Саламяных спраў майстар

Культура Человек и его дело

5Не памылюся, калі скажу, што амаль у кожнай сям’і захоўваецца які-небудзь выраб саломапляцення­ – ці то стары бабулін кораб і дзядулеў капялюш, ці то лялька і шкатулка, ці то сучасная мастацкая аплікацыя з саломкі альбо дэкаратыўнае пано. Штосьці ў іх ёсць прыцягальнае, што не дазваляе праявіць абыякавасць да карпатлівай ручной работы. Вырабы з “беларускага золата” – саломкі, загадкавым чынам вабяць, кранаюць за жывое, а яшчэ з’яўляюцца ўвасабленнем сваёй, адметнай, нацыянальнай культуры і багатай традыцыйнай спадчыны. Сёння, наведваючы выставы вырабаў рамеснікаў, Гарады майстроў, якія ла­дзяцца падчас разнастайных свят і фестываляў, мы бачым, што сучасныя ўмельцы саломапляцення ствараюць як рэчы гаспадарча-бытавога прызначэння, сувенірную прадукцыю, цацкі-абярэгі, так і высокамастацкія творы. Дзякуючы ім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашай краіны, карыстаецца павышаным попытам у замежных турыстаў. Ды і ўвогуле цікавасць да саломапляцення як рамяства і віда дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў апошнія гады расце. Саламяныя вырабы ўсё часцей ужываюцца ў аздабленні інтэр’ера ці вопраткі ў этнастылі, набываюцца для аграсядзіб, музейных пакояў і інш. Пакупнікоў прываблівае натуральнасць, экалагічнасць і прыгажосць матэрыяла, які падарыла сама прырода.
Гэта можа пацвердзіць і загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара КАСЬЯН (на здымку) – адзіны на Бераставіччыне майстар саломапляцення, вытанчаныя прыгожыя работы якой маюць свой асабісты “твар” і добра вядомыя не толькі жыхарам раёна, але і далёка за яго межамі.
Тамара Мікалаеўна займаецца саломапляценнем амаль 12 гадоў. А да гэтага і ўявіць сабе не магла, што лёс звяжа яе з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Так, з дзяцінства Тамара Мікалаеўна любіла вязаць, аднак больш – спяваць. Нават скончыла харавое аддзяленне Гродзенскага культасветвучылішча (цяпер дзяржаўны каледж мастацтваў). На працу ўладкавалася ў 1989 годзе метадыстам па фальклору і этнаграфіі раённага метадычнага цэнтра, які толькі што быў утвораны ў дапамогу клубным установам пры IMG_6633 IMG_6648аддзеле культуры райвыканкама. Малады спецыяліст актыўна ўключылася ў культурнае жыццё раёна. У той час актыўна ладзіліся “вячоркі”, святы вёсак, шматлікія канцэрты, вялася работа з народнымі ўмельцамі Бераставіччыны па захаванні і развіцці традыцыйных рамёстваў. Тамара Мікалаеўна рэалізавала сваю цягу да спеваў спачатку ў вакальнай групе “Журавінка”, якая дзейнічала пры раённым Доме культуры, а потым “Бераставіцкіх музыках”.
Ідэя авалодаць саломапляценнем прыйшла ў 2004 годзе, пасля наведвання курсаў у Мінску, а потым у Гродне. Убачыўшы там, якія цудоўныя дэкаратыўныя рэчы ствараюць сучасныя майстры, і навучыўшыся азам рамяства, Тамара Мікалаеўна загарэлася жаданнем паспрабаваць сябе ў гэтым відзе творчасці.
– Памятаю, які энтузіязм перапаўняў мяне па прыездзе дамоў, – расказвае спецыяліст. – Я заказала рэдкую і дастаткова дарагую кнігу па саломапляценні. У ёй наглядна і падрабязна пада­дзены асноўныя прыёмы гэтага віду творчасці. А да ўсяго даступна растлумачана, як зрабіць тую ці іншую рэч. У пошуках неабходнай літаратуры я “пералапаціла” і раённую бібліятэку, фатаграфавала ў часопісах малюнкі саламяных вырабаў – інтэрнэту тады яшчэ не было. Напачатку не ўсё, вядома ж, атрымлівалася, аднак моцнае жаданне авалодаць саламяным майстэрствам не давала апусціць рукі.
Пасадзейнічала творчаму росту майстра і адкрыццё ў 2005 годзе раённага Дома рамёстваў. Узначальваць установу даверылі Тамары Мікалаеўне. Тут і рас­крыўся талент жанчыны! Цяпер яе захапленне стала часткай і прафесійных абавязкаў.
Калі мяркуеце, што гэты від творчасці нескладаны, то моцна памыляецеся. Да таго ж, ён надзвычай працаёмкі і патрабуе вялікага цярпення. Але ж колькі асалоды дорыць душы!
– Салома – гэта дзіўны па сваіх уласцівасцях і прыгажосці прыродны матэрыял, – дзеліцца майстар. – З ім прыемна працаваць: салома – яна ж гладкая, гнуткая, пахучая і дае шырокую прастору для творчасці.
Назапасіць матэрыял для саломапляцення няпроста. У гэтым Тамары Мікалаеўне дапамагаюць і калегі, за што яна ім вельмі ўдзячна.
– Вельмі важна, каб сцябло было спелым і роўным, – раскрывае сакрэты майстэрства жанчына. – Яго трэба прасушыць, ачысціць ад лісця, разрэзаць па вузлах, адсартаваць па даўжыні і таўшчыні. Саломцы можна надаць любы колер – да прыкладу з дапамогай фарбавальнікаў для тканіны. Але найбольш высакародныя прыродныя адценні яна набывае пры апрацоўцы народнымі сродкамі. Напрыклад, з-пад гарачага праса выходзіць карычневай, пры пагружэнні ў перакіс вадароду атрымліваецца амаль белай, пры кіпячэнні ў растворы харчовай соды – жоўта-залацістай, а ў растворы марганцоўкі – ружовай.
Цікаўлюся, колькі часу займае стварэнне таго ці іншага вырабу.
– Над аб’ёмнай кампазіцыяй працую і некалькі дзён. А калі ж прыйдзе натхненне, то нават і за ноч магу ўправіцца. Дарэчы, у начной цішы працуеццца асабліва плённа.
У творчай скарбонцы Тамары Мікалаеўны шмат саламяных вырабаў.­ Яны розныя па тэхніцы пляцення, форме і прызначэнні. Гэта цудоўныя вазы і кветкавыя кампазіцыі, дэкаратыўныя пано, загадкавыя “павукі”, падвескі, вяночкі, цацкі, абярэгі, падносы, карзінкі для хлеба і для асвячэння велікодных яек у храме, упрыгожанні для вербных галінак на Вербніцу, а таксама капялюшы, дробныя сувеніры… Усяго і не пералічыць!
Нядаўна майстар авалодала тэхнікай стварэння з саломкі лялек. А ў перспектыве ў яе – спіральнае пляценне. Дарэчы, якраз гэтым спосабам у даўнія часы сяляне плялі кашы, корабы, кулі для прадуктаў, вопраткі, збожжа і мукі. У гэта цяжка паверыць, аднак такія ёмістасці, прапітаныя хваёвай жывіцай, не саступалі драўляным бочкам – у іх можна было наліваць ваду…
Тамара Мікалаеўна – актыўны ўдзельнік выставаў-кірмашоў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Гэта дапамагае ёй развівацца, духоўна ўзбагачацца і натхняццца на новыя творчыя задумкі.
Спецыяліст праводзіць майс­тар-класы і семінары, вя­дзе гурткі саломапляцення для дзяцей. А ў жніўні рыхтуецца прыняць удзел у абласным конкурсе майстроў саломапляцення. Пажадаем ёй поспеху!
­– Мне хацелася б, каб у нашым раёне спектр сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і традыцыйных ра­мёс­т­ваў шырыўся, – кажа Та­ма­ра Мікалаеўна. – Бо лю­дзей творчых, натхнёных на Бераставіччыне нямала.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *