Прафесійны старт Аляксандра Бушыка

Лента новостей Общество

У кожнага з нас свая дарога. Кагосьці яна вядзе ў шумлівы горад, іншы аддае перавагу больш спакойным мясцінам, выбірае сельскае жыццё. Галоўнае – знайсці сваё месца, справу па душы, якая будзе прыносіць як маральнае, так і матэрыяльнае задавальненне, даваць свой плён. А калі чалавек здольны, мэтанакіраваны і адказны, такі як галоўны інжынер СВП “АграМір” Аляксандр Бушык, то ўсё ў яго, несумненна, атрымаецца.

Аляксандру 24 гады, ужо год ён працуе ў “АграМіры” пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Аб тым, што гаспадарка атрымала добрага спецыяліста, можа сведчыць і той факт, што ўніверсітэт Аляксандр закончыў з “чырвоным” дыпломам, у час навучання ён атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Прычым, разам з дыпломам па спецыяльнасці “праектаванне вытворчай сельскагаспадарчай тэхнікі” малады чалавек атрымаў яшчэ адзін – спецыяліста па кіраванні прадпрыемствамі АПК. Другую спецыяльнасць ён набыў паралельна на 4-5 курсе ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, які дзейнічае пры ўніверсітэце.
Сам Аляксандр з вёскі Канюхі Ваўкавыскага раёна, вясковай працы ніколі не баяўся, ужо са школьных гадоў працаваў у калгасе: 3 гады, пачынаючы з 8 класа, быў памочнікам камбайнера на ўборцы. Таму будучую прафесію выбіраў свядома, ведаючы спецыфіку сельскай гаспадаркі.
Аб тым, як трапіў у СВП “АграМір”, Аляксандр расказвае з усмешкай. Тут ужо, як кажуць, не ўгадаў. Маючы самы высокі бал, на камісію па размеркаванні ён заходзіў першым і мог выбіраць з усіх прапанаваных вакансій. Спыніў свой выбар на філіяле вядомага прадпрыемства “Малочны Мір”, размешчаным у райцэнтры. Аб тым, што гаспадарка не самая моцная, на той час малады спецыяліст не ведаў.
Вядома, не аб такім старце марыў Аляксандр, але за працу ўзяўся з усёй адказнасцю.
Першыя крокі ў прафесію аказаліся даволі складанымі. Пачынаў адразу інжынерам па ахове працы, толькі праз некалькі месяцаў заняў пасаду галоўнага інжынера, на якую і быў накіраваны.
Добра, калі малады спецыяліст трапляе ў вопытны калектыў, да людзей, якія на першых парах акажуць і падтрымку, і дапамогуць парадай. Аляксандру ў гэтым плане не зусім пашанцавала: кадры ў “АграМіры” часта мяняюцца, спецыялістаў не хапае, таму вучыцца на месцы давялося самастойна. Як аказалася, ведаў, набытых у навучальнай установе, недастаткова нават у выдатніка. Практыка з тэорыяй часта разыходзяцца, і трэба ўмець своечасова ўнесці карэктывы. Цяпер Аляксандр упэўнены, што будучым спецыялістам трэба даваць больш прыкладной навукі, і не абавязкова ў сценах ВНУ, а лепш за ўсё ў канкрэтных гаспадарках.
Тым не менш, малады чалавек настойліва ідзе наперад і ўпэўнены, што праблемы толькі загартоўваюць характар, а вопыт, набыты шляхам уласных спроб і памылак, — найбольш каштоўны.
Матэрыяльны бок сваёй пасады, у прынцыпе, Аляксандра задавальняе, малады спецыяліст атрымаў службовае жыллё ад гаспадаркі. Вось чаго не хапае, дык гэта вольнага часу. Працаваць часта даво-дзіцца без выхадных, асабліва ў такую гарачую пару, як цяпер. А хлопцу хацелася б і па-ехаць куды, сустрэцца з сябрамі, ды нават проста адаспацца.
Аляксандр з’яўляецца членам “Клуба дзелавых людзей” для маладых спецыялістаў, захапляецца камп’ютарамі, інтэрнэтам, любіць катацца на каньках і плаваць. І калі каток зімой часта наведваў, то з басейнам ужо складаней, яго ў нашым пасёлку вельмі не хапае.
У будучым Аляксандр хацеў бы заняцца ўласнай справай, арганізаваць свой бізнес.
А пакуль у яго яшчэ год абавязковай адпрацоўкі, які малады чалавек разлічвае выкарыстаць для таго, каб прынесці максімальны ўклад у справы гаспадаркі і набыць неабходны прафесійны вопыт.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *