Сяргей Агнеўскі пабываў на рэспубліканскім семінары па садаводству

Лента новостей

У рэспубліцы дзейнічае дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011-2015 гады. А ў 1997-2000 гадах паспяхова ператваралася ў жыццё Рэспубліканская праграма развіцця пладаводства, дзякуючы якой ў краіне была створана паўнавартасная сетка сучасных гадавальнікаў. Развіваючы ўласную такую галіну аграрнага сектара краіны, будзе магчыма замяніць значную частку імпартнай, і далёка не таннай прадукцыі, айчыннай.
У рэспубліканскім друку мне давялося прачытаць пра рэйд аднаго журналіста па многіх мінскіх магазінах. Дык ён зрабіў парадаксальную выснову і забіў трывогу, што гандлярам проста выгадна прадаваць больш дарагую імпартную прадукцыю, напрыклад, яблыкі, таму што і гандлёвая нацэнка на іх ад большай цаны адпаведна выходзіць большая. Часта магазіны нават проста не заказваюць айчынныя яблыкі, хаця яны і ёсць у сховішчах… А ў краіне згодна з праграмай будуюцца яшчэ новыя сховішчы. Аказваецца, далёка не ўсе ў нас гатовы падтрымліваць айчынных вытворцаў і патрыятычны лозунг “Купляйце беларускае!”
У нас у раёне, магчыма, з уводам у эксплуатацыю сучаснага сховішча ў СВП “АграМір” у выязным гандлі і на традыцыйных восеньскіх кірмашах будуць прадавацца свае яблыкі. У тым, што яны будуць карыстацца попытам, я не сумняваюся. Дастаткова ўспомніць у любы год чэргі за недарагімі яблыкамі на такіх кірмашах.
І калі імпартныя яблыкі прахо­дзяць да 12 хімічных апрацовак, дык “свая прадукцыя будзе больш экалагічная”, заўважае выконваючы абавязкі начальніка ўчастка “АграСад” сельгаспрадпрыемства Сяргей Агнеўскі (на здымку). Неаднаразова ў час нашых гутарак я заўважала, як зацікаўлены гэты неардынарны чалавек сваёй любімай справай, як стараецца быць у курсе ўсяго новага і перадавога. Ён падтрымлівае сувязь з калегамі з іншых гаспадарак, пастаянна бывае на рэспубліканскіх семінарах. Карысць такіх мерапрыемстваў не толькі ў тым, што можна многае пераняць у беларускіх вучоных, весці пладаводства па сучасных тэхналогіях, але яшчэ і выслухаць дасведчаныя меркаванні аграномаў — садаводаў, таму што “па тэлефоне шмат не скажаш”. А зносіны такія вельмі карысныя.
Вось і нядаўна давялося пабываць Сяргею Іванавічу ў Мінскім раёне, дзе праводзіўся чарговы рэспубліканскі семінар. Праводзіла яго асацыяцыя “Белсадгадавальнік”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел генеральны дырэктар гэтай асацыяцыі Анатоль Карэнька і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васіль Паўлоўскі. Для акуліроўшчыкаў рэспублікі было арганізавана цікавае спаборніцтва. Спаборнічалі паміж сабой 12 каманд. З трох гаспадарак Гродзенскага раёна таксама прыехалі вопытныя спецыялісты, якія паказалі сваё майстэрства.
Па словах Сяргея Агнеўскага, цікавымі былі таксама лекцыі вучоных Інстытута пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Загадчык аддзела селекцыі пладова — ягадных культур Зоя Казлоўская парэкамендавала новыя гатункі яблык. Яны прайшлі выпрабаванні і занесены ў Дзяржрэестр. Гэта гатункі Сакавіта, Новавіта, Красавіта. Прадукцыя вызначаецца выдатнымі смакавымі якасцямі, і яна сапраўды сакавітая, таму такія яблыкі ахвотна бяруць і на перапрацоўку. У нашай жа вобласці з новых гатункаў “прыжыліся” ўжо таксама “Алена” і “Жэнева – Эрлі”. Сяргей Іванавіч гаворыць, што з эканамічнага пункту гледжання лепш рабіць стаўку на продаж яблык насельніцтву, чым здаваць такую прадукцыю на перапрацоўку.
На семінары расказвалі таксама і пра перспектыўныя гатункі груш. Ёсць нават гатунак айчыннай селекцыі “Проста Марыя”. Самі назвы сведчаць, што селекцыянеры – людзі натхнёныя і творчыя. А смачныя грушы – канкурэнты яблыкам.
Магчыма, будзем і з грушамі…
Па-сапраўднаму захапіўся Сяргей Агнеўскі і развядзеннем ягад. Пакуль вырошчваюцца ў са­дзе чорныя парэчкі, аронія. Яму вельмі цікавая была інфармацыя на семінары па вырошчванні саджанцаў на “бязвіруснай аснове”. Яны ўстойлівыя супраць хвароб. Гутарка вялася пра сучасныя прамысловыя тэхналогіі закладкі і ўборкі ягад. Аказваецца, ужо ў рэспубліцы ёсць і адпаведны перадавы вопыт, спецыяліст спа­дзяецца, што ён будзе ўкараняцца і ў нас. Нават тэхніку адпаведную можна было паглядзець у Мінскім раёне. Яе прадставіла фірма “Селагра”. Гэта апырсквальнікі, пасадачныя машыны і збіральныя. Для пасадкі саджанцаў два агрэгаты ў “АграМіры” ўжо ёсць, у перспектыве тут будуць старацца купіць ягадаўборачны камбайн. Увогуле, багаты выбар сучаснай тэхнікі ў сённяшняй Беларусі радуе. Ёсць агрэгаты і для праполкі, а таксама для здрабнення галінак і травы. Яны тады добра перагніваюць, служаць арганічнымі ўгнаеннямі.
— Маліны не хапае, — са шкадаваннем сказаў мне Сяргей Іванавіч напрыканцы нашай гутаркі. – Гэта сапраўдны “смак дзяцінства” для многіх з нас. Ёсць нават гатункі, адаптаваныя пад прамысловы збор. Спадзяюся, што ў будучым і ў нас такія будуць…
Пажадаем нашаму рупліваму садаводу далейшых поспехаў на карысць раёна і спаўнення яго запаветнай мары!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *