Пра назвы бераставіцкіх вёсак

Из истории земли Берестовицкой Культура

У двух папярэдніх выпусках “Нашага мінулага” мы вялі гаворку пра паходжанне назваў некаторых населеных пунктаў на Бераставіччыне. Сёння гэту тэму працягвае публікацыя нашага пастаяннага няштатнага аўтара, краязнаўцы Сяргея Лушчыка, які выказвае свае меркаванні наконт гэтага. Ён прааналізаваў паходжанне назваў амаль ста вёсак на падставе розных тапанімічных слоўнікаў і энцыклапедый.
ВЯЛІКАЯ БЕРАСТАВІЦА – ад слова БЕРАСТ (польск. — brzost) – від дрэва, часта сустракаемага ў нашай мясцовасці.
БЕРАСТАВІЧАНЫ – аналагічна ад слова БЕРАСТ. Тут бярэ пачатак р.Бераставічанка. Былы фальварак Каса-коўскіх.
БЕЛЫ ДВОРАК – ад слова ДВОР. Апошнім ўладальнікам маёнтка быў Зыгмунт Лэнпіцкі.
СТАРЫ ДВОРАЦ – аналагічна ад слова ДВОР.
ХМЕЛІСКА – ад слова ХМЕЛЬ. Тэрыторыя, дзе вырошчвалі хмель, альбо былі яго дзікія зараснікі. Некалі пры двары і ў самым мястэчку варылі піва.
ПЛЮСКАЛАЎЦЫ – ад слова ПЛЮСК (польск. — plusk). Некалі так называлі пляскаты хвост рыбы альбо бабра. Відаць, пры рэчцы былі бабровыя гоны. Хвост звера лічыўся традыцыйнай стравай падчас посту. Назва таксама магла паходзіць ад слова ПЛЁС – ціхі шырокі ўчастак ракі пасля перакатаў.
ПАПЛАЎЦЫ (Паплаўчаны, польк. — Poplawce) – ад слова ПОПЛАЎ – луг, які ўвесну заліваўся вадой, сенажаць, альбо расліннасць на паверхні вады ў стаячым вадаёме.
ПАЎЛЮШКІ (польск. — Pawluszki) – ад мужчынскага імя ПАВАЛ (польск. — Pawel).
КВАТАРЫ (польск. — Kwatery) – некалі памяшканне, будынак, заезд, дзе можна было часова спыніцца, заначаваць. КВАТЭРКА – чацвёртая частка літра, альбо яшчэ чаго-небудзь.
ЦЕЦЯРОЎКА – ад ЦЯЦЁРА, ЦЕЦЯРУК (польск. — cieciora, cietrzew). Лясны птах, на якога палявалі. Вёска знаходзіцца на ўскрайку лясных масіваў, якія раней называліся Цецяроўскі Бор і Зялёная. Гэты від птушак называўся яшчэ „глухар” (польск. — gluszec), а глухаватага чалавека называлі цяцерай.
РУДАЎЛЯНЫ – ад РУДА, РУДЫ, РУДАВЫ. Мясцовасць, мокры луг, глеба, багна (балота), бераг ракі побач з паселішчам маглі быць рудога (іржавага) колеру.
КЛЕПАЧЫ – ад слова КЛЁПКА, КЛЯПАЦЬ (кавалак жалеза, плашку, манету і г.д.), стукаць. КЛЯПІСКА – месца ў гумне, дзе малацілі збожжа (іначай „ток”).
КУЛІ – ад слова КУЛЬ. Сноп саломы, вязанка сена.
ЖАБРЫ (польск. — Zebry) – ад слова ЖАБРАК, ЖАБРАВАЦЬ (польск. — zebrowac).
ЛЕСНЯВІЧЫ – ад ЛЕС, ЛЯСНЫ (польск. — las, lesny). Некалі вёска была ўласнасцю Касакоўскіх.
ЛЮДВІНОВА (польск. — Ludwinоw) – ад імя ЛЮДВІКА (Касакоўская). Фальварак Касакоўскіх.
ПАРХІМАЎЦЫ – два варыянты пахо­джання: 1) ад ПАРХІМ (гутаркавая назва імя Парфён), а ў некаторых старых дакументах назва вёскі пішацца праз літару Ф – Парфімаўцы альбо Парфінаўцы; 2) ад слова ПАРХ (польск. – parch). Раней шырока распаўсюджаная скураная хвароба чалавека, празваная ў народзе яшчэ каростай. Некалі такога чалавека здзекліва называлі „пархатым”.
ПЕТРАЎЦЫ (ПЯТРОЎЦЫ) – ад мужчынскага імя ПЯТРО (польск. — Piotr). Некалі вёска была ўласнасцю малабераставіцкай плябаніі.
СТАНІСЛАВОВА (польск. — Stanislawow) – ад імя СТАНІСЛАЎ (Касакоўскі). Былы графскі фальварак. Знаходзіцца насупраць Белага Дворка праз дарогу.
ІВАШКАЎЦЫ – ад мянушкі (імя) ІВАШКА. Апошнімі ўладальнікамі фальварка былі Касакоўскія.
КАШЫНЦЫ – ад словаў КАША, КАШЫВА. Старая славянская страва. Грэчка, панцак, ягляная, гарохавая, жытняя ды іншыя кашы. Крупу таўклі ў ступах, драбілі на жорнах. Не выключана ад слова КОШКАЦЦА – марудзіць.
ПАДБАГОНІКІ – ад слова БАГНА, БАГОН – балота, забалочаная мясцовасць. Альбо ад БАГОННІК – лекавай расліны, што расце менавіта на балотах. Пад багонамі – значыць побач з балотамі, пры балотах, каля месца, дзе расце багоннік.
ЖОРНАЎКА – ад ЖОРНЫ (польск. — zarny). Прылада ў хатняй гаспадарцы з двума круглымі камянямі (ляжак і бягун), для сцірання збожжа ў муку, а таксама драблення крупы. Значна большых памераў жорны былі ў млынах.
КУБЕЛЬНІКІ – ад КУБЕЛ, КУБЕЛЕЦ. Драўляная бочка для збожжа, вядро, скрыня для саланіны. Выкарыстоўваліся ў хатняй гаспадарцы.
ГАЛЫНКА (польск. — Holynka) – ад словаў ГОЛЫ, ГАЛОТА. Верагодна, зямля ў гэтым месцы была беднай, неўрадлівай. Адсюль і збяднелае, “голае” насельніцтва.
ГОЛЬНІ – аналагічна ад ГОЛЫ, ГАЛОТА.
ДАНІЛКІ – ад мужчынскага імя ДАНІЛА.
ГАРБАЧЫ – ад ГОРБ (польск. — garb), ГАРБАТЫ. Можа азначаць чалавека з гарбатым каркам, альбо нейкі пагорак на мясцовасці.
ЧАПЛІЧЫ – ад слова ЧАПЛЯ (польск. — czapla). Пералётны птах з вялікай дзюбай, доўгімі нагамі і шыяй, які селіцца пры вадаёмах і балотах. Адсюль ЧАПАЦЬ – хадзіць, як чапля. Менш верагодна ад слова ЧАПЕЦ (польск. — czepiec) – від шапкі.
КРАСНАЯ (польск. — Krasna) – агульнаславянскае слова. КРАСНЫ азначае прыгожы (не чырвоны). На Ваўкавышчыне Краснасельскі. Красная была некалі ўладаннем памешчыкаў Радавіцкіх.
БЕРГЕЛІ – назва мае старое балцкае (яцвяжскае) паходжанне.
ЯТАЎТЫ – назва мае старое балцкае (яцвяжскае) паходжанне.
МІНЬЧЫКІ (раней МІНЬЧУКІ) – ад мужчынскай мянушкі (імя) МІНЬКА, што азначае МІХАЛ. Адсюль прозвішчы Мінько, Мінкевіч і г.д.
ВАЙЦЕХАЎШЧЫНА – ад мужчынскага імя ВОЙЦЕХ. Былы шляхецкі маёнтак (двор).
КУРЧОЎЦЫ (польск. — Kurczowce) – ад КУРЧЫЦЬ, КУРЧЫЦЦА – крывіць твар, выкрыўляцца. Адсюль прозвішча Курч.
ЖУКЕВІЧЫ – хутчэй за ўсё ад распаў­сюджаных прозвішчаў ЖУК, ЖУКЕВІЧ. А тыя, у сваю чаргу, а слова ЖУК. На Бераставіччыне ёсць некалькі вёсак з назвай Жукевічы.
(Працяг будзе)

Старонку падрыхтаваў
Сяргей ХІЛЮТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *