“Проць Івана ночка мала”

Лента новостей

Сёмага ліпеня праваслаўныя вернікі  адзначаюць нараджэнне Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. Хрысціянскай царквой святкаванне гэтага дня было ўведзена ў канцы ІІІ – пачатку IV стст. Асоба Прарока Іаана вельмі ўшаноўваецца на беларускай зямлі. На Беларусі вялікая колькасць храмаў названа ў памяць гэтага святога.
У вёсках Панямоння, дзе былі храмы ў гонар Іаана Хрысціцеля, у гэты дзень адбывалася пра­стольнае свята.
У нашым раёне хоць і няма такіх храмаў у гонар Іаана Хрысціцеля, але свята адзначалася. Мужчыны, якія насілі імя Іван ці Ян, і жанчыны, якіх звалі Яніна, адзначалі ў гэты дзень імяніны: “На Яна каго завуць Янам ці Янінай паздраўляюць, цвяты даюць ці падарак. Ну а тыя ўжо тады фундуюць, угашчэнне даюць”. (Соф’я Анісімовіч, 1927 г.н., в.Шаляпкі)
Купалле (Купала, Купайло, Іван Купала, Ян, Іван) – адно з самых значных святаў народнага календара, якое прыпадала на дзень летняга сонцастаяння, на час найвышэйшага росквіту прыроды і кульмінацыю лета. Свята для жыхароў нашага рэгіёна пачыналася са збору лекавых раслін і кветак для абрадавых вянкоў. Напярэдадні дзяўчаты і маладухі цэлымі натоўпамі выпраўляліся ў лугі, палі і лясы па купальскія кветкі і травы. У час іх збору абавязкова спявалі купальскія песні, бо лічылася, што іначай расліны не будуць мець гаючай сілы. Назаўтра, у дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля, гэтыя лекавыя травы неслі асвячаць у царкву або касцёл: “Перад Яна збіралі зелле лячэбнае. А на Яна ішлі ў храм асвячаць гэтае зелле. Мы яго называем зверабой, а нашы бабулі называлі яго свенціян. Ён ад дзевяноста дзевяці хвароб. Асвечанае лекавае зелле і для скаціны, і для чалавека вельмі добрае. Калі захварэе дзі­ця, ці спужаецца, ці сурокі якія, падкурываюць ім і п’юць яго”. (Марыя Бялюці, 1924 г.н., в.Кулі).
Важнае значэнне ў купальскай абраднасці ў нашым рэгіёне надавалася пляценню вянкоў і варожбам. “Дзяўчаты плялі вянкі з розных траў, якія стараліся сабраць з палёў і лугоў, што належалі суседнім вёскам, каб хлопцы з гэтых вёсак прыходзілі да іх на вячоркі і ў сваты. Калі плялі вянкі, спявалі купальскія песні, потым пускалі іх на ваду. І чый вяночак патоне (паплыве), значыць, тая і выйдзе замуж, а чый будзе круціцца на месцы, тая ў дзеўках застанецца”. (Соф’я Анісімовіч, 1927 г.н., в.Шаляпкі).
Купалле лічылася часам, калі актывізавалася нячыстая сіла (ведзьмы, казытухі, русалкі), якая імкнулася пашкодзіць здароўю і дабрабыту чалавека, адабраць малако ў кароў, зрабіць заломы на палетках. Таму ў купальскую ноч вялікае значэнне надавалі за­сцерагальна-ахоўным абрадавым дзеянням і магічным прыёмам. “На Яна ў нас ад ведзьмаў чаго толькі ні рабілі: і вяночкі вешалі з крапівы над хлевам,і крапіву ўсюды ў хлявах утыркалі, і на вуліцы яе панакідваюць, каб ведзьма не хадзіла. На Яна надта нікому не хацелася выганяць кароў рана, каб карова на расу не папала, выганялі пасля расы. А па расе кароў не пускалі таму, што лічылі, быццам у гэты дзень расу ведзьмы збіралі, цягалі яе вяроўкамі, цадзілкамі, і тады іх карова многа малака давала, а ў другіх малако прападала. Бывала бабуля казала, што трэба набраць шчаўя, бо тады русалкі ці ведзьмы яго папсуюць, яно будзе ўсё ў дырачках”. (Яніна Панасюк, 1927 г.н., аг.Макараўцы).
Галоўным, самым урачыстым дзеян­нем купальскай ночы з’яўля­лася распальванне рытуальнага агню. Днём хлопцы збіралі па вёсцы старыя рэчы для развядзення купальскага вогнішча. Вакол яго хлопцы і дзяўчаты гулялі ўсю ноч. Вадзілі карагоды, спявалі, скакалі праз агонь.
Купальскую ноч немагчыма ўявіць без пошукаў незвычайнай кветкі, якая цвіце толькі ў поўнач і тут жа ападае. Людзі верылі, што той, хто паспее сарваць кветку папараці, будзе багаты і шчаслівы, пачне разумець мову звяроў, птушак, дрэў, раслін.
Пасля купальскай ночы было прынята сустракаць узыход сонца – “На Яна сонца іграе”. Раніцай пасля купальскай ночы выконваліся абрады ачышчэння вадой, якая, з пункту гледжання мясцовых жыхароў, у гэты час валодала незвычайнымі гаючымі ўласцівасцямі.
***
У нашым раёне тэатра­лі­заванае абрадавае свята Купалля пройдзе ў Малой Бераставіцы, Алекшыцах, Кватарах. У шэ­рагу Дамоў культуры бу­дуць праведзены купальскія гуль­нявыя праграмы.
Марыя Юшкевіч,
метадыст РМЦ НТ па этнаграфіі і фальклору



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *