«Сяброў вітаем шчыра і сардэчна!». У Вялікай Бераставіцы прайшоў вечар сямейнага адпачынку

Актуально Культура Лента новостей

Чарговая творчая сустрэча адбылася ў суботу, 8 жніўня, на адкрытай пляцоўцы летняга амфітэатра ў Вялікай Бераставіцы. Жыхары і госці гарпасёлка сабраліся на вечар сямейнага адпачынку пад назвай “Сяброў вітаем шчыра і сардэчна!”. Ласкавае жнівенькае надвор’е спрыяла прыўзнятаму настрою, а забаўляльная праграма была разлічана і на дзяцей, і на дарослых.

Інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы і забавы на любы густ

Інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей, якія дзейнічалі на працягу лета ў скверы райцэнтра, прыйшліся даспадобы многім юным бераставічанам і прыезжым хлопчыкам і дзяўчынкам, якія завіталі на канікулы да бабуляў і дзядуляў. Вось і на гэты раз дзеці з задавальненнем далучыліся да прапанаваных гульняў і майстар-класаў.

Папулярнасцю карыстаўся аквагрым ад Бераставіцкага Дома рамёстваў. Дзейнічалі арганізаваныя работнікамі Дома рамёстваў і музея Вавёркі майстар-класы па кераміцы і роспісу драўляных спілаў.

На пляцоўцы Бераставіцкай раённай бібліятэкі можна было пазнаёміцца з маляўнічымі і цікавымі дзіцячымі кнігамі ў так званай “зоне свабоднага чытання”. Шмат пазнавальных дзіцячых энцыклапедый было прадстаўлена на кніжнай выставе “Мая зямля, мая Радзіма завецца светла – Беларусь”. У выданнях даступна і зразумела для дзіцячага ўзросту расказваецца пра наш родны кут – гарады і славутыя адметнасці, непаўторную прыроду, раслінны і жывёльны свет. Самыя ж маленькія наведвальнікі выставы маглі пагартаць каляровыя, з прыгожымі малюнкамі казкі і азбуку. А яшчэ паўдзельнічаць ў віктарыне на веданне беларускіх сімвалаў, малюючы адказы каляровымі маркерамі на вялікім папяровым палатне.

Хлопчыкі традыцыйна аблюбавалі настольны футбол і лазертаг. Неад’емны атрыбут масавых святаў – вялікая надзіманая горка – таксама сабрала нямала дзяцей. А яшчэ можна было набыць рознакаляровыя паветраныя шары, сыграць у бяспройгрышную латарэю Дома рамёстваў і выйграць прыгожыя самаробныя дэкаратыўныя вырабы.

 

Пленэр юных мастакоў  і тэатралізаваная гульнявая праграма для дзяцей

Пленэр – гэта працэс малявання на свежым паветры. Юныя мастакі – вучні Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў – пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Марыі Нагродскай далучыліся да творчасці і з дапамогай фарбаў і пэндзляў паспрабавалі перадаць на паперы свае ўяўленні пра лета. Малявалі пад цікаўнымі позіркамі адпачываючых, што досыць складана. Аднак справіліся на выдатна.

А тым часам каларытныя казачныя персанажы праводзілі для хлопчыкаў і дзяўчынак займальную гульнявую праграму “У адзіным карагодзе”, дзе былі і конкурсы, і песні, і флэшмоб, і прызы за актыўнасць.

 

 

 

Канцэрт “Жыву і дыхаю, мой родны край, табою!”

Канцэрт калектываў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці завяршыў вечар сямейнага адпачынку.

Лірычныя песні пра малую радзіму – Бераставіцу і нашу агульную Радзіму – Беларусь у выкананні папулярных выканаўцаў раёна прагучалі шчыра і прыўзнята, падарылі гледачам шмат пазітыўных эмоцый і пачуццяў.

Сваёй творчасцю падзяліліся народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і ансамбль песні “Верацейцы” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Ст. Дворац, работнікі культуры  і аматары мастацкай творчасці раёна Андрэй Аруткін, Юлія Сяргеева, Ірына Мінькоўская, Аляксандр і Алена Бутрыла, Вольга і Дзмітрый Пазнякі, Наталля Траццякова, Уладзімір Макар, юныя выканаўцы Арына Лукашэвіч, Мілана Скокава і Дар’я Казак.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *