Тамара Касьян – лаўрэат абласной выставы-конкурсу

Лента новостей

img_9488Уладальніцай адразу двух дыпломаў абласной выставы-конкурсу “Саламяны цуд” стала загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, майстар саломапляцення Тамара Касьян. Тамара Мікалаеўна атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Лепшая калекцыя выставачных работ” і адзначана спецыяльным дыпломам за лепшую работу, выкананую ў традыцыях абрадавай пластыкі.

Выстава-конкурс праходзіла ў верасні-кастрычніку ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці з мэтай развіцця і папулярызацыі саломапляцення як народнага рамяства і віда дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Каб найбольш поўна ацаніць разнастайныя напрамкі саломапляцення, арганізатары выставы-конкурсу – а гэта галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці – прадугледзелі чатыры намінацыі (ад традыцыйных вырабаў, накшталт лялек, фігурак жывёл, галаўных убораў, кошыкаў, да аб’ёмна-прасторавых мастацкіх кампазіцый і сувеніраў з саломкі) і пяць спецыяльных дыпломаў.
– Атрымаўшы прапанову прыняць удзел у абласной выставе-конкурсе, я выбрала намінацыі, дзе ацэньваліся калекцыі выставачных работ і вырабы традыцыйнага саломапляцення, – дзеліцца ўражаннямі Тамара Мікалаеўна, – бо мае работы найбольш адпавядалі заяўленым крытэрыям менавіта гэтых намінацый. Безумоўна, хвалявалася. Усё ж такі ў творчым спаборніцтве ўдзельнічалі 16 майстроў саломапляцення з усёй Гродзеншчыны. І, канешне, мне вельмі прыемна і ганарова, што членам журы мае вырабы %d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b3%d0%b0%d0%bc%d1%86%d0%bd%d1%82спадабаліся, нечым іх кранулі.
Чым могуць крануць саламяныя творы Тамары Мікалаеўны, мы добра ведаем. Яны прыцягваюць не толькі прыгажосцю і хараством такога прыроднага матэрыялу як саломка, але і адрозніваюцца цікавай аўтарскай інтэрпрэтацыяй і незвычайнасцю сюжэтных кампазіцый, у якіх відаць душу майстра, яе пачуцці і светаадчуванне. Напэўна, гэта і ўбачылі члены журы, якія аддалі перавагу вырабам Тамары Мікалаеўны.
Майстар прадставіла на конкурс дзесяць сваіх работ, розных па зместу, форме і тэхніцы выканання. Гэта саламяны павук, пеўнік, дуэт лялек пад гаворачай назвай “Бераст і Тавіца. Сардэчна запрашаем!”, прыгожая кампазіцыя “Кошык з ружамі”, дэкаратыўныя лапці і сапраўдныя куфэрак, шкатулка, кошычак, хлебніца, саламяны капялюш, якімі можна карыстацца ў побыце. Калекцыя Тамары Мікалаеўны вызначалася сярод іншых выставачных калекцый рознажанравасцю, выразнасцю і акуратнасцю выканання.
Падвядзенне вынікаў выставы-конкурсу і ўзнагароджанне пера­можцаў адбыліся на абласным семінары-практыкуме майстроў-метадыстаў і спецыялістаў клубных устаноў, адказных за захаванне і развіццё народных рамёстваў і промыслаў у сваім рэгіёне. А на базе цэнтра “Спадчына” ДУ “Цэнтр культуры г.Гродна” адбыліся практычныя заняткі па пляценню з саломкі, лазы, сітніка, рагозу, асакі, іншых раслінна-кветкавых матэрыялаў. У якасці выкладчыкаў выступілі вядучыя майстры Гро­дзеншчыны.
– Такія семінары заўсёды ціка­выя, – расказвае Тамара Мікалаеўна. – Мы абменьваемся вопытам з калегамі, пераймаем нешта новае для сябе, каб потым гэта выкарыстаць у рабоце. Цяпер жа, акрамя карысных майстар-класаў па аплікацыі саломкай, па змешанай тэхніцы вырабаў з саломкі, па спіральнаму (жгутаваму) пляценню з саломкі і травы, па вырабу велікодных вербаў з прыроднага расліннага матэрыялу і пляценні з лазы, мы ўдзельнічалі ў “круглым стале”, падчас якога абмяркоўвалі праблемы пераемнасці традыцыйных тэхнік пляцення з прыродных матэрыялаў у дзіцячых гуртках і студыях, разглядалі шляхі прыцягнення і стымулявання падрастаючага пакалення да вывучэння народных рамёстваў і промыслаў. Гэта, лічу, сапраўды важна, бо менавіта рамёствы і промыслы, якія зарадзіліся ў старажытнасці, захоўваюць традыцыйную культуру нашых продкаў і душу народа, зберагаюць яго аўтэнтычнасць.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *