“Разам нам кожны дзень у радасць”

Актуально Лента новостей Общество

“Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома” – гэтыя стаўшыя ўжо крылатымі словы класіка рускай літаратуры Льва Талстога  не страцілі актуальнасці і ў нашы дні. І я кожны раз упэўніваюся ў іх праўдзівасці, калі рыхтую чарговы матэрыял пра тую ці іншую сям’ю нашага раёна.

Бо што такое шчасце? Адназначнага адказу на гэта пытанне няма. У кожнага чалавека свае крытэрыі шчасця. Нехта бачыць яго ў тым, каб   дабіцца поспеху і багацця, іншы марыць захаваць маладосць і здароўе на доўгія гады, а для другога чалавека шчасце ў тым, каб пазнаваць свет, падарожнічаць, адкрываць для сябе  новыя мясціны.  Безумоўна, усё гэта вельмі важна і прыносіць пазітыўныя эмоцыі. Але ці будзе поўнасцю шчаслівы чалавек, калі гэтыя ўсе жаданні збудуцца, а падзяліць радасць ад іх рэалізацыі не будзе з кім? Я думаю, што не.  Бо чалавек без сям’і —  як птушка без гнязда.  Сям’я – гэта не проста дом са сваімі сценамі і вокнамі, гэта месца, дзе цябе любяць, разумеюць і заўсёды падтрымаюць. Прычым, прымаюць цябе такім, які ты ёсць, незалежна ад тваёй пасады, грошай і стану здароўя.

У шчаслівай сям’і  каханне проста чытаецца ў позірках паміж мужам і жонкай,  а дом напоўнены радасным смехам дзяцей. І хочацца зноў пацвердзіць словы класіка, што ўсе шчаслівыя сем’і шчаслівыя аднолькава.  Бо шчаслівая  сям’я — гэта свет, дзе пануюць любоў, адданасць і самаахвярнасць, гэта крэпасць, куды заўсёды хочацца вяртацца. Менавіта такое адчуванне было ў мяне і ў час наведвання сям’і Івана і Алены Кардаш з аграгарадка Масаляны.

Іван Іванавіч і Алена Леанідаўна яшчэ даволі маладыя людзі, а ў іх сям’і ўжо падрастае чацвёра сыноў: шасцігадовы Раман, пяцігадовы Максім, чатырохгадовы Ягор і Арцём, якому хутка споўніцца два гады. У Масалянах Кардашы жывуць з 2016 года, спачатку гаспадарка выдзеліла ім кватэру, а ў мінулым годзе вялікая і дружная сям’я пераехала ў прасторны дом, які таксама прадаставіла ім РУСП “Масаляны”. Іван Іванавіч працуе  тут механізатарам, ён старанны і адказны працаўнік, таму нездарма яго імя занесена на Дошку гонару гаспадаркі. У мінулым годзе Іван Кардаш быў пераможцам раённых спаборніцтваў на вясенне-палявых работах, і цяпер у яго таксама гарачы час вясенняй пасяўной.  Таму і на інтэрв’ю  ў Івана Іванавіча асабліва  часу не знайшлося, ён заехаў дадому толькі на некалькі хвілін, каб зрабіць сумеснае сямейнае фота.

— Вясной муж заняты на сяўбе, летам на камбайне працуе, восенню цукровыя буракі ўбірае, — тлумачыць Алена Леанідаўна. – Працы на зямлі ўвесь год хапае. Але ён стараецца і пасля работы знайсці час, каб дапамагчы мне штосьці зрабіць па дому ці пагуляць з дзецьмі.

Пакуль мы размаўляем з ёю, хлопчыкі час ад часу з цікавасцю зазіраюць у пакой, але не перашкаджаюць. Алена Леанідаўна прыносіць паказаць Падзячныя пісьмы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і   ад адміністрацыі РУСП “Масаляны”, якія за працу  атрымаў Іван Іванавіч, відаць, што яна ганарыцца поспехамі свайго мужа.

 — Я сама родам з  Клепачоў, а Іван нарадзіўся ў вёсцы Дварчаны Свіслацкага раёна, — расказвае Алена Леанідаўна. – Мы пазнаёміліся   ў кампаніі сяброў,  я ў той час яшчэ  вучылася ў Бераставіцкім ліцэі, а Ваня ўжо працаваў, ён старэйшы за мяне на пяць гадоў. Доўгі час мы проста былі сябрамі, а потым сталі сустракацца.  Ваня адразу ўразіў мяне сваімі вялікімі блакітнымі вачыма   і   пачуццём гумару, ён умеў пажартаваць і  падтрымаць любую размову. Потым стала звяртаць увагу на яго другія якасці, якія важныя для сямейнага жыцця: працавітасць, гаспадарлівасць, адказнасць. Зразумела, што з гэтым чалавекам можна раздзяліць сваё жыццё.

Я цікаўлюся ў Алены Леанідаўны, як яна спраўляецца з чатырма сынамі, практычна пагодкамі?

— Па-рознаму бывае, — усміхаецца жанчына. – Вядома, у сям’і з адным дзіцём прасцей. Але ў мяне не толькі больш цяжкасцей, але і больш радасці: “мама, я цябе люблю” я чую ў чатыры разы часцей. У мяне ў чатыры разы боль абдымкаў, пацалункаў. Таму ўсе цяжкасці гэта дапамагае пераадольваць. Я ў сваёй сям’і была адзіным дзіцём і мне было сумна,   маленькай я часта  прасіла ў мамы, каб яна  мне “купіла” браціка ці сястрычку. А цяпер мара аб вялікай сям’і стала рэальнасцю, і маім дзецям ужо дакладна не будзе сумна.   А ў мужа, дарэчы,  сям’я таксама была вялікая:  яго бацькі выгадавалі шэсць сыноў і дачку.

Алена Леанідаўна гаворыць, што стараецца  з малога прывучаць дзяцей да  працы. Старэйшыя сыны ўжо могуць  і падлогу  венікам падмесці, і нават з пыласосам спраўляюцца, дапамагаюць па гаспадарцы чым могуць.  Днём хлопчыкі наведваюць рознаўзроставую групу ў Масалянскім яслях-садзе-пачатковай школе, дома мама застаецца з малодшым Арцёмам.

— А вось вечарам збіраемся ўсе разам, дом адразу напаўняецца іх звонкімі галасамі, — кажа жанчына. – На святы часта да нас прыязджаюць бацькі, дзеці любяць пасмажыць шашлыкі ў двары.

— Сям’я для мяне самае  галоўнае ў жыцці, — прызнаецца Алена Леанідаўна. – Я лічу, што для жанчыны вельмі важна рэалізавацца ў сям’і, у мацярынстве, тады будзеш больш шчаслівай. Маё шчасце – у сям’і, у надзейнай палавінцы — маім мужы, у дзецях. З іх нараджэннем наша жыццё набыло новы сэнс, дзеля іх усе нашы намаганні і набыткі. А каб сям’я была шчаслівай, трэба паважаць адзін аднаго, калі трэба, саступаць, без гэтага –аніяк, і ўзаемаразуменне важна, і мудрасць патрэбна.

— Мая сям’я – гэта маё шчасце, маё ўсё, нам кожны дзень разам у радасць, — пацвердзіў і Іван Іванавіч. – Я вельмі  хачу, каб мае блізкія былі шчаслівыя,  а для гэтага я вельмі  люблю жонку, дзяцей, стараюся зарабляць для сям’і, каб забяспечваць іх усім неабходным. У нас ужо ёсць самае вялікае наша багацце — дружная сям’я,   хочацца толькі, каб усе мае блізкія былі  здаровыя.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *