Свята нашай дзяржаўнасці

День Независимости Лента новостей Общество

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – галоўнае дзяржаўнае свята. Гэта свята, падчас якога мы згадваем мінулае нашай краіны, услаўляем сённяшнія дасягненні і выказваем веру ў годную будучыню. У гэты дзень мы ўспамінаем таксама тых, хто цаной свайго жыцця змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, хто ў пасляваенны час уздымаў нашу дзяржаву з руін.
Дзень Незалежнасці ў Беларусі пачалі святкаваць ў 1991 годзе і першапачаткова адзначалі 27 ліпеня — у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.
Дата 3 ліпеня замацавалася за Днём Незалежнасці па рашэнні, прынятым на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, калі беларусы прагаласавалі за перанос свята на Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.
3 ліпеня — сімвалічная дата, якая ўвайшла ў гісторыю Беларусі яркай старонкай гераічнай доблесці беларускага народа. У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад нямецкай акупацыі. І пачынаючы з 1944 года, 3 ліпеня адзначалі як Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А з 1996 года ў гэты дзень адзначаецца і галоўнае дзяржаўнае свята: як даніна падзякі народу-пераможцу.
Дзень Незалежнасці, паводле Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 1996 года № 1, праводзіцца як усенароднае свята ў абстаноўцы высокай урачыстасці і патрыятычнага ўздыму. Па ўсёй рэспубліцы ладзяцца святочныя мерапрыемствы і народныя гулянні, у якіх прымаюць удзел жыхары і госці нашай краіны ўсіх узростаў.
У гэтым свяце — гонар за краіну, шанаванне яе гісторыі, бязмежная любоў да роднай зямлі, гатоўнасць аберагаць і ахоўваць яе, множыць яе багацце і дабрабыт людзей, імкненне зрабіць Беларусь яшчэ больш моцнай і прыгожай. Любоў да Радзімы, светлая памяць аб мужнасці пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны, якія перадалі эстафету жыцця малодшаму пакаленню, умацоўваюць адзінства людзей. Наш абавязак — захаваць памяць аб тых трагічных і пераможных днях, любіць Бацькаўшчыну і абараняць яе інтарэсы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *