свой час паміж Варшавай, дзе жыла ў сваёй бабулі, Юзэфы Кіцкай, з домам бацькоў у Вільні. Патрэбна сказаць, што, як і многія жанчыны ў родзе Біспінг фон Гален, Анна-Наталля мела надзвычай прывабную знешнасць. Пра гэта Зыгмунт Красінскі пісаў да свайго прыяцеля: ”Твая сястра, пра якую ходзяць чуткі, ёсць найпрыгажэйшая жанчына ў Літве і кароне”. Прыродная прыгажосць і зграбнасць спалучаліся ў яе асобе са шматлікімі талентамі і розумам. Яна музіцыравала, малявала, вяла дзённікі. Хутка юная Наталля стане ўпрыгожаннем элегантных салонаў Варшавы і Вільні. У артыстычна-літаратурны свет Варшавы яе ўвяла яе цётка Тэрэза Кіцкая, у салоне якой маладая дзяўчына пазнаёмілася з Фрыдэрыкам Шапэнам, Юліем Урсын-Нямцэвічам, Антоніем Эдвардам Адынцом, Стэфанам Вітвіцкім, які першы пачаў вучыць юную прыгажуню разгадванню любоўных шарад. Праз іх сустрэлася з Юліушам Славацкім, што быў частым госцем гэтага салона. З вялікай цікавасцю знаёміцца Наталля з работамі Іаахіма Лялевеля. Дзякуючы сямейным сувязям, незвычайнай прыгажосці, назіральнасці і дасціпнасці, красуня Анна-Наталля хутка ўвойдзе і ў прыдворныя колы. Пазней пакіне даволі вострыя замалёўкі прыдворных баляў і ўрачыстай каранацыі Мікалая ў Варшаве. Гэтыя запісы сведчаць аб тым, што яна была пазбаўлена сляпога пакланення каранаваным асобам.
Удзельнічала ў грамадскім жыцці Вільні, дзе сыскала сабе сімпатыі маці Славацкага і Габрыэля Пузыні, якія прысвяцілі ёй шмат месца ў карэспандэнцыі і ўспамінах. Наталля Кіцкая была адорана музычна. У час свайго знаходжання ў Варшаве да лістападаўскага паўстання спявала пад акампанемент маладога Шапэна. У Вільні наша гераіня міжволі стала прычынай рамантычнай трагедыі. Закахаўся ў яе без памяці Фартунат Юрэвіч, прафесар Віленскага ўніверсітэта. І не было ў тым нічога дзіўнага, бо панна вызначалася прыгажосцю і розумам. У 1827 г. ён асмеліўся прасіць яе рукі. Атрымаўшы брутальную адмову ад пана маршалка, згодна з духам эпохі няшчасны закончыў жыццё самагубствам. Бацькі тэрмінова адпраўляюць панну Наталлю ў Варшаву.

Успаміны Наталлі Кіцкай
Праз колькі дзясяткаў гадоў Наталля апублікавала дзённікі, якія потым складуць аснову кнігі яе ўспамінаў, выдадзенай у 1972 годзе ў Варшаве і адразу стаўшай рарытэтам. Дзённік Наталлі Кіцкай з’яўляецца адлюстраваннем поглядаў, характэрных для польскай арыстакратыі таго часу, крайне варожа настроенай у адносінах да царскай Расіі. Змест яе запісак – гэта палымянае пачуццё спагады мяцежнікам, наведванне мужа на тэатры баявых дзеянняў, а потым трагічныя перажыванні, звязаныя са смерцю абажаемага мужа і паражэннем паўстанцаў. Успаміны Наталлі Кіцкай маюць і гістарычную каштоўнасць. У іх падрабязна апісваюцца дні лістападаўскага паўстання, узбагачаныя перапіскай з генералам Людвігам Кіцкім.
Як мы потым даведваемся з яе мемуараў, разумеючы ўсю неадназначнасць сітуацыі інцэсту, Наталля не жадала выходзіць замуж за свайго роднага дзядзьку без адпаведнага дазволу з Рыма. Аднак добры польскі біскуп знайшоў выхад: у кансісторыі знайшліся пустыя бланкі, падпісаныя папам Львом ХІІ. Дазволам, атрыманым з таго свету і дадзеным невядома каму, панна Біспінг задаволілася.
А вось яшчэ прыклад клопату пра Наталлю другога заступніка, добрага Адама Чартарыйскага: жадаючы, каб яна як найдалей не ведала аб смерці мужа, ён загадаў друкаваць спецыяльна для яе варыянты нумароў некалькіх газет, на якія тая падпісвалася – у іх Людвіг Кіцкі апісваўся як жывы, толькі адрэзаны са сваім атрадам ад асноўнай арміі.
Культ мёртвага мужа стане зместам і сэнсам яе жыцця. Яна ніколі болей не выйдзе замуж. Да канца свайго жыцця Наталля застаецца вернай свайму першаму і адзінаму каханню – Людвіку Кіцкаму. Яна пачынае дабівацца эксгумацыі і перапахавання яго цела, аднак па розных прычынах вымушана адступіць. У прыходзе Чэмернікі будуе капліцу, атрымлівае ад Папы Грыгорыя ХVІ згоду на штогадовае богаслужэнне 25 жніўня – у дзень Святога Людвіга, апекуна яе мужа.
На старонках свайго дзённіка яна піша пра генерала з вялікай пашанай, часта ідэалізуе яго заслугі. Яна была цвёрда пераканана, што гарматнае ядро, якое забіла яго, пазбавіла паўстанцкае войска галоўнакамандуючага. І бачыла ў трагічнай смерці мужа галоўную прычыну паражэння паўстання.
Сямейнае жыццё яе не склалася. Дачка Людвіка аказалася хваравітым дзіцём. Матка для выратавання яе здароўя бясконца вазіла яе на курорты, на воды, для атрымання адукацыі – у Швейцарыю, Італію, Францыю. Аднак у 1853 годзе, ледзь пражыўшы 22 гады, Людвіка памірае.
І ўсё ж вялізнае гора не зламала мужную жанчыну: яна знаходзіць сябе ў культурнай і грамадскай дзейнасці.
Наталля рэалізавала таксама сябе ў галіне мастацтва. Займалася графікай і жывапісам. Рэпрадукцыі 25 яе малюнкаў былі апублікаваны ў выданні “Помнікі з розных гістарычных калекцый”. Яе абразы знаходзяцца ў некалькіх касцёлах. У 1859 годзе яна распрацавала, фінансавала і выканала вітражы касцёла святой Троіцы ў Янаве Падляскім. Вітражы выкананы з дапамогай сябра і настаўніка, мастака Яна Пузыні.
Цікавілася выкапнямі і археалогіяй, аб чым сведчыць яе шматлікія артыкулы ў “Ведамасцях археалагічных”. За некалькі месяцаў да смерці выканала на пергаменце атлас Пталемея, каляровыя карты Скандынавіі. Акрамя таго, сабрала многа калекцый нацыянальных помнікаў: гравюры, нумізматычную і археалагічную калекцыі.

Наталля Біспінг-Кіцкая і Масаляны
Наталля наведвала Масаляны. Любіла гасціць у радні, часта праводзіла тут усё лета. Ці не таму Масаляны славіліся сваёй бібліятэкай і карціннай галерэяй, дзе былі прадстаўлены работы самых вядомых польскіх мастакоў таго часу! Ды й кампанія збіралася адпаведная: Напалеон Орда, Станіслаў Манюшка, які штолета збягаў ад свайго шматлікага і шумнага сямейства да сястры, што была замужам за графам Ельскім, у недалёкіх ад Масалян Гольнях.
Памерла Анна-Наталля Біспінг-Кіцкая 4 сакавіка 1888 года ў Варшаве. Архіў яе і цудоўная бібліятэка былі перавезены ў Масаляны.
Перад Другой сусветнай вайной прафесар Генрык Мосціцкі рыхтаваўся апублікаваць дакументы з яе архіва, які захоўваўся ў Масалянах. Ды 1939 год унёс свае карэктывы: дзённікі, археалагічныя артыкулы Кіцкай, калекцыя твораў мастацтва, калекцыя рэдкіх польскіх манет, пачынаючы з ХІІІ ст. археалагічная калекцыя, багатая бібліятэка Кіцкай, яе перапіска з найвядомейшымі людзьмі таго часу: Шапэнам, Адынцом, Левоцка, Вітвіцкім — незваротна страчаны для нашчадкаў.
Наталля Кіцкая, біяграфія якой ахоплівае амаль усё ХІХ ст. (1801 – 1888 гг.) з’яўляецца сапраўднай гераіняй бурнай эпохі рамантызму. Ёй давялося стаць сведкай многіх гістарычных падзей, сябраваць ці быць знаёмай з віднейшымі асобамі культуры і навукі свайго часу. Яе імя шырока вядома і ўшанавана ў суседняй Польшчы як патрыёткі, гераіні, яркай асобы эпохі. Яе кніга ўспамінаў шырока вядома сярод знаўцаў мемуарнай літаратуры. У 2005 г. у Маскве ў серыі “Россия в мемуарах» выйшла кніга “Война женскими глазами. Русская и польская аристократки о польском восстании 1830-1831 гг.”. У аснову пакладзены ўспаміны двух жанчын з варожых лагераў: полькі Наталлі Кіцкай і рускай княгіні Надзеі Галіцынай.
P.S. У Масалянах 19 мая адбудзецца другі раённы адкрыты фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі”, на якім у памяць незвычайнай жанчыны эпохі рамантызму Анны-Наталлі Біспінг-Кіцкай закружыцца “Бэзавы баль”.
Галіна Румак, аг.Масаляны



6 комментариев по теме “Таямніца Масалянскай капліцы

  1. Пасля закрыцця масалянскай капліцы ўся маёмасць з яе паступіла ў распараджэнне гродзенскага рымска-каталіцкага дэкана, а той у сваю чаргу перадаў яе ў Вялікія Эйсманты ў касцёл. Да гэтага ж касцёла прыпісалі і вернікаў-католікаў, што наведвалі масалянскую капліцу. У асноўным гэта былі служачыя уладальніцы маёнтка Юзэфы Вайчынскай.
    Адносна бераставіцкага касцёла. Я нешта падобнае чуў аб тым, што астанкі былых ўладальнікаў мястэчка палілі на вогнішчы. Здаецца ў касцёле было 9 падземных крыптаў з трунамі, якія злучалісь агульным калідорам — гэта не так мала. Аднак гэтай гісторыі ў дэталях не ведаю. Цікава, адкуль яна пайшла? Не выключаю, што ёсць нейкія архіўныя матэрыялы.

  2. Падобна на тое, што ў Масалянскай капліцы пахаванняў не было. А труны з Вярэйкаўскага касцёла былі перавезены ў Эйсманты (2) і ў Струбніцу (1), бальзамаваныя целы ж Мнішкаў, Хадкевічаў, Патоцкіх і Касакоўскіх з Вялікабераставіцкага касцёла зімой 1865 г. былі спаленыя пасярод плошчы перад касцёлам.

  3. Добры дзень, Галіна. Літаральна на днях сустрэў у архівах матэрыял, які датычыцца Масалянскай капліцы. Гэта архіўная справа расказвае аб закрыцці царскімі ўладамі і перабудове капліцы «в православную часовню, относящуюся к Массолянской приходской церкви» (1865-67гг.) Цікава, што гэта быў адзін ланцуг падзеяў Вялікая Бераставіца-Малая Бераставіца-Масаляны-Вярэйкі і г.д. Пакуль не магу высветліць, ці былі ў капліцы ад самага пачатку яе ўзвядзення (1853-56гг.)нейкія пахаванні. Уладальніца маёнтку Масаляны Юзэфа Вайчынская адразу пасля закрыцця капліцы звярнулась да ўладаў з прашэннем пакінуць ёй капліцу ва ўласнае карыстанне, паколькі яна збіраецца перанесці туды фамільныя гробы сваіх продкаў з Вярэйкаўскага касцёла, які таксама перабудавалі ў царкву. У прашэнні ёй было адмоўлена. Дарэчы, пасля паўстання 1863г. гэта тэндэнцыя назіраецца паўсюдна-перамяшчэнне фамільных трунаў з былых касцёлаў у новыя месцы і г.д. Падобная гісторыя не абмінула і саркафаг з сэрцам Хадкевіча ў Вялікай Бераставіцы.

  4. Дзякуй за цікавасць. Не чакала. Двойчы прыемна.

  5. Многа загадак хавае яшчэ бераставіцкая зямля, і вельмі добра, што ёсць людзі, якія дапамагаюць пазнаваць яе гісторыю. Дзякуй усім, хто па крупінках збірае невядомыя да гэтага часу факты і знаёміць з імі ўсіх нас.

  6. Цікавы артыкул. Дзякуй мясцовым краязнаўцам.Па гісторыі бераставіцкага раёна мы знаем вельмі мала.Гэта датычыцца і Масалянаў.Тым больш,што там быў даволі вядомы маёнтак.Ён нічым не саступаў па сваёй велічнасці вялікабераставіцкаму маёнтку Касакоўскіх Перад другой сусветнай вайной там нават па падворку хадзілі павы (па-руску павлины).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *