Стыпендыяты Фонду міру з Бераставіцкага раёна

Лента новостей

Аб уручэнні стыпендый Фонду міру ў рамках праграмы “Адораныя і таленавітыя – будучыня свету ” лепшым вучням Бераставіччыны мы паведамлялі ўжо на старонках “раёнкі”, а сёння бліжэй пазнаёмімся з самімі стыпендыятамі.

Юлія Глінская – васьмікласніца Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы. Гэтая невялікага росту дзяўчынка мае за плячыма ўжо даволі вялікія дасягненні. Добра ведаюць яе не толькі ў сваёй навучальнай установе, але і на раённым узроўні. Юля – пастаянная ўдзельніца прадметных алімпіяд, разнастайных спартыўных спаборніцтваў і пазашкольных мерапрыемстваў.
У “скарбонцы поспехаў” Юліі – трэцяе месца ў раённай алімпіядзе па рускай мове (2010 г., 2011 г.), другое месца ў раённай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўю (2011 г.), першае месца ў завочным туры інтэрнэт — алімпіяды “Праметэй” па беларускай мове і ўдзел у вочным туры ў г.Мінску (2010 г.), трэцяе месца ў раённым конкурсе “Важацёнак” (2009 г.), другое месца ў раённым конкурсе творчых праектаў “Я – піянер сваёй краіны” (2011 г.) і яшчэ шмат іншага.
Сваімі любімымі школьнымі прадметамі васьмікласніца называе рускую і беларускую мовы і фізкультуру. Дзяўчынка шмат чытае, асабліва любіць дэтэктыўную літаратуру.
А яшчэ да ўсяго Юля мае шэраг грамадскіх даручэнняў: яна стараста класа і старшыня піянерскай дружыны імя Вольгі Соламавай. Калі трэба напісаць сцэнарый да мерапрыемства ці нешта намаляваць або аформіць – гэта таксама да Юлі.
На ўсё ў дзяўчынкі хапае часу, і ўсё яна выконвае старанна і адказна.
Выдатніца ў школе, а дома – памочніца для мамы і падтрымка для малодшых сястрычак.
Добрая і адкрытая па характару, дзяўчына карыстаецца аўтарытэтам у аднакласнікаў, мае шмат сяброў як сярод аднагодкаў, так і малодшых школьнікаў, у якіх яна была важатай.
У будучым Юля хацела б стаць юрыстам, таму вырашыла ісці да гэтага мэтанакіравана і настойліва.
Яшчэ адна стыпендыятка Фонду міру – Надзея Козел з Масалянскага ясляў-сада – сярэдняй школы. Надзя – адзінаццацікласніца, ужо завяршае навучанне ў школе. І яе вучоба – добры прыклад для іншых: па выніках другой чвэрці гэтага навучальнага года дзяўчына мае сярэдні бал “10”, а гэта значыць, выключна дзясяткі па ўсіх прадметах.
Штогод Надзя паказвае добрыя вынікі на раённых прадметных алімпіядах, у гэтым годзе ў яе першае месца ў раённай алімпіядзе па рускай мове.
Першая дзяўчына не толькі ў вучобе, актыўная і ініцыятыўная, яна заўсёды ў цэнтры ўсіх школьных спраў і мерапрыемстваў.
Надзя з’яўляецца прэзідэнтам школьнай рэспублікі, адстойвала гонар школы на раённым конкурсе “Лідар”. Яна таксама капітан каманды КВЗ “Масаляты” і капітан каманды інтэлектуалаў “Надзея” сваёй навучальнай установы.
Дзяўчына любіць займацца вывучэннем камп’ютарных праграм, шмат інфармацыі бярэ з інтэрнэту. Вельмі добра ў яе атрымліваюцца мультымедыйныя прэзентацыі, таму яна ахвотна дапамагае іх ствараць для разнастайных конкурсаў.
Мэтанакіраваная, адказная, патрабавальная да сябе, Надзя чакае гэтага і ад іншых, а асабліва – ад сваёй малодшай сястры, кантроль за тым, як яна выканала ўрокі, Надзя вядзе большы, чым бацькі.
З будучай прафесіяй дзяўчына ўжо канчаткова вызначылася: яна збіраецца паступаць на эканамічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.
Уручэнне стыпендыі Фонду міру стала для Надзі вельмі прыемнай падзеяй у жыцці. Значок стыпендыята займае ганаровае месца ў яе пакоі, а саму стыпендыю дзяўчына вырашыла патраціць на пакупку наручнага гадзінніка, на якім абавязкова зробіць гравіроўку, з якой нагоды ён набыты.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *