Словы розныя бываюць. А за абразу пакараюць па законе

Лента новостей Тема недели

Слова — самы просты спосаб выразіць свае думкі, перадаць пачуцці, абмяняцца ўражаннямі. Словы з’яўляюцца элементам ветлівасці і служаць для пахвалы, прывітання, выражэння ўдзячнасці. Прыемна чуць мілагучныя, эмацыянальна афарбаваныя словы. Яны песцяць слых, ствараюць добры настрой, надаюць зарад бадзёрасці. І чалавек, вымавіўшы добрыя словы, адразу становіцца прыемным і прыязным. І зусім іншая справа, калі з вуснаў знаёмага, а тым больш незнаёмага чалавека ў твар ці наўздагон ляцяць прыкрыя, лаянкавыя, непрыемныя словы. Тады яны становяцца самай сапраўднай зброяй. Раняць душу, псуюць настрой, крыўдзяць, зневажаюць.

Народная мудрасць сабрала цэлы шэраг яркіх выслоўяў на гэту тэму («На чужы рот гузіка не нашыеш», «Выказанага слова да губы не вернеш», «Трымай язык за зубамі», «Язык мой – вораг мой», «Слова не верабей – вылеціць – не зловіш», «Хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае», «Свой язык горшы за ліхога суседа», «Языку дай волю – завядзе ў няволю»).
Аднак часам складваеццца такое ўражанне, што нашы сучаснікі гэтых слоў народнай мудрасці і не чулі. Не падумаўшы, злосна і гучна кідаюць словы, ды не на вецер.
У апошні час сталі распаў­сюджанымі зневажанні ў інтэрнэт-прасторы, калі абразлівыя словы адрасуюць табе людзі, з якімі ты нават не знаёмы і нічога кепскага ім асабіста не зрабіў. Гучаць абразлівыя словы ў адрас людзей пры выкананні імі службовых абавязкаў.
Блізкаму чалавеку дараваць можна многае. Толькі яму самому шкадаванне аб сказаным будзе вярэдзіць душу.
Калі ж вас усур’ёз пакрыўдзілі, абразілі і дараваць гэта немагчыма, на крыўдзіцеля можна знайсці ўправу. Напісаныя або сказаныя пры сведках словы могуць прынесці непрыемнасці іх аўтару і бумерангам вярнуцца назад.
Сёння ў заканадаўстве існуе некалькі артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу, накіраваную ў адрас іншага чалавека. І, як паказвае судовая практыка, такія выпадкі перыядычна трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў. Эксперты-лінгвісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, пры неабходнасці, праводзяць лінгвістычную экспертызу, аналізуюць вусныя, пісьмовыя і полікодавыя тэксты і вызначаюць, ці маюцца ў прадстаўленых тэкстах выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца асоба. Калі так, то якімі моўнымі сродкамі гэта выражана. Пасля правядзення поўнага лінгвістычнага аналізу з выкарыстаннем разнастайных слоўнікаў на наяўнасць у словах абразлівых прыкмет эксперты дадуць аргументаванае заключэнне, ці была выказана ў словах негатыўная ацэнка асобы. А вось прававая ацэнка — гэта ўжо задача органа, які вядзе працэс. Вынікі лінгвістычнай экспертызы будуць улічаны ў судзе пры разглядзе справы.
За абразу заканадаўствам праду­гледжана некалькі відаў адказнасці. У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях існуе артыкул 10.2 “Знявага”, згодна з якім за дадзены від парушэння належыць пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь. Калі наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выражанае ў непрыстойнай форме, было нанесена публічна, напрыклад у СМІ, інтэрнэце, то і адказнасць будзе больш сур’ёзная. Гэта штраф у памеры да 200 базавых велічынь, ці грамадскія работы, ці адміністратыўны арышт. Крымінальны кодэкс прадуглеждвае пакаранне за знявагу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прадстаўніка ўлады, суддзі ці народнага засядацеля, а таксама за знявагу падначаленым начальніка ці начальнікам падначаленага. Асуджаным па такіх артыкулах належыць суровае пакаранне.
Калі дарагі для вас чалавек уловіць у словах адценне крывадушнасці або фальшы, то закрые ад вас не толькі вушы, але і сваё сэрца. Толькі шчырасць, праўдзівасць, адкрытасць пачуццяў і думак дораць людзям паразуменне і сваяцтва душ.
Вольга Беляня



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *