“Серафіма родненькая”

Лента новостей

1Кінафільм “Серафима прекрасная” наша зямлячка з вёскі Леснявічы Серафіма Курцэвіч з зацікаўленасцю паглядзела двойчы. Гераіня гэтага рэйтынгавага серыялу не толькі яе цёзка. Іх аб’ядноўваюць і нялёгкія, няпростыя лёсы, а яшчэ – уласцівыя абедзвюм трывалы духоўны стрыжань і душэўная прыгажосць…
Нарадзілася Серафіма Рыгораўна ў 1925 годзе і нядаўна, 20 снежня, адзначыла дзевяностагадовы юбілей. Яе жыццё – гэта незлічонае мноства падзей мінулага і цяперашняга стагоддзяў. Памяць беражліва захавала ўсё самае важнае і дарагое для жанчыны.

У акупацыю
Яна расла ў мнагадзетнай сям’і: мела дваіх братоў і дзвюх сясцёр. Татка памёр рана, і ўвесь клопат пра дзяцей лёг на плечы маці. Серафіма ўжо ў дзесяць год умела ўпраўляцца па гаспадарцы: варыць ежу, мыць бялізну, даіць карову, палоць агарод і нават жаць сярпом. За “першымі саветамі” ў калгас яе не запісалі: не выйшла ні ростам, ні ўзростам. Радня адправіла дзяўчынку за няньку ў Беласток.
…Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было шаснаццаць.
Аднойчы ранкам у хату ўваліліся вясковы стараста Астап і паліцыянты: “Збірайце дачку і сына ў Германію!”. Маці – у плач: як жа можна адправіць на чужыну адразу дваіх дзяцей?
– Хлопец дык хоць старэйшы, а чаму ж малую Сарафімку забіраеце? – даводзіла яна нязваным гасцям, галосячы і молячы-просячы ў іх за дачушку.
Забралі тады толькі брата. Аднак праз некалькі месяцаў зноў зайшоў стараста і папярэдзіў маму: рыхтуй дачку ў далёкую дарогу.
Дзяўчынка плакала ўсю ноч. А назаўтра адна вясковая цётка дарадзіла ёй так: нарві на балоце курынай слепаты і, раздзёршы нагу, змаж сокам той слепаты рану.
Серафіма зрабіла ўсё так, як раіла цётка. І неўзабаве на назе ўскочылі вялікія пухіры.
– Ох, і нацярпелася я болю! – успамінае Серафіма Рыгораўна. – Паехалі мы з мамай у Бераставіцу. У тым гета я не магла нават стаяць: рана пякла як агнём! Мама пайшла шукаць нашага старасту Астапа:
– Паглядзі, як у дзіцяці разгнілася нага.
Той падышоў, зірнуў, а потым прывёў немца. Фашыст раззлаваўся, пачаў нешта крычаць. Дзяўчынка калацілася ад страху, бо думала, што будуць біць ці нават застрэляць.
Але яе ўсё ж адпусцілі: немцы, сказала Серафіме мама, надта баяліся ўсякай заразы.
Сям’я ўздыхнула з палёгкай. Нага загоі­лася, і дзяўчынка забылася пра ўсё, як пра страшны сон. Цешыла сябе надзеяй: болей ні немцы, ні стараста пра яе не ўспомняць.
Але праз нейкі час у Леснявічах пачалі браць у Нямеччыну моладзь, якая нара­дзілася ў 1925 годзе. Стараста зайшоў да іх і сказаў:
–Твая дачка, Рыгарыха, цяпер ужо не адкруціцца, паедзе парабкаваць.
Аднак Серафіма ўжо ведала, што рабіць. На гэты раз пухіры ад курынай слепаты ўскочылі на яе левай руцэ.
У Гродне, на камісіі ў гета, адных раз­мяркоўвалі ў Германію, другіх – хто, як Серафіма, меў хібы ў здароўі – адпраўлялі дахаты. Аддалі ім пашпарты, даведкі і сказалі: “Нясіце гэтыя дакументы ў гміну. А паправіцеся – паедзеце за мяжу”.
– Нас, такіх “калек”, назбіралася з навакольных вёсак чалавек дзесяць, а з Леснявіч я была адна, – успамінае субяседніца.
Яны ішлі са станцыі Бераставіца і бедавалі: што ж такое зрабіць, каб па­збавіцца той Нямеччыны?
У гміну прыйшлі рана. Немцаў яшчэ не было, за сталом сядзеў толькі перакладчык Алясюк. А чалавека гэтага, зазначае Серафіма Рыгораўна, увесь раён ведаў, бо шмат ён людзям дабра зрабіў, пазбавіўшы многіх ад Нямеччыны і нават ад растрэлу.
– Выслухаў нас той Алясюк і кажа: ”Дурні вы: вас ужо няма тут, вы паехалі”, – працягвае жанчына. – Узяў нашы паперы і … спаліў.
– Прыйшла я ў сваю вёску. Стараста Астап, убачыўшы мяне на вуліцы, аж вочы вытрашчыў: “Ты зноў у хаце?!”.
У яго закралася падазронасць. Тым часам немцы выдзялялі сяльчанам пральны парашок. І стараста не раз дапытваўся ў мамы: чаму гэта ў вашым спісе не хапае аднаго чалавека? Тая адказвала: “Не ведаю я, Астап. Дачка, як вярнулася з Гродна, хадзіла ў гміну, а чаму там яе не ўпісалі – нам невядома…”
Каб стараста нічога нідзе не высвятляў, даводзіпася дагаджаць яму бы той балючай скуле.
А ён у хуткім часе прынёс звестку для майго малодшага браціка: яго забіралі на работы ў беластоцкае гета. Хлопчык ён быў хваравіты, ды і блазен яшчэ зусім. У хаце рашылі: цяпер на чужыну паеду я. Мама, якая і раней была знаёма з перакладчыкам Алесюком, пайшла да яго з просьбай запісаць мяне ў спіс замест браціка.
Той падумаў і кажа:
– Зрабіць гэта цяжка, бо на паперы яна ў Нямеччыне. Але паспрабую зрабіць.
І зрабіў. Хутка Серафіма апынулася ў гета.
На шчасце, не лёс быў ёй, мусіць, парабкаваць на чужыне. Дзяўчына пазнаёмілася з адчайным і рызыкоўным хлопцам з Данілак. Ён і кажа: “Тут мы з табой толькі пераначуем, а назаўтра дахаты паедзем”.
Серафіма прыняла яго словы за недарэчны жарт. А хлопец засмяяўся і дадаў:
– Я ўжо не першы раз уцякаю і ведаю, як гэта зрабіць. А не будзеш рызыкаваць, то тут можна і прапасці.
…Так яна ў трэці раз вярнулася дахаты.
Помніць Серафіма Рыго­раўна, як адступалі немцы, і якая радасць была сустракаць чырвона­армейцаў.
А потым для яе наступіла дарослае, самастойнае жыццё. І цяжкая пасляваенная праца ў калгасе. Яна заўсёды вылучалася працавітасцю і, як сама кажа, “на сеўніку абсявала” ўсе калгасныя палеткі. Але ні на нястачы, ні на тых “голых” пасляваенных працаднях яе памяць завастрыла ўвагу. Успаміны яе цяпер грэе іншае, самае важнае ў жыцці: тыя дваццаць пяць год шчасця, якія падарыў ёй лёс.

Каханне
– Родненькая мая…– заўжды называў яе Міхаіл. Не па імені звяртаўся, а вось так, ласкава: “Хадзем, родненькая, дзякуй, родненькая, адпачні, родненькая”. Кожная жанчына, згадзіцеся, гатова аддаць за такія словы паўсвету. Серафіма калісьці чула іх толькі ад аднаго на свеце мужчыны – свайго таткі, і таму цаніла ўдвая.
Міхаіл з маленства рос круглым сіратой, гадаваўся ў дзядзькі. Жыў ён у вёсцы, якая пры ўстанаўленні мяжы з Польшчай аказалася на тэрыторыі гэтай краіны. А жыхароў, па іх жаданні, перавозілі ў Беларусь. Так Міхась і апынуўся ў Каваліках. Яму далі хату гаспадароў, якія выехалі ў Польшчу. Меў ён сям’ю, чатырох сыноў і ганарыўся імі.
Але атрымалася так, што праз нейкі час застаўся чалавек зусім адзін. Тая сямейная трагедыя ні для каго з мясцовых не была сакрэтам: пакінуўшы Міхася, яго жонка з’ехала з сынамі некуды ў Расію…
Серафіма не ведала і не бачыла гэтага прышлага мужчыну, які быў старэйшы за яе на сямнаццаць гадоў. Ды і дзе магла ўбачыць? Міхась быў прыцэпшчыкам у трактарыста, і з ранняй вясны аж да самай зімы шчыраваў у полі. Хлопцы да Серафімы сваталіся, але замуж яна не пайшла.
– Быццам прадчувала, што мой чалавек яшчэ знойдзе мяне, – усміхаецца. – Брат у мяне быў брыгадзірам, якраз ён і пазнаёміў нас аднойчы. Жыць мы сышліся ў 1955 годзе.
Міхаіл Восіпавіч быў высокім, мажным мужчынам. Невысокая і тоненькая Серафіма выглядала побач з ім дзіцём.
– Ніякай ганьбы не знайшла я ў гэтым чалавеку, – апавядае мая субяседніца. – Удзяч­на за ўсе тыя гады, што пражылі разам. Ён любіў і шкадаваў мяне, перасцерагаў, каб не бралася ні за што цяжкае. Быў чалавекам веруючым, і на святы мы заўжды ўдваіх хадзілі ў Малабераставіцкую царкву. Помню, вяртаемся неяк пасля службы дахаты. А было гэта напрадвесні, і вада разлілася – не прайсці. Ён тут жа прысеў, падсадзіў мяне сабе на спіну і панёс па той вадзе. Падлеткі, што напаткаліся насустрач, аж прыпыніліся і дзівяцца, як дзядзька цётку нясе. Такое ў нашай мясцовасці не прынята было, а Міхась ці то ў сняжніцу, ці то па курганах або ў разводдзе заўсёды падымаў мяне на рукі. А калі ідзем адкуль здалёк, то ён абавязкова пытаецца: ”Ну як, не стамілася, не баляць ногі?”.
– На людзях нашы мужчыны свае пачуцці глыбока хавалі. А мой Міхась не саромеўся, не скупіўся на ласкавае слова, – спяшаецца ўслед сваім прыемным успамінам Серафіма Рыгораўна.
Неяк каля сцірты ён паклікаў Се­рафіму:
– Ну, родненькая, пайшлі перакусім.
Бабы засмяяліся і пажартавалі: жонка, маўляў, ніякая не родненькая – так толькі дзяцей ды бацькоў называюць.
Міхаіл Восіпавіч жарту не падтрымаў, адказаў сур’ёзна і коратка: “Яна са мною жыве, глядзіць мяне – таму і самая родная. А дзеці…дзе яны, мае дзеці?”.
У роспачы махнуў рукой і адышоў у бок.
Адна толькі Серафіма ведала, які вялікі боль і якую тугу носіць яе Міхась у сабе. І старалася ні словам, ні намёкам не вярэдзіць яго душу.
– Ведаеце, мы ж з ім усе гады пражылі і не распісаныя, і не павенчаныя, – раптам кажа мая субяседніца.
І, убачыўшы маё здзіўленне, тлумачыць:
– Міхась казаў так: “Скажаш распісацца, то і распішамся. А калі захочаш мяне пакінуць – пакідай, няволіць не буду”.
Як чалавек веруючы, Серафіма Рыгораўна разумела, што жыць без шлюбу ўсё ж нядобра. Але і свайго Міхася яна таксама разумела.Таму рашыла: няхай жывецца як звяжацца. І не настойвала ні на чым. Бо не раз чула, як мужчына ўслых разважаў-выказваў сваю застарэлую крыўду. Маўляў, ні роспісь, ні вянчанне не гарантуюць сямейнага шчасця. Першая жонка на вянцы казала адно, а потым “хвост у хварост” і – лёгка здрадзіла свайму абяцанню перад Богам. Лепей жыць без абяцання, але – па сумленні, з даверам адзін да аднаго.
Яна была добрай жонкай: гаспадарлівай, клапатлівай, акуратнай. А яшчэ разумнай, тактоўнай, умела стварыць тую ўтульнасць, якая так вабіць мужчыну за родны парог. Ад жыцця многага не чакала, ды і ад свайго Міхаіла Восіпавіча таксама многага не патрабавала.
У гэтай маленькай жанчыне так шмат жыццёвай мудрасці і душэўнай далікатнасці, што Міхаіл Восіпавіч дзяліўся з ёю літаральна ўсім, часта раіўся.
– Ведаеце, людзі зайздросцілі таму, як хораша мы жылі, – успамінае жанчына.
Яны ўзрадаваліся, калі Серафіма адчула, што цяжарная. Жанчына працавала тады санітаркай у Белым Дворку. Хутка высветлілася, што з цяжарнасцю ў яе ўсё ідзе зусім не так, як трэба:
– Жыццё маё вісела на нітачцы. І калі б не доктар …
Вопытны ваенны хірург Уздзенаў тэр­мінова зрабіў складаную аперацыю, і гэтым выратаваў Серафіму. Яна доўга гаравала па сваім ненароджаным дзіцятку…
Беглі, бы вада напрадвесні, гады. Непрыкметна падкраўся і час пайсці на пенсію.
–Тады і выйшла “закавыка”,– з доляй гумару кажа Серафіма Рыгораўна. – Жылі мы з Міхасём па сумленні і даверы, ні пра якія паперы ды законы не думалі. Працадні мае ў калгасе пісаліся на яго прозвішча, і, зразумела, па сваіх дакументах я не магла атрымаць пенсію.
А тут яшчэ захварэў Міхаіл Восіпавіч. Ды так моцна, што нават злёг. Занепакоены праблемай, ён сказаў:
– Бяры, Серафіма, нашы пашпарты ды едзь папрасі, каб нас зарэгістравалі. Калі патрэбен мой подпіс – то няхай ужо ўважаць, прыедуць дахаты…
Так яны афіцыйна сталі мужам і жонкай. А праз год Міхаіла Восіпавіча не стала.

Пажар
Цэлых дваццаць год Се­рафіма Рыгораўна жыла ў Каваліках адна. Потым калгас даў ёй хату ў Карпаўцах. Тут жанчыну таксама добра ведаюць. І паважаюць за працавітасць, дабрыню, за гатоўнасць дапамагчы любому. Ад адной з сяльчанак я пачула: “Наша Серафіма – мясцовая “хуткая дапамога”. Трэба каму легчы ў бальніцу – спадзяюцца на яе: і за хатай панаглядае, і жыўнасць пакорміць. У прыватнасці, былы калгасны вадзіцель Канстанцін Басінскі таксама быў удзячны гэтай жанчыне. Бо кожны раз, калі надоўга адлучаўся з хаты, менавіта яна клапацілася пра яго курэй.
Так бабуля Серафіма і жыла б у сваёй хаціне. Калі б…
Калі б лёс не рыхтаваў ёй яшчэ адно нялёгкае выпрабаванне.
Яна лячылася ў бальніцы. І аднойчы ёй кажуць:
– Серафіма Рыгораўна, мужайцеся: згарэла ваша хата…”. Успамінаючы, які жах і якое ўтрапенне тады апанавала яе, мая субяседніца выцірае слёзы. Яе, вядома, не пакінулі сам-насам з бядою ні ўлада, ні людзі. Бабулю пасялілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання. І яна апынулася сярод людзей, у цяпле, пры добрым доглядзе. Аднак, бязмерна ўдзячная за такую ўвагу і клопат, прабыла там … два месяцы.
Не магла без вяскоўцаў, без сваіх адвечных клопатаў. Без таго жыцця, якім жыла дагэтуль.
Ды і Карпаўцы быццам апусцелі без яе. Вяскоўцы тэлефанавалі, запрашалі жанчыну жыць у іх. Самым настойлівым аказаўся Канстанцін Аляксандравіч Басінскі: ён не толькі запрашаў, але забраў жанчыну ў сваю хату. Чалавек гэты, да слова сказаць, працавіты, адказны, сур’ёзны. Мае цэлых 45 год вадіцельскага стажу.
Пайшоў ужо другі год, як яны жывуць разам. На маё недарэчнае пытанне, ці адносіны на гэты раз аформлены афіцыйна, Серафіма Рыгораўна махае рукамі:
– Пра што вы пытаеце?! Які шлюб у такіх сталых гадах?
І тлумачыць: разам жыць лягчэй. А мужчыне, ведаеце, упраўляцца па хатніх справах няпроста. Ды і не так адзінока, не так сумна цяпер нам. Жонка Канстанціна памерла шэсць год назад, а дзеці не побач, прыязджаюць толькі ў госці.
***
Развітвалася са сваёй новай знаёмай і думала:” Колькі ж у нас на Бераставіччыне жанчын з непрыкметнымі на першы погляд, але такімі няпростымі і такімі мудрагелістымі лёсамі…”.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *