Скарб народа. У Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе шануюць родную мову

Лента новостей Образование

У кожнага народа няма большага скарбу, чым яго мова. Родная мова —  гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, яго розум і вопыт. З мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, захавання моўных і культурных традыцый адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы – 21 лютага.

У Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе ў рамках святкавання  Міжнароднага дня быў праведзены тыдзень роднай мовы. Навучэнцы розных узростаў прынялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў. Так, з  вучнямі II класа праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “З любоўю да роднага слова” (настаўнік М.С. Курстак), з вучнямі III класа —  гульня-конкурс “Беларуская вясёлка” (настаўнік  Г.В.Бароўская). Свята “Родная мова – бясцэнная спадчына”  чакала вучняў IV класа (У.Р. Саўко). Вучні V-VI класаў удзельнічалі ў конкурсе “Беларуская скарбонка” (настаўнік С.У. Мазавецкая). Каманды  VII і VIII класаў паспаборнічалі ў турніры “Знаўцы мовы” (настаўнік Л.А. Аўдзей). Вучні IX клас правялі вусны часопіс “Не пакідайце ж мовы роднай…” (настаўнік У.Р. Саўко). Старшакласнікам была прапанавана віктарына “Любі, шануй, ведай роднае слова” (Э.Б. Мазавецкі).

Вучні V- IX класаў прынялі ўдзел у флаер-фэсце “У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы…”. Лепшыя работы атрымаліся ў вучаніц IX класа Маргарыты Карпук  і Веранікі Сарасек . Жадаючыя  прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе-гульні “Буслік”. XI-класнікі, некаторыя бацькі, работнікі ўстановы адукацыі напісалі агульнанацыянальны дыктант.

Паколькі наша ўстанова адукацыі беларускамоўная і адукацыйны працэс ажыццяўляецца на беларускай мове, навучэнцы добра ведаюць беларускую мову, размаўляюць на ёй. Тым не менш праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі выхаванню любові да роднага слова, роднага краю, Радзімы. Мы лічым, што кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, павінен ведаць беларускую мову, бо гэта – наша галоўнае нацыянальнае багацце і адрозненне.

Святлана Мазавецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце    Макараўскага ясляў- сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *