Простая ісціна Кулікоўскіх

Лента новостей

Вёска Жукевічы, што ў Эйсмантаўскім сельсавеце, прытулілася ў маляўнічым прыгожым куточку. Хаты патанаюць у зелені дрэў. Цішыня і спакой пануюць тут. Гэта мацней адчуваеш пасля гарадской мітусня і руху. І людзі ў гэтай вёсачцы жывуць спакойным размераным жыццём.
– Толькі адныя пажылыя і засталіся, – кажа Людвіка Іванаўна Кулікоўская, у госці да якой я завітала. – Дзеці і ўнукі, праўда, па выхадных прыязджаюць. Праходзьце, калі ласка, у дом, на вуліцы вельмі спякотна.
Іду сцяжынкай, што ўецца сярод клумбаў з кветкамі. На падворку прыгожа і ўтульна. У кожнай дробязі бачныя гаспадарчая рука і вялікая працавітасць. І гэта сапраўды так. У сям’і Людвікі Іванаўны і Эдмунда Іванавіча Кулікоўскіх да працы заўсёды ставіліся і ставяцца з адказнасцю. Ці гэта клопаты па гаспадарцы, ці работа ў калгасе, якой Кулікоўскія прысвяцілі ўсё сваё жыццё. Эдмунд Іванавіч працаваў на гусенічным трактары – быў заняты на сяўбе, на ворыве, на культывацыі. Быў і бульдазерыстам, і камбайнерам. Заўсёды ў перадавіках. За высокія паказчыкі ў сваёй рабоце і за стараннасць не раз атрымліваў узнагароды. Яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару, а сам Эдмунд Іванавіч адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, знакамі “Пераможца сацспаборніцтва” і “Ударнік камуністычнай працы”. А цяпер Эдмунд Іванавіч – стараста вёскі Жукевічы.
Людвіка Іванаўна пачынала ў агароднай брыгадзе калгаса ў Заневічах Гродзенскага раёна, адкуль родам. Яе бацька нават нейкі час быў старшынёй мясцовай гаспадаркі. А ў Жукевічах, куды пайшла замуж, працавала паляводам. Цяжка даводзілася. Праца на зямлі патрабуе ад чалавека вялікіх намаганняў. Гэта добра вядома пажылым людзям, якія працавалі не шкадуючы сіл і здароўя, без дапамогі сучаснай тэхнікі і гербіцыдаў.
Дзеці з малых гадоў дамапагалі бацькам, уцягваліся ў працу. У Людвікі Іванаўны і Эдмунда Іванавіча чацвёра дзяцей – сыны Тадэвуш і Станіслаў, дочкі Марына і Ірына. Дапамагаючы бацькам у полі і па хатняй гаспадарцы, з дзяцінства пазналі яны цану нялёгкай вясковай працы. І выраслі працавітымі, добрымі людзьмі. Усе атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Дочкі – урачы ў Гродне.
Дзеці часта наведваюць Людвіку Іванаўну і Эдмунда Іванавіча, дапамагаюць у агародзе і па гаспадарцы. Прыязджаюць і ўнукі. Іх у Кулікоўскіх шасцёра. І ўжо ёсць два праўнукі.
На маё пытанне, як правільна выхоўваць дзяцей, каб яны паважалі бацькоў і былі сумленнымі, Кулікоўскія, падумаўшы, адказалі, што трэба самім жыць з верай і прывіваць галоўныя божыя запаветы сваім дзецям. Бо вера дапамагае заставацца сапраўднымі людзьмі, выхоўвае высокія маральныя якасці, вучыць толькі добраму, справядліваму, дорыць любоў і міласэрнасць.
І гэтая простая ісціна перадаецца ў сям’і Кулікоўскіх з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў і дзядоў – дзецям і ўнукам.
Нельга не сказаць некалькі слоў і пра захапленне Людвікі Іванаўны. Яна вельмі любіць вязаць кручком. Дом Кулікоўскіх упрыгожваюць вырабы, звязаныя Людвікай Іванаўнай. Гэта розныя сурвэткі, абрусы, навалачкі, карункі да ручнікоў і пасцельнай бялізны і шмат што іншае. Людвіка Іванаўна, дарэчы, лічыцца ў раёне народнай майстрыхай. Яе карункавыя творы, а таксама вышыванкі і тканыя вырабы не аднойчы выстаўляліся на розных выстаўках. Нават у Гродне, у Палацы хімікаў, у складзе прэзентацыі вырабаў народных умельцаў Бераставіччыны. А на мінулагоднім “Эйсмантаўскім Фэсце” ў фае мясцовага Дома культуры была арганізавана выстаўка яе цудоўных работ.
Кветкі – яшчэ адно захапленне і асалода для душы Людвікі Іванаўны. Іх шмат на падворку і, асабліва, дома. Пакаёвыя кветкі Людвікі Іванаўны – дагледжаныя, шыкоўныя. Да яе часта звяртаюцца з касцёлу, каб пакарыстацца пышнымі раслінамі для ўпрыгожвання храма на святы. І яна ніколі не адказвае.
Шчырасць, сардэчнасць, душэўнасць увогуле ўласцівыя Кулікоўскім. Так характарызуюць іх усе, хто з імі знаёмы. Гэта адчула і я, падчас кароткага знаёмства. Вясковая мудрасць, мяккасць і далікатнасць, а яшчэ незвычайная сціпласць гэтых людзей уражвае і пакарае.
У мінулым годзе Людвіка Іванаўна і Эдмунд Іванавіч Кулікоўскія адзначылі залатое вяселле, адсвяткавалі разам са шматлікімі сваякамі. Ім сапраўды ёсць што святкаваць. Доўгі час жывуць у любові, згодзе і павазе, у клопатах адзін пра аднаго і пра сваю сям’ю, а ў дзецях і ўнуках маюць дастойны свой працяг.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *